Майра Мора: У спіс неўязных у ЕС будуць уключаныя яшчэ тры асобы
У Еўрасаюза сёння няма ніякіх падстаў для таго, каб скасаваць дзеючыя цяпер абмежавальныя меры цалкам.
Пра гэта падчас канферэнцыі “Будучая стратэгія Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі”, якая праходзіць у Вільні, заявіла амбасадар Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора.
Майра Мора: “Савет, найхутчэй, будзе прымаць рашэнне аб працягненні абмежавальных мер у хуткім часе. Не толькі аб працягненні існуючых мер, але і плануецца яшчэ ўключыць трох асоб у гэты спіс. Таксама прынятае рашэнне, што 13 чалавек і 5 прадпрыемстваў там ужо заставацца не будуць. Але спіс так ці інакш застанецца, найхутчэй”.
Што гэта за тры асобы, якіх дададуць у спіс неўязных, Мора не ўдакладняе. Між тым вядома, што афіцыйна аб’явіць аб сваім рашэнні наконт будучыні “абмежавальных мер” ЕС павінен да 31 кастрычніка.
Па словах еўрапейскага амбасадара, у Еўрасаюза сёння няма ніякіх падстаў для таго, каб скасаваць дзеючыя цяпер абмежавальныя меры цалкам. Як таго патрабуюць беларускія ўлады.
Майра Мора: “Апроч існавання ў краіне палітычных зняволеных, Беларусь з’яўляецца адзінай на еўрапейскім кантыненце краінай, якая нават мараторый на смяротнае пакаранне не ўвяла. А пераслед грамадзянскіх актывістаў адбываецца пастаянна — ніводная акцыя пратэсту не праходзіць незаўважанай для ўлад і імгненна перапыняецца”.
Усё гэта азначае, падводзіць вынікі Майра Мора, што ніякіх зменаў у адносінах паміж Еўрасаюзам і Беларуссю няма. У адносінах з афіцыйным Мінскам ЕС сёння захоўвае “палітыку крытычнага ўзаемадзеяння”. Іншая справа — грамадзянская супольнасць.
Майра Мора: “Цягам апошніх двух гадоў Еўрасаюз узмацніў і пашырыў падтрымку і дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці ў некалькі разоў. Адным з каналаў узаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю з’яўляецца “Дыялог па мадэрнізацыі Беларусі”. У якога ёсць патэнцыял ператварыцца ў канал узаемадзеяння паміж беларускай грамадскасцю, прынамсі, паміж палітычна актыўнай часткай грамадства, і ўладамі”.
Праўда, звяртае ўвагу амбасадар, беларускія ўлады пакуль на такую магчымасць дыялогу з уласным грамадствам не адгукаюцца. Але, кажа, зараз яны працуюць з беларускім МЗС і грамадзянскай супольнасцю з тым, каб некалі ў будучыні прыйсці да гэтага дыялогу.
Вось толькі афіцыйны Мінск не хоча падтрымліваць ініцыятывы Еўрасаюза, накіраваныя на грамадзян Беларусі, сцвярджае Мора. І ў якасці прыкладу распавядае пра прапанову ЕС па змяншэнні кошту шэнгенскіх віз. Гэтая прапанова вось ужо два гады “ляжыць на стале ў беларускіх уладаў”, але ніякага адказу на яе ЕС пакуль так і не атрымаў.
Тым не менш, асобныя, хай і дробныя, праекты ЕС дастаткова паспяхова працуюць у Беларусі, кажа Майра Мора. І гэта дае падставы спадзявацца, што з часам і Беларусь, следам за Украінай, Малдовай і Грузіяй, зможа зрабіць “якасны скачок наперад” ва ўзаемаадносінах з ЕС.
“Я спадзяюся, што праз два гады, калі саміт Усходняга партнёрства будзе праходзіць у мяне дома — у Рызе, там будзе дамінаваць беларуская тэма”, — пажадала ўсім амбасадар Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора.
Фота: Змітра Лукашука