Калі не чытаць CNN — не страшна: беларусы з Украіны расказалі пра планы на дзень
Хтосьці сёння плануе пайсці на ёгу, да стаматолага або паехаць паглядзець Адэсу. А нехта яшчэ ўчора выехаў з Кіева / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Мы распыталі беларусаў ва Украіне пра трывогі і планы на дзень. Той самы дзень, на які медыя на мінулым тыдні анансавалі маштабныя ваенныя дзеянні.
Бадай, упершыню ў гісторыі нам прапаноўвалі весці зваротны адлік да пачатку вайны. Спярша нямецкі Spiegel са спасылкай на амерыканскія спецслужбы анансаваў расійскае ўварванне ва Украіну на 16 лютага. Праўда, пасля Пентагон не змог пацвердзіць гэтую інфармацыю і выкарыстаў больш абстрактную фармулёўку: маўляў, усё можа пачацца ў любы дзень.
Ці ведаюць беларусы, дзе найбліжэйшае бамбасховішча? Ці ўспрымаюць пагрозу сур'ёзна? Што страшнейшае — раптоўны ператрус або раптоўныя баявыя дзеянні? І хто больш панікуе: суседзі-кіяўляне, сябры за мяжой або медыя?
Аляксандр, айці-спецыяліст: панікуюць толькі сябры, якія жывуць не ва Украіне
Аляксандр пераехаў у Кіеў каля года таму. Кожны дзень ён ходзіць на ёгу — і там ніхто не гаворыць пра вайну. Напярэдадні нашай размовы ён прыслухоўваўся да размоў людзей на вуліцах — і на вуліцах таксама ніхто не гаварыў пра вайну.
Пра вайну ён чуе, калі адкрывае СМІ або стэлефаноўваецца з мамай. Мама лічыць, што Аляксандру пара падумаць пра пераезд.
— Я не магу быць упэўнены на сто адсоткаў, але мне хочацца верыць, што вайны не будзе. Не, я не магу сказаць, што зусім не турбуюся, часам мне на самай справе становіцца трывожна — але часцей пасля таго, як я пачытаю СМІ.
У навінах бачыў, што ўжо ў кожным раёне Кіева правялі вучэнні і кожны жыхар ведае, дзе яго бамбасховішча. Я — не ведаю. Я чытаю, што хтосьці ўжо запасаецца прадуктамі на тыдзень наперад, хтосьці купляе квіткі.
Пасля таго як мне ўсе пачалі задаваць пытанні пра "план Б", я вырашыў апытаць сваіх сяброў тут, у Кіеве. А ці ёсць план у іх? Мяне назвалі панікёрам. Адна мая сяброўка з Беларусі збіраецца ехаць у Адэсу — мяркуючы па навінах у СМІ, гэта наогул патэнцыйна самая гарачая кропка. Сябар сказаў, што ні пра што не турбуецца. Праўда, заўтра на ўсякі выпадак паедзе з Кіева ў Львоў і прабудзе там да канца расійска-беларускіх вучэнняў.
У мяне пакуль наогул няма ніякага "плана Б". Напэўна, калі нешта пачнецца, я проста збяру рэчы і таксама паеду ў Львоў. Нават калі будзе эскалацыя, не думаю, што ў першы ж дзень пачнуць бамбіць жылыя кварталы Кіева — час на пераезд будзе.
Учора я гуляў у раёне набярэжнай і прыслухоўваўся да размоў мінакоў. Я ні разу не пачуў слова "вайна". Кожны дзень я хаджу на ёгу і там таксама ні разу не чуў, каб падымалася тэма вайны. Нават калі людзей гэта турбуе, уголас яны пра гэта не гавораць, не падсілкоўваюць панічныя настроі.
Са змен — мне здаецца, што ў Кіеве на вуліцах стала больш міліцыі. Дзяжураць на кожнай станцыі метро. Заўважыў яшчэ адну змену. Раней, калі я звяртаўся да ўкраінцаў на рускай або беларускай мовах, яны часта пераходзілі на рускую. А цяпер — не. Але, можа, мне здалося.
Панікуюць мае сябры і сваякі, якія знаходзяцца не ва Украіне. Мая мама кожны тыдзень кажа, што мне трэба кудысьці выехаць з Кіева. Тэлефануюць сябры з Варшавы і пытаюцца, чаму я дагэтуль сяджу тут.
Сябар расказваў пра свайго калегу-ўкраінца, які браў тыдзень адпачынку, каб прыехаць з Варшавы ў Кіеў і перавезці сям'ю ў Карпаты.
