Малкалм Янг пакідае AC/DC з-за цяжкой хваробы
Каманда збіраецца працягнуць канцэртую дзейнасць і спадзяецца сыграць 40 канцэртаў з нагоды 40-годдзя гурта разам з Янгам-старэйшым.
Гітарыст AC/DC Малкалм Янг заявіў, што ў сувязі з хваробай на некаторы час пакідае гурт. Пра гэта паведамляецца ў сацыяльных сетках і на сайце аўстралійскай каманды. Таксама ўдакладняецца, што гурт будзе працягваць выступы. Сам Янг-старэйшы, адзін з заснавальнікаў легендарнага калектыву, выказаў словы падзякі прыхільнікам ва ўсім свеце за "іх бясконцую любоў і падтрымку".
Нагадаем, надоечы вакаліст гурта Браян Джонсан абверг інфармацыю пра распад гурта праз хваробу гітарыста Малкалма Янга, якую распаўсюдзіла аўстралійская прэса.
"Мы абсалютна дакладна едзем у Ванкувер у траўні, — сказаў Джонсан у інтэрв'ю Telegraph. — Возьмем гітары, разал'ем плонк і прыкінем, ці ёсць у нас ідэі для новых песень. Калі нешта атрымаецца, мы гэта запішам".
У любым выпадку, AC/DC па-ранейшаму плануюць даць 40 канцэртаў па ўсім свеце з нагоды свайго 40-годдзя.
"Гэта быў бы цудоўны спосаб развітацца, — мяркуе Джонсан. — Мы б з задавальненнем так зрабілі. Але цяпер усё знаходзіцца ў падвешаным стане".
Пра дыягназ Малкалма Янга не паведамляецца. Аднак, па чутках, гаворка ідзе пра хваробу Альцгеймера. Паводле аўстралійскіх журналістаў, 61-гадовы музыка з цяжкасцю запамінае і пазнае твары і пакутуе ад стратаў памяці. Іншыя крыніцы лічаць, што гітарыст хворы на рак мозга.
Фота: therockrevival.com