“На ўлады ніхто не спадзяецца”. З Полацкага вінзавода звальняюць 70 чалавек
У рэдакцыю Еўрарадыё трапіў ліст ад працаўнікоў Полацкага вінаробнага завода, які зачыняецца у чэрвені 2019 года. Праз закрыццё завода без працы застануцца амаль 70 чалавек.
Каля 80% працаўнікоў ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй. Знайсці ў Полацку новую працу па спецыяльнасці або перавучыцца ў такім узросце вельмі складана. Апроч таго, працаўнікі не могуць разлічваць на прадугледжаную законам кампенсацыю ў выпадку звальнення праз ліквідацыю прадпрыемства.
Еўрарадыё разбіраецца, як працаўнікі апынуліся фактычна пакінутымі на волю лёсу, ці змогуць нешта зрабіць для іх мясцовыя ўлады і як ім быць далей.
Працаўнікі просяць не зачыняць вінаробны завод і звяртаюцца за дапамогай да ўлад Полацка.
“Наша прадпрыемства знаходзіцца на ліквідацыйным перыядзе, — пішуць яны ў лісце. — Калектыў завода папярэджаны пра ліквідацыю, і кантракты з намі падаўжаюцца кожны месяц, што прадугледжвае звальненне працаўнікоў без матэрыяльнай кампенсацыі. Каля 80% працаўнікоў ва ўзросце ад 45 гадоў і вышэй. Нам праблематычна будзе знайсці працу ў горадзе, а ў нас сем’і, дзеці. На дапамогу ўлад горада ў працаўладкаванні ніхто не спадзяецца”.
“Заканадаўства і жыццё не дазваляюць людзям застацца на заводзе”
У Полацкім райвыканкаме, куды датэлефанавалася Еўрарадыё, сітуацыю на вінзаводзе называюць стандартнай, а супрацоўнікам прапаноўваюць іншыя вакансіі для працаўладкавання.
“Вы хочаце дапамогу прапанаваць? — запытаўся намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па эканоміцы Аляксандр Каладынскі. — Сітуацыя стандартная: прадпрыемства не ў стане эфектыўна ажыццяўляць сваю дзейнасць. На сённяшні дзень завод павінен каля сямі мільёнаў рублёў толькі па падатках і зборах. Вядома, людзі, якія адпрацавалі па 15-20 гадоў, хочуць там застацца, але заканадаўства і жыццё не дазваляюць гэтага зрабіць.
Мясцовыя ўлады не вінаватыя, што ў свой час завод не паспеў мадэрнізавацца. На пачатку ліквідацыі працавала 170 чалавек. Цяпер засталося 68. Людзі звольніліся і знайшлі сабе іншую працу”.
Па словах чыноўніка, у горадзе сёння больш за 500 вакансій.
Працаўнікі ж кажуць, што мясцовыя ўлады прапаноўваюць ім перавучвацца на кіроўцаў, кухараў, прадаўцоў, а гэтыя вакансіі у Полацку альбо занятыя, альбо малааплатныя. Да таго ж, прызнаюцца яны, многім будзе складана атрымаць новую прафесію за 2-3 гады да пенсіі.
“Інтарэсы працоўных у — апошнюю чаргу”
Актывіст Свабоднага прафсаюза з Полацка Мікалай Шарах, які сачыў за справай вінзавода, распавёў Еўрарадыё, што на інтарэсы работнікаў “ліквідатары” ўвагі не звяртаюць увогуле.
“Да 26 чэрвеня 2019 года завод юрыдычна павінен спыніць існаванне, — кажа Мікалай Шарах. — Ёсць адпаведнае судовае рашэнне. Была працэдура аздараўлення, але марна.
Праблема з работнікамі, якім, згодна з законадаўстам, у выпадку ліквідацыі прадпрыемства павінны выплаціць дапамогу за тры месяцы, але людзі падпісваюць кантракты кожны месяц. Работнікі, на мой погляд, самі вінаватыя, бо наймальнік не мае права заключаць кантракт менш, чым на год. Кіраўніцтва ім абяцае “залатыя горы”, але інтарэсы працаўнікоў улічваюць у апошнюю чаргу”.
Такая праблема існуе не толькі на вінзаводзе ў Полацку, але ў цэлым па Беларусі: як распавядала Еўрарадыё, у канцы 2018 года былі прызнаныя банкрутамі Бабруйскі і Падсвільскі вінзаводы.