Мінаховы здароўя: Ніводнага жывога доктара скарочана не было!
Еўрарадыё паглядзела, як праходзіць аптымізацыя кадраў у медыцыне пасля заявы міністра аб скарачэнні 13 тысяч доктарскіх пасад.
Кіраўнік дзяржавы даручае правесці аптымізацыю кадраў у медыцыне яшчэ ў снежні 2013 года. І ў сакавіку міністр аховы здароўя Васіль Жарко падчас адкрыцця Беларускага медыцынскага форума “Ахова здароўя ў Беларусі-2014” кажа пра скарачэнне медперсаналу. Паводле яго слоў, скарацілі каля 13 тысяч доктарскіх пасад і 18 тысяч бальнічных месцаў!
Галоўныя ўрачы 1-й і 2-й бальніц Мінска на пытанне, як у іх праходзіць аптымізацыя, паціскаюць плячыма — нікога не скарачаюць.
“У нас аптымізацыя ёсць і будзе. Нічога ў нас не скарачаецца! Вакансіі таксама ў нас ёсць, мы пастаянна ўдасканальваемся, запаўняем вольныя месцы лепшымі супрацоўнікамі, абы каго не бяром, — здзіўляюць у бальніцы. — Нават з-за мяжы да нас просяцца, хто ўжо там папрацаваў і назад вярнуўся! У нас такога няма, каб мы адчулі нейкі моцны правал. Усё вырашаецца”.
У 26-й паліклініцы Мінска патрэбна некалькі тэрапеўтаў, оталарынголагаў, а таксама загадчыкаў аддзяленняў. Заробак да 9 мільёнаў, праўда, за дзве змены. Ні пра якое скарачэнне ці аптымізацыю тут і не чулі. Даў бы хто ўкамплектавацца!
“Кунцаўшчына — мікрараён, што расце, і штогод дадаюцца стаўкі. Расце насельніцтва, растуць стаўкі. Укамплектоўвацца мы проста не паспяваем. А па-другое, скарачэнне? Я нават не ведаю, пра што вы гаворыце! Не толькі па нас, але і па іншых установах — недахоп дактароў востры”, — кажуць у 26-й паліклініцы сталіцы.
Куды ні патэлефануй: паўсюль дактары толькі патрэбныя! Нават на сайце Мінпрацы доктар — самая запатрабаваная прафесія па Мінску ды Мінскай вобласці! Але міністр кажа пра аптымізацыю пасад ды скарачэнне ложкаў.
“Мы калі праводзім аптымізацыю, глядзім, якія кадры нам патрэбныя, якія — не. Тыя стандарты, што дзейнічалі ў 1960-х гадах, яны цяпер ужо для нас непрымальныя. На раёне патрэбна меней дактароў, у горадзе — болей. Цяпер ствараюцца РНПЦ-цэнтры, таму ідзе пераразмеркаванне ложкаў і кадраў. Трымаць, да прыкладу, у Наваполацку доктара-анколага быццам бы і трэба, калі ў Полацку анкалагічны міжраённы цэнтр… Дзе будзе лепей дапамога? А туды даехаць паўгадзіны!”
У Наваполацку кажуць, што аптымізацыя — гэта правільна! Але праводзіць яе трэба з розумам! Нават распавядаюць, як аптымізуюцца самі.
“Раней было: прыехала бабуля і кажа: “Я павінна адляжаць 21 дзень!”. А што вам будуць рабіць? Кроплі капаць! А што, яна дома не магла гэтыя кроплі капаць? Магла!” — прыводзяць у Наваполацку рацыянальны падыход да працы.
Цікава, што ў самім ведамстве кажуць, дый статыстыка пацвярджае: колькасць дактароў не змяншаецца, а памалу расце!
“Лічбу не зусім правільна зразумелі. Насамрэч, калі мы скарачалі ложка-месцы, якія адпадалі за непатрэбнасцю, атрымлівалася, што скарачалі і стаўку: скарацілі стаўку доктара, які абслугоўваў гэтыя месцы. Дактароў пераводзілі ў паліклінікі, на іншыя стаўкі”, — тлумачаць у міністэрстве і яшчэ раз паўтараюць: “Ніводнага доктара, жывога чалавека, у нас не было скарочана!"
У міністэрстве кажуць, што пакуль аптымізацыя будзе доўжыцца і праводзіцца з разглядам кожнай сітуацыі ў кожнай бальніцы.