Мінсктранс: Колькі мінчукі пакрываюць выдаткаў на праезд, ведаць не трэба!
З апошніх выбараў прэзідэнта кошт праезду павышаецца ў восьмы раз: раней талончык каштаваў 700 рублёў. А да выбараў кошт талончыка не мяняўся 3 гады!
Не паспелі мінчукі прывыкнуць да кошту талончыка ў 2000 рублёў, як ён зноў расце — адразу на 25% — да 2500. Гэта пацвярджаюць і ў Мінэканомікі, пастанова прайшла ўзгадненне.
У намесніка генеральнага дырэктара “Мінсктранса” Ірыны Якубоўскай цікавімся, колькі мінчукі пакрываюць праезду і які сабекошт талончыка. Але чыноўнік адказвае, што ведаць гэтую інфармацыю не абавязкова.
“Мінчукам не абавязкова ведаць, якую частку яны аплачваюць. Давайце на паліва, на малако напішам, колькі яны аплачваюць!”, — кажа і кідае слухаўку.
Раней па версіі Мінсктранса, сабекошт аднаго талончыка быў 5000-6000 рублёў, мінчукі пакрывалі 30%. У сабекошт талончыка закладваюцца заробкі кіроўцам, адлічэнні на зямельны падатак, паліва, электраэнергію, запчасткі і шыны.
Еўрарадыё заўважыла, што ўсё гэта амаль на 20% меней, чым пакрываюць ад кошту талончыка пасажыры ў рэгіёнах. Кошт талончыка ў абласных і раённых гарадах аднолькавы — 1700 рублёў у кандуктара і 1900 пры набыцці ў кіроўцы.
“55% пакрываюць выдаткі пасажыры”, — кажуць гомельскія транспартнікі. 50-55% пакрываюць пасажыры брэсцкага, гродзенскага і магілёўскага грамадскага транспарту, і мяне ўражвае такая аднолькавая статыстыка!
Следам за Мінскам тут таксама павышаюць кошты, чакаюць адпаведную паперу з новымі тарыфамі. Кошт праезду вырасце да 2200 рублёў за талончык. У Гродна тлумачаць неабходнасць павышэння коштаў.
“Паліва ў верасні падаражэла, а гэта павялічыла нашы выдаткі адразу на 400 мільёнаў штомесяц. Заробкі маленькія, не хапае кіроўцаў, трэба і рухомы састаў аднаўляць. У нас, дарэчы, адзін з самых нізкіх коштаў у параўнанні з іншымі краінамі! Нават ў параўнанні з заробкам”.
У Гродна заўважаць, што дабіцца аплаты штрафу стала вельмі і вельмі няпроста:
“Пасажыры перадаюць талончыкі пры выхадзе з транспарту. А калі б яны гэтага не рабілі, мо цяпер кошт талончыка і не даражэў бы! Кантралёры скардзяцца, што вельмі цяжка стала зняць штраф. Кантралёры ж безабаронныя, часта — траўмы на працы, пасажыры, каб гэты штраф не заплаціць, гатовыя невядома на што”. Тут адзначаюць, што штрафаў стала меней.
Дарэчы, на пытанне Еўрарадыё, колькі мінчукі гатовыя плаціць за праезд у гарадскім транспарце, гаражане называюць вышэйшую мяжу ў 2500 рублёў і скардзяцца на якасць паслуг. Па раскладзе аўтобус павінен хадзіць кожныя 20 хвілін, а няма ўсё сорак.
Цікава, што з апошніх прэзідэнцкіх выбараў кошт праезду будзе павышацца ў восьмы раз: раней талончык каштаваў 700 рублёў. А да выбараў кошт талончыка стабільна не мяняўся тры гады.