Ініцыятыва пра перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі ідзе ад літоўцаў

Фота ru.delfi.lt
Фота ru.delfi.lt

Ініцыятыва пра перапахаванне знойдзеных у Вільні парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі ідзе з літоўскага боку. Апублікаваны 24 верасня зварот беларускай інтэлігенцыі наконт гэтага з'явіўся пасля таго, як літоўскі філосаф Гінтаўтас Мажэйкіс папрасіў аб гэтым беларускага метадолага Уладзіміра Мацкевіча. Пра гэта Мажэйкіс расказаў у эфіры Еўрарадыё:

"Гэты ліст з беларускага боку, тое, што ён з'явіўся, ініцыявалі некалькі... Напрыклад, беларускі бок ведаў пра гэта, падтрымліваў, але ніякі ліст не рыхтаваўся. Але паколькі літоўскі Сейм так і не прымаў рашэнне да канца, то я і пару маіх знаёмых звярнуліся да беларускага боку, каб яны напісалі такі афіцыйны ліст. Усе пытанні пакуль вырашаюцца на ўзроўні грамадзянскіх актывістаў — не на ўзроўні ўрада. А гэта значыць, што нічога яшчэ не вырашана".

Па словах Мажэйкіса, зварот складалі некалькі чалавек. Адзін з аўтараў — філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. На думку філосафа, перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі — гэта прадуманы і прагматычны крок.

"Гэта крок добрай волі з боку разумных літоўскіх палітыкаў, каб нармалізаваць адносіны паміж Літвой і Беларуссю і дапамагчы Беларусі ў барацьбе з расійскім аншлюсам, — сказаў Еўрарадыё Уладзімір Мацкевіч. — Бо калі афіцыйна Беларусь прызнае Каліноўскага сваім героем, дасць згоду на перапахаванне часткі праху ў Мінску, то гэта будзе знак, што мы цэнім незалежнасць, цэнім змагароў за гэтую незалежнасць. Каліноўскі тут знакавая і вельмі праблемная фігура, паколькі ў савецкі час з яго ляпілі класавага змагара супраць самадзяржаўя, за сялянскія праблемы. Каліноўскі змагаўся за Беларусь і быў першым змагаром-ліцвінам, які стаў лічыць сябе беларусам. Пра гэта кажа і газета, якую ён стварыў, і звароты, якія ён рабіў да сялян на беларускай мове і гэтак далей... Гэта знакавая фігура ў дачыненні да Беларусі ў барацьбе за незалежнасць ад Расіі".

24 верасня прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да літоўскага народа з просьбай перапахаваць у Беларусі парэшткі Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя на гары Гедыміна ў Вільні. Па звестках Еўрарадыё, зварот перададзены ў Сейм Літвы.

"Мы разумеем, што вы... таксама расцэньваеце Канстанціна Каліноўскага як свайго героя. — пішуць аўтары звароту. — Мы разумеем і паважаем ваша імкненне да таго, што пахаванне Канстанціна Каліноўскага павінна знаходзіцца ў адмысловым месцы — пантэоне змагароў за свабоду. Такое месца патрэбна і нам, беларусам. Мы лічым, што нашага нацыянальнага героя... варта пахаваць у Беларусі, і просім літоўскі народ разгледзець такую магчымасць".

Аўтары звароту лічаць, што перапахаванне Каліноўскага ў Беларусі ў час, калі існуе пагроза дзяржаўнай незалежнасці, "стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Радзіму, свой народ і як трэба за іх змагацца". Сярод дзясяткаў падпісантаў — нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня ТБМ Алена Анісім, пісьменнік Уладзімір Арлоў, галоўны рэдактар ​​Еўрарадыё Павел Свярдлоў, музыкант Лявон Вольскі, спартсмен Віталь Гуркоў. Подпісы працягваюць збіраць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі