Курыя Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі: падаткі на Чырвоны касцёл несправядлівыя
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з заявай наконт запазычанасці парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску.
Як распавядала Еўрарадыё, пасля рэстаўрацыі Чырвонага касцёла ў яго раптам выявілася запазычанасць амаль у 160 тысяч рублёў. Гэта выдаткі на амартызацыю, зямельны падатак і г.д.
У сваёй заяве курыя нагадвае, што касцёл быў пабудаваны ў 1910 годзе, у 1932-м яго зачынілі. Спярша ў будынку быў Дзяржаўны польскі тэатр БССР, потым — Дом кіно.
"У 1990 годзе будынак касцёла быў перададзены католікам у бязвыплатнае карыстанне без перадачы яго ва ўласнасць парафіі, што мы лічым несправядлівым рашэннем, бо ён быў пабудаваны католікамі і павінен ім па праве належаць", — падкрэсліваюць у курыі.
Каталіцкі клір пералічвае, што зрабілі вернікі для аднаўлення будынка касцёла і парафіяльнага дома:
"выканана ўнутранае пераабсталяванне касцёла са зносам міжпаверхавых перакрыццяў, унутраных сценаў і перагародак і аднаўленнем яго перашапачатковага выгляду;
здзейснена замена даху касцёла і парафіяльнага дома металадахоўкай;
адлітыя і ўсталяваныя на вежах і іншых элементах касцёла 9 бронзавых і 2 жалезныя крыжы;
нанава пабудаваныя падвальныя памяшканні з канферэнц-залай, класамі для катэхізацыі дзяцей і бібліятэкай;
выканана пакрыццё падлогі залы для набажэнстваў, галерэі, падвальных памяшканняў з граніту і мармуру агульнай плошчай 1000 кв.м;
зроблены 5 алтароў з ружовага мармуру;
спраектаваны і адліты з бронзы цэнтральныя ўваходныя дзверы;
заменены вокны апсіды (трохпавярховай прыбудовы да будынка касцёла);
усталяваны ўваходныя бакавыя дзверы ў будынак касцёла;
адрэстаўраваны вітражы будынка касцёла, галерэі і галоўнай вежы;
двойчы выканана добраўпарадкаванне асфальтавым пакрыццём прылеглай тэрыторыі вакол комплексу будынкаў плошчаю больш за 700 кв.м;
узведзена гранітная падпорная сценка па перыметры тэрыторыі комплексу будынкаў, а таксама парадныя сходы з чырвонага граніту да цэнтральнага ўваходу ў будынак касцёла з боку плошчы Незалежнасці;
у 1996 г. перад касцёлам была ўсталявана скульптура Арханёла Міхала, а ў 2000 годзе — помнік "Звон Нагасакі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.