Адным словам, мне здаецца, што настроі па-за краінай больш нервовыя, чым тут, у Кіеве.
Якія планы на сераду? Прачнуся і пайду на трэніроўку па ёзе. Квіток з Кіева я сабе яшчэ не купляў.
Вадзім Заміроўскі, фатограф: у маім асяроддзі акопаў не капаюць
Вадзім жыве ў Кіеве паўгода. Карту бамбасховішчаў ён не вывучаў, таму што не ўяўляе сабе сітуацыі, пры якой яму можа спатрэбіцца бамбасховішча.
Зрэшты, дзе знаходзіцца найбліжэйшае, ён ведае: у беларускім бары "Торвальд". На гэтым падрыхтоўка Вадзіма да анансаванай вайны заканчваецца — у сераду ён едзе ў Адэсу. Не каб паглядзець на рускія танкі, а каб адпачыць.
— Учора многія сябры пісалі: як ты, што ты? Я спакойны, мне не трывожна. Вядома, усё гэта нагнятанне зусім ужо пакінуць абыякавым не можа. Але ў цэлым я зусім спакойны, як і большасць маіх калег, да меркавання якіх я прыслухоўваюся. У маім коле ні ўкраінцы, ні беларусы акопаў не капаюць.
Для мяне відавочна, што ніякай наземнай аперацыі не будзе. Для чаго? Ад гэтага ніхто не выйграе. Кіеў — гэта не Крым, не атрымаецца паўтарэння гісторыі. Вось кібератакі, адключэнне інтэрнэту і электрычнасці я сабе ўявіць магу. А сітуацыю, пры якой мне спатрэбілася б бамбасховішча, — не.
У Кіеве нічога не змянілася. А вось на эканоміцы гэта нагнятанне, мяркую, адаб'ецца. Дастаткова таго, што некаторыя самалёты над Украінай ужо не лётаюць. Па "Флайтрадары" відаць, што цяпер над Украінай лётае менш самалётаў, чым раней.
Можа быць, тыя, хто спешна пакідае Украіну, нешта і ведаюць? Наколькі я ведаю, некаторыя рэдакцыі з Украіны выехалі. Чаму самі ўкраінцы такія спакойныя? Напэўна, яны прывыклі, таму што вайна, калі на тое, ідзе ўжо восем гадоў.
Якія планы на сераду? Еду з сябрамі ў Адэсу.
Кацярына, тату-майстар: сёння ноччу мы з'ехалі з Кіева дадому
Калі мы спісаліся з Кацярынай, яна якраз заканчвала збіраць рэчы. Сёння яна знаходзіцца ўжо за межамі Кіева. Пераезд у горад і ад'езд з яго — усё гэта адбылося на працягу аднаго года. Часткова гэта звязана з трывожнымі навінамі ў медыя, часткова — з агульнай няпэўнасцю.
— Я з'ехала з Мінска са сваім маладым чалавекам колькі часу таму. Мы пераехалі не таму, што нам нешта наўпрост пагражала. Але ўся навакольная абстаноўка падштурхоўвала да думкі пра пераезд.
У кампаніі, у якой працуе мой малады чалавек, ёсць офісы ў Кіеве, Санкт-Пецярбургу, на Кіпры. Мы выбралі для пераезду Кіеў — літаральна на працягу пары дзён сабралі дакументы, рэчы і пераехалі.
Мне было крыху складаней, чым яму: я пакідала ў Мінску працу, усіх людзей, з якімі былі сувязі. У Кіеве не было нічога, давялося пачынаць усё нанова. Шукаць тату-салон, шукаць новых кліентаў, спрабаваць уліцца ў кола людзей, якія цікавяцца татуіроўкамі.
Людзі, з якімі мы размаўлялі — а гэта і жыхары Кіева, і беларусы, — ацэньвалі пагрозу па-рознаму. Хтосьці казаў, што хоча ў найбліжэйшай будучыні з'ехаць з Украіны, хтосьці — што трэба перабірацца ў Львоў, каб перачакаць напружаны час. А некаторыя ўкраінцы казалі, што жывуць у такіх абставінах з 2014 года, так што можна ні за што не перажываць і працягваць жыць.
Я магла б атрымаць ПМЖ ва Украіне. Мы пачалі назіраць, як развіваецца сітуацыя, ці не пагоршыцца яна або, наадварот, усё сціхне. Тым часам становішча яшчэ больш абвастрылася. Маладому чалавеку пачалі паступалі прапановы: давайце перавядзём вас у Ваўкавыск, Давайце перавядзём вас у Львоў, каб адтуль вы змаглі спакойна выехаць у Еўропу.
