Куды знікаюць фільмы Нацыянальнага конкурса "Лістапада"?
Нацыянальны конкурс на кінафестывалі "Лістапад" традыцыйна адкрывае новыя імёны і выяўляе лідараў у маладым беларускім кіно. Праўда, фільмы-пераможцы конкурса ― "Беларускі псіхапат" Мікіты Лаўрэцкага, "Госці" Андрэя Куцілы ці мульцік "Пра вала" Яўгена Надтачэя ― у адрозненне ад замежных "лістападаўскіх" стужак вядомых рэжысёраў у мінскіх кінатэатрах пакуль не круцяць. Тым часам, сталічны Кінавідэапракат працуе цяпер над праектам... "Дні Беларускага кіно", дзе будзе акурат паказваць фільмы Нацыянальнага конкурса.
"Мы разглядаем гэты праект ― "Дні беларускага кіно". Але ён не адбудзецца ў гэтую секунду, бо ўвесь рэпертуар звярстаны да снежня і падпісаны ў Мінгарвыканкаме", ― рапартуюць у аддзеле рэпертуарнага планавання ўстановы.
Аднак ёсць і выключэнні: "ГараШ" Андрэя Курэйчыка, абяцае рэжысёр, з'явіцца ў пракаце па-за межамі "Дзён беларускага кіно" ў Беларусі:
"Попыт быў вялікі, і нам прапанавалі такую магчымасць. Бо не было квіткоў на многія сеансы "ГараШа" падчас "Лістапада", таму мы спадзяемся яго паказаць яшчэ і ў Мінску, і ў іншых гарадах. Гэта, дарэчы, магчымасць праверыць, наколькі беларускі глядач гатовы хадзіць у кінатэатры на беларускае кіно".
Літаральна сёння Курэйчык вылятае ў Страсбург, дзе чакаецца еўрапейская прэм'ера "ГараШа". А пасля пракату ў Беларусі стужку можна будзе паглядзець у інтэрнэце.
Таксама сёння з'язджае ў Познань на міжнародны кінафестываль "Off Cinema" і аўтар "Лепшага дакументальнага фільма" па выніках "Лістапада-2015" Андрэй Куціла. Па яго словах, "Госці", знятыя па замове польскага грамадскага тэлебачання, ужо былі паказаныя на польскіх тэлеканалах. Некаторы час стужка знаходзілася ў вольным доступе ў інтэрнэце, але цяпер яна заблакаваная праваўладальнікамі з-за ўдзелу ў фестывалях:
"Патрабаванне большасці міжнародных сур'ёзных фестываляў ― каб фільм не быў дасяжны ў інтэрнэце, таму што ў іншым выпадку да яго не будзе належнай увагі з боку гледачоў. Калі фільм не мае патэнцыялу і не збіраецца ўдзельнічаць у фестывалях, то ён можа адразу выкідвацца ў інтэрнэт", ― тлумачыць Куціла.
На думку Андрэя, у пракаце фільм можа быць паспяховым толькі ў тым выпадку, калі палову ад яго бюджэту аддаць на рэкламу ці распіярыць яго так, як зрабіў гэта Андрэй Курэйчык. На дакументальнае кіно таксама можна сабраць гледача, але мусіць быць яшчэ і адпаведная, лёгкая тэма, цікавая для ўсіх, што не скажаш пра фільм "Госці", дзе распавядаецца пра бяздомных людзей.
"Проста ў сваёй большасці беларусы не вераць, што дакументальнае кіно можа быць цікавейшым, чым ігравое, у ім больш актуальнасці і рэальнага жыцця, ― працягвае Куціла. ― Да гэтага пакуль людзі ў большасці не дараслі. Таму, калі казаць пра пракат дакументалістыкі, гэта справа не сённяшняга і не заўтрашняга дня".
Апроч інтэрнэта, дзе добра сябе адчувае беларускае дакументальнае кіно, прыгадвае Куціла, ёсць яшчэ тэлеканал Беларусь 3, які часам апроч тэлевізійных дакументальных фільмаў (то бок, зробленых па замове тэлебачання) паказвае стужкі класічнага жанру выбітных майстроў беларускай дакументалістыкі ― Віктара Аслюка, Галіны Адамовіч і іншых.
Праўда, мінулагодняя прызёрка Нацыянальнага конкурсу Анастасія Мірашнічэнка, якая зняла дакументальны фільм "Перакрыжаванне" пра бяздомнага гомельскага мастака Валерыя Ляшкевіча, перакананая, што глядзець тэлеканал Беларусь 3 з яго дакументалістыкай проста няма каму:
"У нас няма культуры любові да дакументальных фільмаў, а масавыя прагляды адбываюцца толькі на "Лістападзе". На сёлетнім фэсце было каля пяці стужак-лідараў сезона 2014-2015 года. Была шыкоўная праграма, быў "Тота і яго сёстры"! А што мы бачылі? Вечаровы паказ у "Міры" праходзіць пры поўнай зале, а на дзённыя сеансы добра, калі набіраецца чалавек 15! І гэта пры тым, што ў Варшаве на дакументальныя фільмы квіткі размятаюць за месяц".
"Перакрыжаванне" ― адзіны фільм-пераможца мінулага Нацыянальнага конкурсу, які на слыху быў цэлы год. Мала таго, што ён удзельнічаў ва ўсемагчымых еўрапейскіх конкурсах і фестывалях, правы на яго паказ набылі французскі тэлеканал ART, шведскі SVT, расійскі канал "Расія-Культура".
"Напрыклад TV-канал "Расія-Культура" плаціць менш, чым шведскі або французскі тэлеканал за паказ "Перакрыжавання", але ў іх такая велізарная аўдыторыя гледачоў! Ты разумееш, для чаго і навошта ты ім прапануеш свой фільм", ― рэзюмуе Анастасія і кажа, што ў бліжэйшай будучыні чакаць яе фільм у інтэрнэце не варта.
Робіць рассылку па кінафэстах і Мікіта Лаўрэцкі, атрымальнік прыза за "Лепшы ігравы фільм". Па гэтай жа прычыне "Беларускага псіхапата", у якім крытыкі бачаць ранняга Джыма Джармуша, паглядзець у інтэрнэце магчымасці няма. Рэжысёр таксама напісаў ліст дырэктару Кінавідэапраката Васілю Коктышу, у якім прапаноўвае сваё кіно для паказу ў кінатэатрах. Аднак адказу Лаўрэцкі пакуль не атрымаў.
Дарэчы, з мінулагодніх фільмаў-пераможцаў Нацыянальнага конкурсу Еўрарадыё адшукала ў інтэрнэце толькі дакументальную стужку Халімы Хасанавай "Афганісатн. Я памятаю" і мультфільм "Ронда-Капрычыёза" Ігара Воўчака.
Фота: bel.sputnik.by