“Мова Нанова” стварыла службу бясплатных перакладаў на беларускую мову
Крытэр адзін — пераклад павінен выкарыстоўвацца публічна.
Рубрыка “Хуткая моўная дапамога” запрацавала на сайце курсаў. Як пішуць арганізатары, каманда з прафесійных філолагаў-валанцёраў гатовая аператыўна (за некалькі дзён) выканаць пераклад аб’ёмам да 5000 знакаў.
Да перакладу прымаюцца публічныя выпадкі ўжывання мовы: сайты, шыльды, афішы, складнікі на таварах, цэтлікі ў крамах, меню ў рэстаранах, рэклама і г.д. Асобна стаіць папярэджанне, што са школьнымі і ўніверсітэцкімі працамі рубрыка дапамагаць не будзе.
Паводле арганізатараў, некалькі фірмаў ужо звярнуліся з просьбамі наконт перакладаў на беларускую мову. Хутка іх гісторыі з’явяцца ў гэтай рубрыцы.
“Мова Нанова” — бясплатныя курсы беларускай мовы. Працуюць ад студзеня 2014 года. На цяперашні момант у васьмі гарадах Беларусі штотыднёвая колькасць студэнтаў дасягае 550 чалавек.
Фота — budzma.org