Navi: У красавіку была адна песня, сёння — праграма на гадзіну дваццаць

Напярэдадні сольнага канцэрта ў “Графіці” вакалістка гурта Ксенія Жук і гітарыст-вакаліст Арцём Лук’яненка вельмі шчыра і пяшчотна распавядаюць пра сюрпрызы будучай імпрэзы, хуткае выданне дэбютнага альбома, новы кліп, уласныя музычныя захапленні, пашырэнне складу ды планы на будучыню.

Мы вырашылі, што распыляцца не трэба, і пачалі граць толькі ў Navi

 

Еўрарадыё: Вы абодва гралі ў іншых гуртах, дык чаму ж вырашылі іх кінуць і стварыць дуэт?

Ксенія Жук: Справа ў тым, што ніхто не казаў, маўляў, вось я зараз кіну гурт на карысць праекта Navi! Усё атрымалася само сабой! Мне падаецца, што стала неяк не цікава займацца тым, што было. Я вырашыла, што трэба пераходзіць на нейкі новы ўзровень. Ну, і адносіны ў гурце ўжо былі не вельмі. Таму мы разышліся і ў хлопцаў цяпер новы праект. А з Арцёмам я сустрэлася ўжо пасля сыхода з гурта. Таму я, так бы мовіць, не здраджвала ніводнаму праекту.

Арцём Лук’яненка: А ў мяне было ўсё наадварот. Я працаваў з Tim Erna, у нас з Цімам было шмат планаў і ўсё было выдатна. Але ў мяне пачаў назапашвацца свой матэрыял. З Ксюшай мы сустрэліся выпадкова, на рэпетыцыйнай кропцы. Яна пачула маю песню, якая ў кагосьці грала, і прапанавала зрабіць дуэт. Мы паспрабавалі, і нам спадабалася працаваць разам. Цім зразумеў, што мне цікава, што я магу рэалізоўваць свой матэрыял, мы паразмаўлялі і вырашылі, што распыляцца не трэба. З Цімам у нас цяпер добрыя стасункі. Так што, такога, што “Усё! Я сыходжу!”, не было (усміхаецца).

Ксенія Жук: У нас усё па-добраму атрымалася.

Еўрарадыё: Не шкада, што развіталіся з гэтымі праектамі, бо старты ў іх былі паспяховымі?

Ксенія Жук: Такі момант прысутнічае, бо гурту Sonika было тры гады. Гэта было вельмі цікава, бо былі песні, праекты, фестывалі. Гэта ўсё нам вельмі дапамагло і дало вельмі моцны штуршок. Але тое, што адбываецца цяпер — гэта наша творчасць. Нам ніхто не піша песні, не кажа што рабіць, як рабіць. То бок цяпер у нас усё па-сапраўднаму і гэта велічэзны плюс.

Еўрарадыё: Цяпер вы выконваеце песні Sonika?

Ксенія Жук: Не! Там няма майго аўтарства. У нас быў чалавек, які пісаў песні, казаў, што мы спяваем і як. Я не магла рэалізоўваць свае жаданні, бо я таксама пісала песні. Калі я іх паказвала, то мне казалі, што гэта не зусім тое, што трэба. Моманту самарэалізацыі не хапала, і гэта назапашвалася. Таму я не спяваю песень Sonika. Ёсць гурт “Своё небо”, які цяпер выконвае песні гурта Sonika, у іх усё рухаецца наперад і дзякуй Богу.

Еўрарадыё: А тая самая галоўная песня серыяла “Вышэй за неба” “Новы дзень” таксама не твая?

Ксенія Жук: Не мая. Быў напісаны тэкст, музыка, была нейкая прыкладная вакальная мелодыя. А вось пэўныя вакальныя фішкі, мелізмы, уходы, розныя ўпрыгожванні прыдумляла я. Я праспявала так, як я гэта бачыла, так яно і пачало жыць і жыве дагэтуль.

