Хочаце як у Беларусі? Нікарагуа масава ліквідуе грамадзянскія арганізацыі

Пратэсты супраць звальнення лекараў у 2018 годзе​ / confidential.com.ni
Пратэсты супраць звальнення лекараў у 2018 годзе​ / confidential.com.ni

Выбарчая кампанія ў Нікарагуа перад усеагульнымі выбарамі 7 лістапада надзіва нагадвае тое, што адбываецца ў Беларусі ці Расіі. Рэжым лідара Сандзінісцкага фронту Даніэля Артэгі, які вярнуўся да ўлады ў Нікарагуа ў 2007-м, метадычна зачышчае палітычную прастору. Так, на мінулым тыдні арыштавалі чарговага, ужо сёмага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Лік затрыманых журналістаў і актывістаў ідзе на дзясяткі, многія пакідаюць краіну.

Адначасова ўлады Нікарагуа ліквідуюць найбольш актыўныя грамадзянскія арганізацыі. 28 ліпеня дэпутаты Нацыянальнага сходу анулявалі прававы статус 24 няўрадавых арганізацый, сярод іх — 15 медыцынскіх асацыяцый, якія публічна крытыкавалі рэжым за яго метады барацьбы з пандэміяй каранавіруса.

Незалежнае нікарагуанскае выданне Confidencial апісвае працэдуру так. 22 ліпеня дэпутат ад кіраўнічай партыі (Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення) Філіберта Радрыгес вылучыў ініцыятыву прыняцця "Дэкрэта аб адмене прававога статусу некамерцыйных грамадзянскіх аб'яднанняў". Ідэя грунтавалася на справаздачы Міністэрства ўнутраных спраў Нікарагуа (Migob) аб тым, што гэтыя арганізацыі парушалі закон. Ініцыятыва тут жа трапіла ў парадак дня парламенцкай сесіі і ўсяго праз пяць дзён пасля вылучэння была ўхваленая дэпутатамі.

У тлумачальнай запісцы да дэкрэта было сказана, што НУА "ажыццяўлялі сваю дзейнасць па-за законам і дзейнічалі супраць закона, які адмяніў дзеянне папярэдніх актаў", тым самым перашкаджаючы працы па кантролі і наглядзе Дэпартамента МУС па рэгістрацыі і кантролі асацыяцый, які ёсць рэгулюючым органам. Паводле справаздачы МУС, гэтыя 24 арганізацыі "абезгалоўлены", таму што тэрмін працы іх кіраўнічых органаў скончыўся. Акрамя таго, іх абвінавачваюць у тым, што яны "на працягу некалькіх гадоў" не падавалі "дэталізаванай" справаздачы аб сваёй фінансавай дзейнасці, не раскрывалі звестак пра ўсіх сваіх донараў і бенефіцыяраў. "Яны не падалі дакументаў, якія сведчаць асобу, і дакументаў аб паходжанні сваіх пастаянных донараў; імёны і прозвішчы, пасведчанне асобы або пашпарт, дакладны адрас, месца жыхарства і нумар тэлефона", — гаворыцца ў справаздачы.

Увосень 2020 года ў Нікарагуа былі прынятыя некалькі законаў, якія рэгулююць дзейнасць няўрадавых арганізацый. Сярод іх — "Закон аб рэгуляванні дзейнасці замежных агентаў", які адсякае грамадзянскія арганізацыі ад замежнага фінансавання. Акрамя таго, супраць іх дзейнічае закон аб барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму (менавіта па ім ад НУА патрабуюць бясконцую справаздачнасць).

Хотите как в Беларуси? Никарагуа массово ликвидирует гражданские организации
Дэпутаты Нацыянальнага сходу Нікарагуа / акаўнт Нацыянальнага сходу ў фэйсбуку

"МУС зацягваў рашэнне па нашым пытанні"

Крыніца, звязаная з НУА, якім пагражалі, растлумачыла Confidencial, што некалькі арганізацый спрабавалі падаць дакументы ў міністэрства, але там кожны раз казалі, што не могуць прыняць рашэнне, таму што "файл знаходзіўся на аблічбоўцы". Калі ж "аблічбоўка" скончылася і дакументы ўдалося здаць, іх некалькі разоў вярталі назад з патрабаваннем унесці змены, і так адбывалася на працягу некалькіх месяцаў. У выніку некамерцыйныя арганізацыі вымушаныя былі заплаціць штраф.

