Мядзведзь, з якога здзекаваліся на расійскіх Курылах, жывы і здаровы
Гісторыя з лясным зверам, якога пераехалі машынай паляўнічыя, а пасля хацелі забіць, стала вядомай дзякуючы скандальнаму відэа.
Мядзведзь, які стаў ахвярай здзекаў на расійскіх Курылах, здаровы і не ўяўляе небяспекі для людзей. Такое меркаванне выказваюць у міністэрстве лясной і паляўнічай гаспадаркі Сахалінскай вобласці Расіі.
Нядаўна на сайце YouTube з’явіўся відэазапіс, дзе паказаны мядзведзь, які трапіў пад машыну і спрабаваў выбрацца з-пад яе. Здымка вялася з другой машыны. На відэазапісе чуваць мужчынскі голас, які просіць нож, каб зарэзаць жывёлу, а жаночы голас угаворвае яго не рабіць гэтага. Людзі ў машыне кажуць, што пераехалі мядзведзя восем разоў.
У выніку звер змог выбрацца з-пад машыны. Пасля гэтага ён пракусіў зубамі кола аўто і пабег да іншай машыны. Кіроўца і пасажыры ў паніцы далі задні ход і ўцяклі, пасля чаго запіс абарваўся.
Па факце жорсткага абыходжання з жывёламі на траіх жыхароў Курылаў завялі крымінальную справу.
Тым часам інспектары лясніцтва 25 жніўня назіралі ў тым самым раёне групу дзікіх мядзведзяў. З шасці асобінаў двое візуальна вельмі нагадвалі таго самага мядзведзя. Жывёлы сышлі ў лес, калі заўважылі людзей. Параненых і кульгавых сярод іх не было. Інспектары не ўпэўненыя, што бачылі менавіта звера з відэароліка, але заяўляюць, што целаў мёртвых мядзведзяў на тэрыторыі лясніцтва не знаходзілі, перадае ВВС.