Еўрарадыё: Арцём, ты ж граў не толькі ў Tim Erna, а што небудзь з мінулых праектаў пераносіш у Navi?

Арцём Лук’яненка: Я ўдзячны ўсім, з кім давялося папрацаваць. Гэта, безумоўна, велічэзны досвед. Раней я не вёў крабель, а цяпер уся ініцыятыва — ад мяне. Цяпер я разумею, як і што трэба рабіць, а гэта вялікі досвед.

Ксенія Жук: Гэта лірыка, але я тое ж самае магу сказаць. Я ўдзячная ўсім, хто дапамог мне стаць такой, якая я цяпер ёсць.

 

У мяне мара, зрабіць дуэт з SunSay

 

 

Еўрарадыё: Ці ёсць музыкі, якія вас натхняюць, і на якіх вы жадаеце быць падобнымі?

Арцём Лук’яненка: У нас вельмі супадаюць музычныя густы. Нам вельмі падабаецца брытанская музыка: Fink, Sting

Ксенія Жук: І indie-напрамак нам вельмі цікавы! Насамрэч, мы сябе ніяк не абмяжоўваем. Для нас вельмі важныя тыя людзі, якія любяць прыгожыя гармоніі, мелодыі, цікавыя рытмы.

Арцём Лук’яненка: Але сказаць, што хтосьці на нас уплывае, нельга. Мы сочым за Джасцінам Тымберлэйкам. Ён правёў рэбрэндзінг і цяпер вельмі круты: ён крута выглядае, ў яго круты стыль, круты новы альбом — усё класна. Нам падабаецца Лэдзі Гага. Мы проста спрабуем быць аб’ектыўнымі, проста назіраць і ўсё. Самі мы робім тое, што ідзе ад душы, у нас няма такога, што, давай рабіць так жа.

Ксенія Жук: Напрыклад, той жа Стынг. Чалавеку 62 гады, а ён робіць такія рэчы… гэты яго апошні альбом — проста ах, з такімі эмоцыямі… Можа, нехта скажа, што ён апошнія гады нейкі нудны, але гэта не так! Гэта чалавек, на якога хочацца не быць падобным, а раўняцца. Мне падаецца, гэта важна.

Арцём Лук’яненка: У мяне мара, зрабіць дуэт з SunSay. Я яго вельмі люблю. Нядаўна я пазнаёміў Ксюшу з яго творчасцю і яна вельмі заразілася.

Еўрарадыё: Неяк кантактаваць ужо спрабавалі?

Арцём Лук’яненка: Пакуль не, бо яшчэ няма матэрыялу, няма што паказваць. Дакладней, ёсць, але ён пакуль у працы. Так што, як будзе, так будзе, але вельмі хочацца зрабіць з ім дуэт. Бо яны сапраўдныя, яны людзі, якія нясуць нешта сваё, яны не падобныя, яны пазнавальныя, яны робяць сваю музыку, яны шчырыя, яны шчаслівыя, гэтая іх шчырасць — самае важнае.

Ксенія Жук: Мы былі на яго акустычным канцэрце ў “Графіці”. Атрымліваецца, ён знаходзіцца ад цябе так жа блізка, як вось мы цяпер сядзім. І адчування, што ён зорка, няма. Ён вельмі блізкі да ўсіх, вельмі цёплы і адкрыты. І музыкі такія ж. Яны выйшлі на вуліцу папаліць, і стаяць са звычайнымі людзьмі размаўляюць, маўляў, “о, чувакі, як вы там?” Настолькі гэта ўсё лёгка, што мне падаецца, праблем з дуэтам не будзе.

Памятаю, у чатыры гады стаю на вяселлі на зэдлічку і збіраюся спяваць “Ехали уроды на поминки”

Еўрарадыё: А сярод беларускіх музыкаў ёсць куміры?

