Назіральнікам не дазволілі сачыць за праверкай подпісаў у камісіях

З панядзелка 24 жніўня члены тэрытарыяльных выбарчых камісій пачалі праверку сабраных ініцыятыўнымі групамі подпісаў. І практычна адразу становіцца вядома пра праблемы ў асобных прэтэндэнтаў. Так, Магілёўская раённая выбарчая камісія з 539 прынесеных подпісаў за Мікалая Улаховіча зарэгістравала толькі 214, а з 428 прынесеных за яго ж подпісаў у іншую магілёўскую райкамісію былі залічаныя толькі 120. А ўсё таму, што падпісныя лісты “за Улаховіча” былі здадзеныя… не ў тыя камісіі!

Еўрарадыё высвятляе, якім чынам правяраюцца подпісы і наколькі гэты працэс “празрысты”.

Гэту, у нечым нават камічную, гісторыю з не туды здадзенымі подпісамі за Улаховіча паведамляе назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Магілёва Наталля Самахвалава. Усяго ж праваабаронцы з “Вясны” і Беларускага Хельсінскага камітэта накіравалі ў тэрытарыяльныя камісіі 55 сваіх прадстаўнікоў. Вось, хай яны і раскажуць, як адбываецца праверка подпісаў, падзеляцца прыкладамі “адбракоўкі”.

Прадстаўнік БХК Раман Юргель “назірае” за працэсам праверкі подпісаў у Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Гродна. Чаму пра назіранне ў двукоссі? Бо такое назіранне, адказвае суразмоўца Еўрарадыё.

Раман Юргель: “Мы былі на пасяджэнні выбарчай камісіі, дзе нам расказалі, колькі подпісаў было здадзена, як іх будуць правяраць, але назіральнікаў не дапускаюць да працэдуры праверкі подпісаў у падпісных аркушах”.

Такую ж гісторыю “недапушчэння” Еўрарадыё расказвае іншы назіральнік з Гродна Святлана Руткоўская і назіральнік з Віцебска Валерый Леванеўскі.

“На маё пытанне, ці магу я браць удзел у непасрэдным працэсе праверкі подпісаў, працаваць з сябрамі камісіі, старшыня камісіі Марына Навіцкая сказала, што не, не маю права. “Чаму?” “Бо Кодэкс кажа, што вы маеце права прысутнічаць на пасяджэннях камісіі, а подпісы будуць правярацца па-за пасяджэннем. Таму, да пабачэння!” ― распавядае Валерый Леванеўскі.

А па словах каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча, такі ж адказ атрымалі усе іх 55 назіральнікаў!

Як правяраецца праўдзівасць сабраных подпісаў? Па словах Рамана Юргеля, падпіснымі аркушамі кожнага з прэтэндэнтаў займаецца па два члены камісіі. Спачатку яны правяраюць подпісы “візуальна”, і калі нешта выклікае сумнеў, то “падазроныя” подпісы дасылаюць на праверку ў “пашпартныя сталы”, у разліковыя цэнтры, ЖЭСы, пасля самі ідуць па кватэрах з пытаннем, ці падпісваўся чалавек за гэтага прэтэндэнта.

Здавалася б, чаго назіральнікам блытацца пад рукамі і нагамі ў членаў выбарчых камісій? Але як высвятляецца, прычыны ёсць.

“На пасяджэнні камісіі нам сказалі, што будуць правяраць няцотныя аркушы, у кожным з якіх па 16 подпісаў. Але потым апынулася, што ўсе гэтыя няцотныя аркушы ў неабходнай колькасці, 21% ад здадзеных за прэтэндэнта подпісаў ужо загадзя былі адабраныя, раскладзеныя па стосіках і іх раздалі сябрам камісіі на праверку”, ― кажа Леванеўскі.

“За Віктара Цярэшчанку здадзена ў Кастрычніцкую камісію, дзе я назіраю, амаль 11,5 тысяч подпісаў. Але мы, назіральнікі, не заўважылі ні пікетаў Цярэшчанкі ў Гродне і вобласці, ні пакватэрнага абыходу ініцыятыўнай групай”, ― тлумачыць сваё жаданне прысутнічаць пры праверцы подпісаў Раман Юргель. А Валерый Леванеўскі практычна слова ў слова паўтарае гэтую фразу, але адносна Мікалая Улаховіча і яго зборшчыкаў у Віцебску: ніхто іх там не бачыў, а подпісаў у падтрымку “атамана” здалі вельмі шмат.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына неаднаразова казала, што фармат працы назіральніка ў камісіі павінен вырашацца “палюбоўна” паміж гэтым назіральнікам і старшынёй камісіі. Можа, і тут проста трэба было дамаўляцца?

Лідзія Ярмошына: “Няма такіх паўнамоцтваў у назіральнікаў (прысутнічаць пры праверцы подпісаў, — Еўрарадыё). Яны маюць права прысутнічаць толькі на пасяджэннях камісій. А што тычыцца праверак, якія ажыццяўляюцца па-за межамі пасяджэнняў, то гэта ўжо справа саміх тэрытарыяльных камісій. Таму маюць права ім адмовіць”.

З такой трактоўкай выбарчага заканадаўства не згодны Уладзімір Лабковіч.

“Калі мы пачытаем метадычныя рэкамендацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, альбо паглядзім Выбарчы кодэкс, то ўбачым, што ніякай іншай формы працы выбарчай камісіі, апроч пасяджэння, няма. Камісія ― калегіяльны орган, які дзейнічае толькі ў фармаце пасяджэння. І таму праверка подпісаў адбываецца таксама падчас пасяджэння камісіі”.

І тое, што назіральнікаў пазбавілі магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў, у кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” называць абмежаваннем правоў назіральнікаў, “што парушае прынцып галоснасці і празрыстасці працы выбарчых камісій”. Гэта ў сваю чаргу “ўплывае на канчатковыя вынікі стаўлення праваабаронцаў да выбарчага працэсу”. Бо атрымліваецца, што назіраць назіральнікам можна, але бачыць нічога нельга.

Фота: http://euroradio.fm/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі