На самым вядомым фота Максіма Багдановіча — не Багдановіч?
Літаратуразнаўцы і мастакі гавораць, што насамрэч беларускі паэт выглядаў іначай.
“Ён там на заднім плане стаіць. Дзякуючы выкадроўцы, з гэтага агульнага здымка, шматкроць павялічанага і рэтушаванага, утварыўся твар не Максіма Багдановіча”, — расказвае Еўрарадыё дырэктар музея Максіма Багдановіча ў Мінску Таццяна Шаляговіч.
Яна дадае, што ад спецыялістаў чула гэта неаднойчы. Маўляў, калі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя спатрэбіўся якасны і вялікі партрэт паэта — яго стварылі не з адзіночнага фота Максіма Багдановіча, а з невялікага агульнага здымка. Хутчэй за ўсё, на ім можна ўбачыць склад рэдакцыі яраслаўскай газеты “Голас”. Максім Багдановіч тады акурат супрацоўнічаў з газетай.
Той самы агульны здымак. Фота з архіву музея Багдановіча ў Мінску.
У выніку атрымаўся партрэт, які моцна адрозніваецца ад рэальных здымкаў паэта. Настолькі моцна, што ў Таццяны Шаляговіч нават узніклі праблемы падчас выдання кнігі пра Багдановіча. Мастачка адмаўлялася ўключаць яго ў макет.
“Мастачка мне горача даказвала, што мочкі вушэй не такія, скулы не такія, падбароддзе не такое… Яна працавала над маёй кнігай. Ва ўсім мы сыходзіліся акрамя гэтага фота Багдановіча. Ён стаў каменем нейкім проста”.
З тым, што на самым вядомым фота Максіма Багдановіча мы бачым не зусім яго, згодны і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Кажа, што здымак моцна адрэтушаваны, павялічаны. Але, на думку Харэўскага, усё гэта зусім не істотна.
“Я не лічу, што гэта настолькі істотна. У кожным выпадку, фігура такога маштабу як Багдановіч для нас ужо не столькі рэальны персанаж, колькі вобраз. Моцна ідэалізаваны герой”.
Харэўскі пералічвае іншых вядомых беларускіх постацяў, чый вобраз у нашай свядомасці замацаваўся ў выглядзе, мала падобным да рэальнага. Сярод іншых называе Кастуся Каліноўскага, Мікалая Гусоўскага, Францішка Скарыну, Сымона Буднага. Партрэты гэтых людзей можна ўбачыць у падручніках і энцыклапедыях, але ўсе яны маюць мала агульнага з рэальнымі тварамі, мяркуе эксперт. Не дайшлі да нас і выявы некаторых літаратараў, сучаснікаў Багдановіча, такіх як Сяргей Палуян. Як выглядаў гэты чалавек — невядома. Таму нават тыя некалькі фотаздымкаў з Багдановічам можна лічыць поспехам.
Фотапартрэты Максіма Багдановіча. Крайні справа - выкадраваны і павялічаны з агульнага здымку 1915 года.
Загадчыца аддзела фондаў музея Багдановіча ў Мінску Людміла Сасонка расказвае Еўрарадыё, што першым самы вядомы здымак паэта выкадраваў яго бацька — Адам. Верагодна, што пасля смерці сына ад сухотаў ён перадаў фотакартку у Інстытут беларускай культуры.
“Я думаю, што гэты фотаздымак Адам Ягоравіч здаваў у Інбелкульт. Таму можна меркаваць, што менавіта бацька першым лічыў, што на фота менавіта Максім”.
Па іроніі лёсу менавіта гэтая адрэтушаваная і павялічаная выява стала самай папулярнай. Гэты партрэт размясцілі не толькі ў падручніках па беларускай літаратуры. Ён нават паслужыў асновай для скульптараў, якія стваралі помнік Багдановічу ў Мінску і нават яго надмагільны бюст, усталяваны ў Ялце.
Бюст Максіма Багдановіча на магіле ў Ялце. Фота Сямёна Печанка.
Помнік Максіму Багдановічу ў Мінску.
А вось якім бачылі Максіма Багдановіча яго сучаснікі.
Бацька Адам
“У адзежы даволі неахайны, у яго пакоі звычайна панаваў беспарадак, асабліва на пісьмовым стале. Росту быў высокага, добра складзены, але трымаўся некалькі ссутулена. Валасы меў густыя, злёгку хвалістыя, цёмна-русыя, у барадзе і вусах каштанавыя. Вочы шэрыя”.
Лявон Заяц
“Худы, высокі, трохі сутулаваты, вечна ў расхрыстаным студэнцкім паліто, без усялякіх прэтэнзіяў у адзежы (большай часцю насіў касаваротку і зялёную студэнцкую тужурку), ён адразу звяртаў на сябе ўвагу белавасковым тварам і, асабліва, светлымі бяздоннымі вачыма, глыбока пасаджанымі пад высокім і ясным ілбом, над якім высілася капа валос. Калі ён глядзеў на вас, то здавалася, што ён вас саўсім ня бачыць, такі ў яго быў нейкі глыбокі ўнутраны пагляд... Гаварыў заўсёды ціха і мала...”
Змітрок Бядуля
“Яго пышная цёмна-каштанавая шавялюра зрабілася вільготнай. Рыжаватыя вусы апусціліся уніз... Яго твар азяраецца шчаслівай усмешкай, няма ў яго вачах той строгасці і замкнёнасці, якімі ён часам маскіруецца на старонніх людзях. Рысы твару становяцца мякчэйшымі, больш лагоднымі і сумнымі. Цяпер без тужуркі і манішкі вызначаюцца яго запалыя грудзі, тонкасць шыі, сутуласць. Ён высокі і стройны, пры людзях заўсёды змагаецца з ледзь прыкметнай сутуласцю, якая з’явілася ў яго ў сувязі з хваробай”.