Арцём Лук’яненка: Мы сочым! Мы стараемся, бо ўсё ж мы ўсе разам, у адным музычным асяроддзі. Сказаць, каб хтосьці нас вельмі здзіўляў, напэўна, нельга. Але ёсць тыя, за каго мы вельмі рады. Напрыклад, The Toobes. Гэты матэрыял ужо выкананы ўсімі 150 мільёнаў разоў. Але іх драйв, іх тыпажнасць, іх падача і аддача на сцэне — самае галоўнае, за кошт чаго яны і выйграюць. Таксама мы вельмі паважаем мэтраў беларускай сцэны. Такая колькасць часу на сцэне, такі матэрыял, дагэтуль так трымацца — гэта крута.

Ксенія Жук: Мы вельмі цёпла да ўсіх ставімся, у нас няма такога: “ммм… мы зараз вас усіх зробім!”. Пра той жа Neuro Dubel я вельмі люблю распавядаць гісторыю. Справа ў тым, што мой папа некалі сябраваў з Сашам Кулінковічам, то бок я з дзяцінства іх ведаю. І вось памятаю, што ў чатыры гады я стаю на вяселлі на зэдлічку і ў мяне пытаюцца: “Ну, што, Ксюша, будзеш спяваць?”. А я адказваю: “Ехали уроды на поминки” (усміхаецца). Гэта была мая любімая песня. Я памятаю гэтыя касеты са смешнымі чалавечкамі на вокладках! Гэта вельмі класна, усё гэта ўнутры, і дзякуй дзядзю Сашу за гэта. Мы ж не спрабуем адмежавацца, казаць, што мы не беларусы… Наадварот вельмі класна, што мы менавіта тут, і можам аб’ектыўна ацэньваць усіх. Той жа беларускі андэграўнд, тыя хто ўздымаецца павышэй ды круціцца на тэлебачанні, на радыё. Неяк мы сядзелі на кухні і па радыё пачулі песню NizkizДержи”!

Арцём Лук’яненка: Гэта так клёва! Гэта ўвогуле хіцяра!

Ксенія Жук: І ў нас не было такога, што, блін, вось яны выдалі, а мы… Наадварот! Мы сабе ў плэй-ліст забілі гэтую песню, каб слухаць у машыне, у плэеры. Вельмі крута!

Ёсць палявы летні кліп, гарадскі восеньскі, а наступны будзе зімой у лесе

Еўрарадыё: Быў у вас летні хіт, цяпер восень, будзе восеньскі працяг?

Арцём Лук’яненка: Ёсць у планах. Мы зразумелі, што беларуская мова неяк усім спадабалася. Але гэта было не спецыяльна. У нас ёсць яшчэ адна беларускамоўная песня… Вы кажаце хіт, але восенню мы плануем выдаць альбом. Ён ужо ўвесь запісаны і цяпер знаходзіцца ў працы. А што з яго стане хітом, ніхто не ведае.

Ксенія Жук: На нашым канцэрце, які ўжо зусім хутка будзе ў “Графіці”, збіраемся прэзентаваць наш кліп. Дык вось ён — і мы ўжо смяяліся з гэтага — вельмі восеньскі. Так што ў нас ёсць летні палявы кліп, гарадскі восеньскі, а наступны будзе зімой у лесе (смяюцца).

Еўрарадыё: Што за кліп, хто здымаў?

Арцём Лук’яненка: Усе нашы кліпы нам здымаюць нашы сябры, шчыры дзякуй ім за гэта, Зміцер Ляўкоўскі ды Маша Манакова. Дзіма папрасіў сказаць, што робіць гэта за вялікія грошы (смяюцца). Яны з Акадэміі мастацтваў, яны адпетыя… яны за ідэю, ім цікава, яны могуць суткамі манціраваць ды здымаць.

Ксенія Жук: Дзіма можа ў тры гадзіны ночы даслаць кавалачак відэа. Яму трэба заўтра на вучобу, а ён сядзіць і манціруе.

Арцём Лук’яненка: Прычым, Маша крыўдзіцца, калі ён без яе нешта робіць, таму ён уціхцую гэта робіць і дасылае (усміхаецца).

Ксенія Жук: Гэта ўсё так па-сяброўску, так шчыра! Вельмі класна, калі людзей аб’ядноўвае ідэя, а не толькі сяброўства.

Арцём Лук’яненка: З ім мы хочам і далей супрацоўнічаць. Мы насамрэч каманда, мы сябе самі называем цыганамі, мы вялікая тусоўка, якая працуе на адну справу. Ну, і ўсё ж пра кліп: будзе ён на песню “Далеко”, якая выходзіла сінглам і была такім эксперыментам. Складана сказаць пра яе стыль, бо там і трып-хоп ёсць і ўсё ёсць.Хоць, у прынцыпе, так можна сказаць пра ўсе нашы песні. У кліпе паказаны горад Мінск: дамы, людзі, рух і невялічкая рамантычная гісторыя.

Ксенія Жук: Таму што было б неяк няправільна, калі хлопчык і дзяўчынка не гулялі б у каханне.

Арцём Лук’яненка: Тым, хто жыве ў Мінску, думаю, будзе цікава пазнаць знаёмыя месцы, пабачыць цікавыя ракурсы.

Ксенія Жук: Толькі не спрабуйце паўтарыць маршрут, па якім мы хадзілі, бо людзі наўрад ці так ходзяць (смяюцца). Там усё нейкімі коламі, але прыгожа. Атрымаўся прыгожы восеньскі гарадскі кліп.

Можна сказаць, што альбом атрымаўся канцэптуальным, гэта адна вялікая гісторыя.

Еўрарадыё: Ну і пра альбом: як вы яго стылістычна характаразуеце?

Ксенія Жук: Мы пакуль не прыдумалі! Мы не спрабуем казаць, што мы робім нешта суперновае, проста мы аб’ктыўна не ведаем, як назваць тое, што робім. Там ёсць і папса, там ёсць і фанк, там ёсць і джаз і трып-хоп, індзі ёсць, там шмат чаго! Калі вы прыйдзеце на наш канцэрт, то нас можна будзе назваць поп-джаз. Будзе вельмі шмат прыджазаваных крокаў. Але гэта толькі канцэртны варыянт. А што будзе на альбоме… не ведаю!

Еўрарадыё: Калі яго чакаць?

Арцём Лук’яненка: Мы плануем цалкам скончыць працу за кастрычнік. Нам засталося толькі нешта там дааранжыраваць, звесці і змантаваць. Спяшацца не хочацца, але, думаю, восенню ён выйдзе, нам вельмі хочацца, каб было так. Ну, і цяпер можна сказаць, што альбом атрымаўся канцэптуальным, гэта адна вялікая гісторыя. Вясновая, цёплая…

Ксенія Жук: Чаму вясновая? Яна розная!

Арцём Лук’яненка: Ну, вясенне-летняя. Бо ўвесь матэрыял быў напісаны за кароткі перыяд вясна-лета. Мы калі сустрэліся, усё вельмі хутка напісалася, бо гісторыі вельмі падобныя. Калі мы запісалі песню “Абдымі”, у нас яшчэ не было іншых песень.

Ксенія Жук: Гэта быў канец красавіка! А цяпер пачатак кастрычніка, і мы граем сольны канцэрт нашых дуэтных песень. У нас праграма на гадзіну дваццаць. Мы гэтым не спрабуем хваліцца, проста, гэта ўсё вельмі шчыра і ад душы ідзе.

 

Канцэрт у “Графіці” 11 кастрычніка —адны сюрпрызы

 

 

 

Еўрарадыё: Што апроч кліпа будзе на канцэрце?

Арцём Лук’яненка: Канцэрт — адны сюрпрызы! Па-першае, мы будзем выконваць песні, якія не выконвалі яшчэ. Мы зрабілі два каверы на песні вядомых музыкаў, але яны цалкам адрозніваюцца ад арыгіналаў і ад кавераў на гэтыя песні іншых музыкаў. Гэта таксама нешта кшталту эксперымента. Будзем граць новую беларускамоўную песню. І будзем знаёміць усіх з новым удзельнікам нашага гурта.

Еўрарадыё: Хто гэты трэці чалавек?

Арцём Лук’яненка: Ну, клічуць яго Федзя! А хто ён, на чым грае, напэўна, пакуль казаць не будзем.

Ксенія Жук: Казаць загадзя не хочацца, хочацца, каб прыйшлі і ўбачылі ўсё на ўласныя вочы. Ён вельмі дапаўняе нас, гэта варта ўвагі!

Еўрарадыё: Ці плануеце вы расці да бэнда?

Ксенія Жук: З кожнай новай песняй мы задумваемся пра тое, што нам чагосьці і кагосьці не хапае.

Арцём Лук’яненка: Так! Безумоўна! Мы жадаем паказаць наш рост. Пачыналі мы з выступаў удваіх, цяпер у нас з’яўляецца яшчэ адзін чалавек. Мы хочам абрастаць музыкамі, каб гучаць паўнавартасна.

Ксенія Жук: Мы абавязкова да гэтага ўзроўню дойдзем. Ёсць такія песні, дзе ты чуеш драйв, але пачынаеш выконваць на гітары, і гэтага драйву, аддачы не хапае. Гітара не можа ўсё перадаць. Таму разумееш, што трэба дадаць бас, барабаны, нейкія цікавыя хады.

Мы вельмі хацелі паспрабаваць зрабіць песню “Абдымі” з аркестрам Бабарыкіна.

Еўрарадыё: Вось тут мне захацелася спытаць, на колькі сур’ёзна вы ставіцеся да свайго праекта?

Арцём Лук’яненка: Для нас гэта не хобі! Для нас усё гэта вельмі сур’ёзна, мы жывем ім, мы ім дыхаем. Мы ж не распыляемся на нешта іншае.

Ксенія Жук: Ну, нехта крыху распыляецца (усміхаецца)!

Арцём Лук’яненка: Ну, крыху! Ксюша проста спявае ў Прэзідэнцкім аркестры.

Ксенія Жук: Мне там вельмі падабаецца, бо я спяваю там толькі ракешныя песні у праекце “Дым над вадой”. Проста калі ты спяваеш “We will rock you” з аркестрам — гэта крута. Мы вельмі хацелі паспрабаваць зрабіць песню “Абдымі” з аркестрам Бабарыкінскім.

Арцём Лук’яненка: Вельмі цікава, як бы яна гучала, бо там у кульмінацыі ёсць такая аркестравая аранжыроўка. Але гэта увогуле… суперідэя, але чаму б і не.

Еўрарадыё: Ксюша, а ты вучылася вакалу?

Ксенія Жук: Так! Я яшчэ і выкладаю крыху ў Цэнтры дзіцячай творчасці “Ранак”. Да мяне ходзяць маленькія дзеткі і старэйшыя таксама. І гэта вельмі важна і цікава, што старэйшыя вельмі аддаюцца справе, ім вельмі цікава і яны нават прыйдуць на наш канцэрт. Прытым, што я зусім не агітавала, я увогуле амаль нічога пра сябе не распавядала. Яны самі недзе знайшлі і ўжо нават набылі квіткі. Вельмі класна, што я магу такім шляхам, крыху здалёк, данесці ім тое, што я магу і ўмею. Бо гэтыя заняткі, яны, хутчэй, для развіцця. Дзеці да мяне не прыходзяць, каб стаць зоркамі, таму гэта вялікі плюс, што я магу ім пэўныя практычныя веды даць.

Еўрарадыё: Арцём, а ты вучыўся?

Арцём Лук’яненка: Я пяты курс журфака і, дарэчы, працую на радыё “Сталіца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі