Іх норавы: знікненне Маска, перамога Турцыі і вялікая памылка аддзела кадраў

Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё

Уладзімір Пуцін не хоча бачыць Борыса Джонсана топлес, Турцыя хоча бачыць курдаў у Анкары, а Ілана Маска даўно не бачылі ў твітары.

А ўсе гэтыя навіны разам вы можаце ўбачыць толькі ў рэгулярных аглядах на Еўрарадыё.

Слухайце нас там, дзе вам зручна.

 

Турцыя атрымала, што хацела

Турцыя дазволіла НАТА прыняць у свае шэрагі Фінляндыю і Швецыю. Абедзве традыцыйна нейтральныя краіны заявілі, што адчуваюць сябе змушанымі далучыцца да ваеннага альянсу праз агрэсію Расіі ва Украіне.

Их нравы: исчезновение Маска, победа Турции и большая ошибка отдела кадров
Скандынавія / pixabay

Было адно "але", і гэта "але" — Анкара. Турцыя спачатку заяўляла, што адмаўляецца быць у адным альянсе з краінамі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Туркаў не задавальняла, што ў Скандынавіі знаходзяць сабе прытулак курды. Не ўсе курды, а тыя, якіх у Анкары лічаць тэрарыстамі. Дзеля справядлівасці, сярод іх — прадстаўнікі Рабочай партыі Курдыстана, якіх лічаць тэрарыстамі і на ўзроўні ЕС.

У траўні Турцыя адправіла запыт Швецыі і Фінляндыі. Ад скандынаваў патрабавалі экстрадыцыі 33 курдаў. Тады Анкары адказалі адмовай.

Але высветлілася, што паставіць інтарэсы курдаў вышэй за Турцыю ў НАТА цяпер не могуць. Са спасылкай на экспертаў CNN піша, што Турцыя сёння каштоўная для альянсу як ніколі. З пачаткам вайны ва Украіне яна стала ключавым буферам паміж Расіяй і Захадам.

У выніку Турцыя і скандынавы ўсё ж змаглі дамовіцца. Фінляндыя і Швецыя сказалі, што не прымаюць тэрарызм ва ўсіх формах. Турэцкае выданне Daily Sabah піша карацей: Турцыя атрымала, што хацела. А хацела яна курдаў.

Што гэта значыць для саміх курдаў? Хутка даведаемся. Deutsche Welle піша, што Турцыя плануе паўтарыць свой запыт і запатрабаваць выдаць ёй тых самых 33 курды.

 

Пуцін просіць не раздзявацца

Спачатку заходнія лідары на саміце "Вялікай сямёркі" высмеялі Уладзіміра Пуціна і яго фота топлес у вобразе не то моцнага лідара, не то проста мача. А цяпер Уладзімір Пуцін наносіць удар у адказ, піша ВВС.

Ён адзначыў, што яму было б "агідна" ўбачыць топлес  заходніх лідараў, якія высмейваюць яго. Ён прапанаваў сваім калегам адмовіцца ад алкаголю і больш займацца спортам.

Калі б не вайна ва Украіне, гэтая сварка магла б быць мілай, але пакуль нічога мілага ў адносінах Расіі з кім заўгодна няма.

 

Маск знік

Адэпты тэорыі змовы, у нас ёсць сёе-тое і для вас. Ілан Маск знік з твітара, заўважыў TJournal. Пачынайце будаваць тэорыі, таму што ў твітары ўжо пачалі.

Усё на самай справе падазрона. Маск настолькі любіў твітар, што хацеў яго купіць. І раптам перастаў пісаць пасты і нават праігнараваў віншаванні падпісчыкаў з днём нараджэння.

Их нравы: исчезновение Маска, победа Турции и большая ошибка отдела кадров
Ілан Маск / Steve Jurvetson

З 22 чэрвеня не з'яўлялася ні пастоў ад Маска, ні падабаек. Мінулы раз Маск знікаў з сацсеткі на чатыры дні, калі адрываўся ад твітаў на нараджэнне сына. Але тады ён папярэджваў, што часова выйдзе ў афлайн.

Хтосьці лічыць, што раптоўнае знікненне Маска пацвярджае, што ён стаў новым уладальнікам Twitter. Іншыя, наадварот, мяркуюць, што ў Маска фінансавыя праблемы.

Зрэшты, у апошнія два месяцы навін пра Маска было так шмат, што нават добра, што ён зладзіў гэты невялікі твітар-дэтокс. Турбуе толькі тое, што мы і пра гэта змаглі напісаць навіну.

 

Дзень заробку

Чыліец павінен быў атрымаць свой звычайны заробак у пяцьсот долараў. Але ў аддзеле кадраў яму раптам выдалі 180 тысяч долараў, расказвае выданне Oddity central. Гэта ў 286 разоў больш за заробак.

Схамянуліся хутка і папрасілі наступнай жа раніцай прыйсці ў банк і вярнуць усе лішнія грошы. Але чыліец, відавочна, вырашыў, што грошы зусім не лішнія. Так што раніцай ён патэлефанаваў на працу і сказаў, што ў банк не прыйдзе — праспаў.

А пасля наогул падаў заяву на звальненне — і знік. Кампанія ў паніцы, юрысты паднятыя на вушы, а чыліец, мабыць, лічыць, што аддзел кадраў усё ж нарэшце заўважыў яго заслугі. Проста аказаўся не гатовы ісці за свае ідэалы да канца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі