Мінпрацы: У “дармаедаў” могуць быць праблемы з выездам за мяжу
Калі не будуць плаціць “падатак на дармаедства”.
Міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна паабяцала гэтак званым “дармаедам” праблемы з выездам за мяжу — калі яны не будуць плаціць спецыяльныя штрафы. Пра гэта яна заявіла 5 красавіка ў інтэрв’ю праграме “Галоўны эфір” тэлеканала “Беларусь 1”, каментуючы дэкрэт прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Згодна з новым дэкрэтам, калі чалавек не працаваў болей за 183 каляндарныя дні на год, ён павінен выплаціць 20 базавых велічынь (3,6 мільёна рублёў).
Паводле Марыяны Шчоткінай, “дармаедаў” будуць вылічваць шляхам накладанна баз дадзеных. Спісы людзей, якія не працуюць без уважлівай прычыны, будуць затым перадавацца ў падатковыя органы. Пры гэтым непрацоўны чалавек, які жыве з нейкіх прыбыткаў і плаціць з іх падаткі не меней чым на 20 базавых велічыняў штогод, ужо не будзе лічыцца “сацыяльным утрыманцам”.
Нагадаем, што 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ("дэкрэт аб дармаедах"). Адзначаецца, што дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Грамадзяне Беларусі і замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, мусяць заплаціць не пазней за 15 лістапада збор — 20 базавых велічынь (3 млн 600 тысяч рублёў).
Не трэба яго плаціць тым беларусам, хто працуе больш за 183 каляндарных дня на год, выхоўвае дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, траіх ці больш непаўналетніх дзяцей. Вызваляюцца ад выплаты збору недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы, якія маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі 55 гадоў, мужчыны ад 60 гадоў.