"Яны заўсёды ўсё зацягвалі, не выдаючы нам сертыфікатаў [аб адпаведнасці закону. — Рэд.], каб трымаць вас у падвешаным стане і выбраць момант, каб прымяніць закон", — расказала крыніца, якая палічыла за лепшае ананімнасць праз страх рэпрэсій супраць сваёй арганізацыі.

Суразмоўца Confidencial заявіў, што закон аб дзейнасці замежных агентаў, ухвалены на падставе рэгулявання знешняга фінансавання, "прымяняўся яшчэ да таго, як ён быў ухвалены", таму што кожны раз, калі хтосьці прыходзіў з дакументацыяй, "яны вылучалі новыя патрабаванні" і нічога не прымалі. "Гэты modus operandi часцей ужываўся ў працы з нацыянальнымі НУА, чым з міжнароднымі", — пракаментаваў ён.

Медыцынскія асацыяцыі пацярпелі больш за ўсё

Сярод НУА, пазбаўленых прававога статусу, — 15 медыцынскіх асацыяцый, якія крытыкуюць рэжым за недастатковую барацьбу з пандэміяй каранавіруса. У "чорны спіс" трапілі, напрыклад, Нікарагуанская асацыяцыя пульманалогіі, Нікарагуанская асацыяцыя дыябетолагаў, Міжнародная асацыяцыя па абароне здароўя ў Нікарагуа, Нікарагуанская асацыяцыя анестэзіялогіі і рэаніматалогіі і гэтак далей.

Адначасова на лекараў ціснуць па лініі Міністэрства аховы здароўя. На гэтым тыдні, піша выданне, міністэрства выклікала трох незалежных лекараў у юрыдычнае ўпраўленне, дзе іх дапыталі ў сувязі з заявамі, якія яны зрабілі для сродкаў масавай інфармацыі наконт пандэміі COVID-19.

Да гэтых выклікаў у міністэрства віцэ-прэзідэнт Расарыа Мурылья публічна прыгразіла "непазбежнымі наступствамі" незалежным лекарам, якія апавясцілі насельніцтва аб паўторнай успышцы COVID-19. На афіцыйнай мове — лекарам, якія "тэрарызуюць людзей ілжывымі медыцынскімі прагнозамі, ілжывымі апытаннямі, ілжывымі навінамі". Улічваючы гэта, некалькі медыцынскіх работнікаў з'ехалі з краіны або адмянілі інтэрв'ю на гэту тэму.

Пераслед НУА

Меры МУС сталі часткай новага вітка ганенняў з боку дзяржавы супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці пасля таго, як у канцы 2018 года выканаўчая ўлада распарадзілася канфіскаваць аб'екты дзевяці з іх. НУА абвінавацілі ў падтрымцы дзяржаўнага перавароту — так улады называюць жорстка задушаныя пратэсты 2018 года, у выніку чаго, паводле звестак Міжамерыканскай камісіі па правах чалавека, загінулі 328 чалавек.

У канцы 2018 года Луіс Каньяс, намеснік міністра ўнутраных спраў, так абгрунтаваў закрыццё вышэйзгаданых устаноў: "Яны працавалі насуперак прынцыпам, па якіх яны былі (закліканы) працаваць: дзейнічалі па-за законам, спрабавалі змяніць наяўны парадак і ажыццяўлялі дзейнасць, якая не адпавядае іх мэтам і задачам, на падставе якіх ім і быў дадзены прававы статус", — сказаў ён афіцыйным СМІ.

У пачатку лютага 2021 года, пасля ўступлення ў сілу закона аб замежных агентах, Фонд Віялеты Барыяс дэ Чамора, які займаўся адстойваннем свабоды прэсы, і PEN-клуб Нікарагуа расказалі пра аўтарытарны характар рэжыму Артэгі — і вельмі хутка спынілі працу.

"Медиасеть" па матэрыялах Confidencial

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі