Іх норавы: прабачэнні ад паліцыі і расчараванне Нэтфлікса
Кароткі агляд сусветных навін. Магчымыя флэшбэкі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі мінулыя выходныя вы правялі за стрымам каранацыі Чарльза, то ў бліжэйшыя выходныя сачыце за выбарамі ў Турцыі. Але будзьце акуратныя — у беларусаў магчымыя флэшбэкі.
А калі няма часу сачыць за ўсімі падзеямі і выбарамі ў свеце — проста слухайце па пятніцах агляды сусветных навін ад Еўрарадыё, мы перакажам усё самае галоўнае.
Я не ведаю іншага прэзідэнта
"Калі Рэджэп Таіп Эрдаган зноў пераможа, жыццё стане кашмарам для ўсіх нас", — цытуе ВВС 23-гадовага Перыта, студэнта са Стамбула.
Калісьці ён правёў блізу двух месяцаў у адзіночнай камеры за ўдзел у акцыі пратэсту. Студэнт тады выказаўся супраць прызначэння праўрадавага дэкана.
Многія маладыя туркі ў гэтыя выхадныя ўпершыню пойдуць на выбары — яны не ведаюць іншага турэцкага лідара, акрамя Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Але Перыт лічыць, што пасля 20 гадоў кіравання Эрдагана надыйшоў час пераменаў.
Галоўны супернік Эрдагана на гэтых выбарах — кандыдат ад апазіцыі Кемаль Кылычдараглу. Яго падтрымліваюць многія апазіцыйныя групы. І менавіта мільёны маладых людзей лічацца самай вялікай групай тых, хто яшчэ не вызначыўся.
Не здзівімся, калі ў турэцкіх медыя ўжо выходзілі артыкулы: "Як жыве моладзь, якая ўжо нарадзілася пры Эрдагане". Калі вам здаецца, што ўсё гэта вы ўжо дзесьці бачылі — вам не здаецца.
Руку [не] падаць
А на Блізкім Усходзе пацяпленне. Дзяржаўныя медыя Саудаўскай Аравіі і Сірыі пішуць, што іх дыпмісіі адновяць працу, піша CNN. Гэта здарылася праз 10 гадоў пасля разрыву дыпадносін.
За тры дні да гэтага Сірыю паўторна прынялі ў Лігу арабскіх дзяржаў, хоць Злучаныя Штаты неаднаразова патрабавалі не спыняць ізаляцыю рэжыму Башара Асада. Гэты рэжым Вашынгтон лічыць вінаватым у гібелі больш за 300 тысяч мірных жыхароў у выніку грамадзянскай вайны.
Аналітыкі лічаць, што вяртанне Сірыі ў Лігу можа пракласці шлях да рэабілітацыі Асада на міжнародным узроўні. І, магчыма, да зняцця санкцый супраць яго рэжыму.
Нэтфліксу б спадабалася, але не спадабалася
Калі ж выйдзе новы сезон вашага любімага серыяла? Не здзівімся, калі вы не дачакаецеся яго ў час. У ЗША бастуе Гільдыя сцэнарыстаў. Сярод іншых страйкуюць і сцэнарысты папулярнага серыяла "Last of us".
Variety піша, што гэты страйк справакуе найбуйнейшае спыненне галіны з часоў COVID-19. Форбс пераказаў патрабаванні пратэстоўцаў. Калі коратка: павысіць мінімальныя ганарары, павялічыць унёскі на медстрахоўку і ў пенсійны фонд, выразней акрэсліць стаўленне да выкарыстання ШІ у напісанні сцэнарыяў — да прыкладу, ChatGPT.
Пікеты прайшлі, напрыклад, перад штаб-кватэрай Netflix у Лос-Анджэлесе, расказвае New York Times. Каб вы разумелі, як усё маштабна, дададзім, што ў аўторак у падтрымку пратэстоўцаў там выступаў гурт Imagine Dragons.
З аднаго боку, чакаць новага сезона дольш, чым ты быў гатовы — заўжды непрыемна. З іншага боку, заўжды прыемна, калі хтосьці можа абараніць свае правы.
Успрымайце гэты страйк як новы серыял: там будуць і цікавыя сюжэтныя павароты, і, магчыма, перамога прафсаюзаў над капіталізмам. Каб гэта быў сцэнарый, а не рэальнасць, Нэтфліксу б такое спадабалася.
Іх норавы
Прыхільніцу каралеўскай сям'і, аўстралійскую архітэктарку з Лондана Эліс Чэмберс затрымалі, расказвае The Guardian. А яна ўсяго толькі хацела пабачыць караля — і выпадкова апынулася побач з групай пратэсту эка-актывістаў Just Stop Oil.
Здавалася б — нічога новага для беларусаў у гэтай гісторыі няма. Ты гуляў, табе насустрач ішла калона пратэстоўцаў — і цябе забралі ў РАУС. Ну, ці па-ангельску — "ва ўчастак".
“Калі мяне арыштавалі, я неаднаразова спрабавала патлумачыць паліцыі, што не маю дачынення да пратэстоўцаў. Я дала свае асабістыя звесткі, але ўсё роўна мяне затрымалі на 13 гадзін", — расказвала пазней архітэктарка.
"І як вам іх норавы?" — сказала б беларуская прапаганда. А вось, чаго беларуская прапаганда не казала б: у выніку паліцыя не проста адпусціла прыхільніцу каралеўскай сям'і — але і выбачылася перад ёй. Гэтыя прабачэнні апублікавалі найбуйнейшыя брытанскія медыя — да прыкладу, The Guardian.
А многія палітыкі раскрытыкавалі паліцыю, якая на іх думку наогул не павінна была так рэзка рэагаваць нават на тых, хто сапраўды пратэставаў. Дэпутаты паабяцалі ўважліва вывучыць, як і чаму праводзіўся арышт антыманархістаў.
Не слухайце, калі вам будуць расказваць пра "іх норавы" па тэлевізары. Чытайце рубрыку "Іх норавы" на Еўрарадыё — ці слухайце нас на любой зручнай платформе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.