Але мы стаміліся ад беганіны: незразумела, ад чаго, незразумела куды. Жыць у Кіеве даражэй, чым у Мінску. Легалізавацца трэба на працягу паўгода. Абставіны трывожныя. І ў выніку проста сабралі ўсе свае рэчы і паехалі дадому. Нам не хацелася проста так бегаць з горада ў горад, з краіны ў краіну. Усё гэта далося нялёгка, былі нервы, слёзы. Але не бачылі іншага выйсця, таму давялося быць мабільнымі.
У Кіеве ёсць тыя, хто наогул не панікуе. Пры гэтым тут вывешваюць план эвакуацыі горада, каб ты ведаў, дзе знаходзяцца бамбасховішчы. А на вуліцах раздаюць флаеры, як абараняць горад. А дзесьці грошы ва ўкраінскае войска збіраюць. Гэта наогул не стыкуецца са спакойным жыццём.
Калі мы выязджалі з горада, убачылі, што ў Кіеў едзе вайсковая тэхніка. Зразумелая рэч, у горадзе яе не ўбачыш. Але калі мы сустрэлі гэтую тэхніку, падумалі, што прынялі правільнае рашэнне з'ехаць.
З аднаго боку, з'язджаць было цяжка — маўляў, атрымліваецца, дарма прыехалі. Але мы пажылі ў новым горадзе, пакамунікавалі з людзьмі — гэта ўжо добра. Атрымалі досвед міні-пераезду, на час вярнуліся дадому — а цяпер рыхтуемся да больш маштабнага пераезду ўжо ў іншую краіну.
Якія планы на сераду? Сёння мы вярнуліся дадому.
Арцём Ставер, рэжысёр, музыкант: трывога ўзмацняецца, калі чытаеш CNN
Арцём прыехаў у Кіеў год таму. Са сваімі сябрамі ў Беларусі і Польшчы ён наогул не размаўляе пра вайну. Але калі чытае еўрапейскія СМІ, не думаць пра яе становіцца складаней. Калі трывога ўзмацняецца, можна пераключыцца на ўкраінскія СМІ або паслухаць Зяленскага — гэта крыху супакойвае. "Плана Б" у Арцёма няма.
— Інфармацыйнае поле, у якім мы жывём, так ці інакш уплывае на тваё ўспрыманне. Часам здаецца, што ў медыя нагнятаюць сітуацыю наўмысна. І калі ты паддаешся, трывога ўзмацняецца.
Хто нагнятае? Усе, каго мы чытаем: "Радыё Свабода", CNN, Deutsche Welle. Ну як можна прапусціць навіну пра тое, што Пентагон кажа: 16 чысла, па іх выведзвестках, пачнецца вайна. З украінскіх медыя я чытаю Hromadske — там усё падаецца больш-менш спакойна, панікі не разводзяць, сухія навіны.
Учора звярнуўся да ўкраінцаў Зяленскі. Калі коратка: сказаў, што мы ўсе адзіныя і ўсё добра, у нас здаровая эканоміка і ўсе пытанні мы вырашаем з дапамогай дыпламатыі, але калі што — рыхтуйцеся. У нейкім сэнсе гэтая прамова надала спакою. Але сказаць "ну ўсё, вайны не будзе, разыходзімся" я не магу.
Пагроза вайны ёсць, ёсць войскі, сканцэнтраваныя на мяжы Украіны. Ёсць трывога ад таго, што незразумела, што будзе. Я — дый многія мае знаёмыя — магчымасць вайны ацэньваем як "50 на 50". Але запаснога плана ў мяне няма.
Я не вельмі шмат кантактую з беларускай дыяспарай. Ведаю, што хтосьці ўжо паклаў у сумку дакументы, 15 бляшанак кансервы, цыгарэты і бутэльку гарэлкі на ўсялякі выпадак, як валюту. Я нічога такога не рабіў.
Мае знаёмыя за мяжой на сітуацыю рэагуюць спакайней, чым тыя, з кім маю зносіны ў Кіеве. Калі мне тэлефануюць сябры з Беларусі ці з Польшчы, мы нават не гаворым пра гэта.
Якія планы на сераду? Я буду сядзець дома і мантаваць відэа, якое ў мяне заказалі, а ўвечары пайду лячыць зубы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.