Майра Мора: Прэзідэнт даў зразумець — вызваленне палітвязняў працягнецца

110921 Eurafokus_0.mp3

Пра гэта заявіла на сустрэчы з журналістамі кіраўніца прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі амбасадар Майра Мора. Учора яна перадала кіраўніку Беларусі свае даверчыя граматы.

Майра Мора: “Мы вітаем нядаўнія крокі беларускага кіраўніцтва, скіраваныя на тое, каб выпусціць зняволеных палітыкаў і актывістаў апазіцыі. І спадзяемся, што яны будуць на волі ў найбліжэйшым будучым. Еўрапейскі саюз не можа разглядаць магчымасць любога руху пакуль не будуць адпушчаныя ўсе палітычныя зняволеныя і пакуль яны не будуць рэабілітаваныя”.

І прызналася, што ЕС ускладае вялікія надзеі на будучыя парламенцкія выбары.

Майра Мора: “Парламенцкія выбары ў наступным годзе даюць новую магчымасць Беларусі правесці выбары ў поўнай адпаведнасці з прынятымі міжнароднымі стандартамі і пайсці па шляху мадэрнізацыі”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці ёсць у Еўрасаюза план дзеянняў на той выпадак, калі ўсе палітвязні будуць вызваленыя і рэабілітаваныя. Напрыклад, ці будуць адразу знятыя эканамічныя санкцыі з нашай краіны?

Майра Мора: “Гэтыя абмежавальныя меры ўводзіліся ў адказ на тое, што адбывалася. І гэта прымалася калектыўным рашэннем з боку Еўрапейскага Саюза. Каб спыніць дзеянне гэтых абмежавальных мераў, зноў жа патрэбнае калектыўнае рашэнне Еўрапейскага Саюза. Калі такое рашэнне будзе прымацца, будуць разглядацца змененыя абставіны”.

Каментуючы ўчорашнюю сустрэчу з кіраўніком Беларусі, спадарыня Майра зазначыла, што той даў зразумець: працэс вызвалення палітвязняў будзе працягвацца. А гэта, па словах дыпламата, можа прывесці ў будучыні і да візіту ў Беларусь Кэтрын Эштан.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі