МАЗ спыніў працу на 10 дзён, але набірае 7 выпускнікоў на размеркаванні
На гэтыя 10 дзён рабочым скароцяць заробак да двух трацін.
Афіцыйна Мінскі аўтамабільны завод на 10 дзён спыняе працу галоўнага канвеера, да 6 красавіка. На гэты час рабочым скароцяць заробак да двух трацін. Што рабіць рабочаму ў такой сітуацыі і якія яшчэ пасткі чакаюць яго ў крызіс, абмяркоўваем з кіраўніцай юрыдычнай службы рэспубліканскага прафсаюза электроннай прамысловасці Жаннай Запрыварынай.
На якіх умовах і куды могуць адправіць рабочага ў крызіс
Гэта можа быць “прастой” завода, што, хутчэй за ўсё, і ўвялі на МАЗе. Гуляць за дзве траціны заробку рабочыя могуць да шасці месяцаў. Таксама рабочых могуць адправіць у адпачынак без захавання заробку. Такая форма прадугледжаная Працоўным кодэксам. Але ў такі адпачынак могуць адправіць толькі тады, калі гэта прадугледжана калектыўнай дамовай, дзе прапісваецца тэрмін адпачынку. Рабочых могуць перавесці на няпоўны працоўны тыдзень. Тады заробак налічваецца згодна з адпрацаваным часам. А вось звольніць могуць толькі на падставе Працоўнага кодэксу: сканчэнне працоўнай дамовы ці пагадненне бакоў. За прастой звольніць не могуць. Рабочы нават можа звярнуцца ў Дэпартамент інспекцыі працы, бо прамы абавязак наймальніка — забяспечыць супрацоўніка працай.
Хто можа трапіць на МАЗ у крызіс
Аўтатрактарны і Машынабудаўнічы факультэты БНТУ — асноўныя пастаўшчыкі кадраў на аўтамабільны завод. Да выпускнікоў Аўтатрактарнага ўжо давялі: МАЗу сёлета трэба 7 чалавек.
“Размеркаванне ў нас праз месяц, але на кансультацыі ўжо агучылі заяўкі, — расказвае выпускнік Аўтатрактарнага факультэта тэхнічнага ўніверсітэта Віталь. — З МАЗа сёлета 7 заявак прыйшло. Туды ідуць з сярэднімі адзнакамі”.
На самім заводзе, як даведваецца Еўрарадыё, сёння працуе аддзел продажу. І тут таксама шукаюць супрацоўнікаў.
“Нам трэба 5 чалавек у аддзел па рэалізацыі, патрэбныя добрыя супрацоўнікі, — апісваюць на МАЗе, — Наконт заявак на размеркаванне, таксама не думаем, што іх не будуць адклікаць”.
На якіх заводах рабочых закрануў крызіс
“Амкадор” пакуль працуе поўны тыдзень, заробкі не скарачаюць, супакойваюць на прадпрыемстве. Але далёкіх прагнозаў не робяць:
“Хто ж ведае, сітуацыя складаная, але пакуль працуем”.
“Белаз” працуе поўны тыдзень і таксама шукае новых спецыялістаў. Штогод сюды размяркоўваецца да 70 чалавек з вышэйшай адукацыяй. У гэтым годзе ва ўніверсітэты накіравалі столькі ж заявак. Не спыняецца і Мінскі трактарны завод, што пацвярджаюць рабочыя і адміністрацыя.
Фота: gazeta.ru