Лукашэнка катэгарычна супраць легалізацыі “жульніцкай дзейнасці” (відэа)
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў стварэнне ў Беларусі інстытута падатковых кансультантаў. У пятніцу ён сустракаўся з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам ды разглядаў праект указу “Аб падатковым кансультаванні”. Як вядома, гэты дакумент накіраваны на ўкараненне прафесійнага інстытута пасярэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Ён мусіць спрыяць развіццю прадпрымальніцтва ў нашай краіне.
Лукашэнка выказаў заклапочанасць “карупцыйнымі рызыкамі” і прапанаваў правесці адпаведную экспертызу. “У нас ёсць падатковыя інспекцыі, якія так ці інакш штосьці падказваюць, кансультуюць, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Каб мы не легалізавалі платную дзейнасць вашых падначаленых, і яны за гэта яшчэ будуць грошы браць, а пасля забудуць, што людзі дзяржаўныя, што трэба на дзяржаву працаваць. А пойдуць за грошы кансультаваць, яшчэ падштурхоўваць, прапіхваць кагосьці, і мы вось такім чынам легалізуем гэтую жульніцкую дзейнасць”.
Пасля сустрэчы Сяргей Налівайка паведаміў, што па ўсіх аспектах новаўвядзення, якія выклікалі ў Лукашэнкі сумненні і насцярожанасць, ён даў дадатковыя тлумачэнні. Напрыклад, пра тое, што дадатковыя затраты бюджэтных сродкаў не спатрэбяцца. У ВНУ новая спецыяльнасць уведзена не будзе. Падатковым кансультантам змогуць стаць юрысты, бухгалтары, адвакаты. У бліжэйшай перспектыве атэстоўваць гэтых спецыялістаў будзе Палата падатковых кансультантаў. Міністр адзначыў, што ў адпаведнасці з праектам указу на падатковых кансультантаў ускладаецца поўная матэрыяльная адказнасць за якасць і вынік іх дзейнасці. Магчымыя рызыкі прычынення шкоды падлягаюць абавязковаму страхаванню. Гэта якраз і будзе адрозніваць падатковых кансультантаў ад аўдытараў і юрыстаў, якія на сённяшні дзень абслугоўваюць суб’екты гаспадарання. Зварот да падатковых кансультантаў будзе мець добраахвотны характар, адзначае БЕЛТА.