Не працуеш — плаці!

Толькі прэм’ер-міністр Мясніковіч выказаўся, што трэба браць падатак з дармаедаў. А Мінфін ужо дае разлік, колькі павінен плаціць чалавек, які не працуе: 8 мільёнаў з кожнага!

“Вызначыць для такога чалавека гадавы ўзнос ў памеры 8 мільёнаў рублёў. Прыкладна ў гэтую суму абыходзіцца ўтрыманне ўсёй бюджэтнай сферы ў разліку на аднаго чалавека”, — кажа намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у студыі tut.by.

Афіцыйна ў Беларусі не працуе каля 445 тысяч чалавек. Калі кожны з іх заплаціць ў бюджэт па 8 мільёнаў, дык атрымаецца сума за тры трыльёны рублёў — гэта траціна таго, што недаатрымае па прагнозах таго ж Мінфіна ў гэтым годзе бюджэт!

Аналітык афіцыйнага партнера “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб кажа, што падатак на дармаедства — гэта нестандартны падыход улад, якія бачаць, што грошай не хапае.

“Гаворка пра недахоп грошай у бюджэце, таму з’яўляюцца такія ідэі, якія складана назваць іначай, чым экзатычнымі”.

На думку эканаміста, недахоп ў бюджэце беларусы адчуюць на сабе паступова. Дзяржава ўжо распачала кампанію па ўразанні выдаткаў — скарачэнне чыноўнікаў, фінансавання вялікага спорту.

“Скарачэнне нейкіх сацыяльных накірункаў будзе ў апошнюю чаргу”, — кажа Вадзім Іосуб.

Аналітык задаецца пытаннем, каго лічыць дармаедам? Той, хто працуе за мяжой і плаціць падаткі там, але прывозіць у краіну валюту, ці хатняя гаспадыня, якая не атрымлівае дапамогу на дзяцей — гэта дармаед, ці не? Менавіта вызначэнне дармаедства ўскрые яшчэ адну праблему ўлад — афіцыйную статыстыку па беспрацоўі.

“Улады сутыкнуцца з праблемай, якую самі сабе некалі стварылі, калі паказвалі, што ў нас толькі 0,1% беспрацоўя. Навідавоку, што ў нас непрацуючых афіцыйна значна болей, чым статыстыка кажа. Як яны будуць іх выяўляць, гэтых дармаедаў, таксама не вядома. Пакуль зрабілі закід, а ініцыятары гэтага закіду, мо, і самі не ведаюць дэталяў”.

У Міністэрстве працы на гарачай лініі Еўрарадыё атрымоўвае адказ, што ў Беларусі няма юрыдычнага паняцця “дармаедства”.

Тэлефаную на гарачую лінію Міністэрства па падатках і зборах, дзе пытаюся, калі і колькі яны будуць “стрыгчы” за дармаедства. У міністэрстве маю істэрыку спрабуюць супакоіць:

“Але гэта толькі абмяркоўваецца — яшчэ не прынятае. Рашэнні прыме Саўмін”.

Тады другое “пытаннечка”: а ці збіраецеся пытацца ў беларусаў, можа, будзе нейкае грамадскае абмеркаванне? У Міністэрстве па падатках і зборах такі просты адказ:

“Не будзе, ніякіх сацыяльных апытанняў не будзе!”.

“Мо беспрацоўныя пойдуць працу шукаць! Вы паглядзіце, колькі людзей не працуе, адсюль грабяжы, разбэшчанасць”, — а на вуліцах меркаванні мінчукоў раздзяліліся…

“Атрымліваецца, тыя, хто ездзіць на заработкі за мяжу і прывозіць сюды валюту, робяць ўклады, і гэта добра адбіваецца на нашай эканоміцы. Але гэта таксама дармаеды. Гэта вельмі непапулярная мера! Бо калі ўлады гэтак зробяць, тыя, хто працаваў за мяжой, пачнуць рабіць уклады там!”

“Нейкая нелагічная мера, а калі чалавек нідзе не працуе, адкуль у яго будуць 8 мільёнаў?”

“А калі чалавек хоча, каб яго жонка дома сядзела, хіба гэта дрэнна? Але яна, атрымліваецца, дармаед. Я супраць такой меры”.

 “А што зменіць гэты падатак? Гэта будзе толькі на паперцы”.

На жартаўлівую заўвагу, што, можа, некалі будзем ўрэшце плаціць за паветра, у міністэрстве рапартуюць:

“Калі мы гэта будзем рабіць, мы вам скажам, апублікуем”. Можа жартуюць, а можа — не…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі