Пачынаецца суд па здарэнні, калі мужчыну зламалі чэрап і нікога не пакаралі
Справу ў свой час закрывалі “за адсутнасцю складу злачынства”
“Справа знаходзіцца ў судзе. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 27 красавіка”, — паведамляюць Еўрарадыё ў канцылярыі па грамадзянскіх справах суда Барысаўскага раёна.
Нагадаем, што гэты абуральны выпадак здарыўся на Дзень рэспублікі — 3 ліпеня 2012 года. Праграміст-тэхнолаг Андрэй Голубеў прыехаў на святы з Масквы ў родны Барысаў. Калі ён выйшаў на двор, каб пафатаграфаваць вуліцу, непадалёк ад пад’езда здарыўся канфлікт з маладзейшым суседам. Бакі называюць розныя прычыны тае сваркі, але ў выніку Андрэй Голубеў аказаўся на асфальце з праламаным чэрапам. Траўмы аказаліся надзвычай сур’ёзнымі, але мужчыну пашчасціла выжыць. Дагэтуль ён не чуе на левае вуха, не адрознівае салёнае ад салодкага, не адчувае пахаў.
Барысаўская міліцыя тады вінаватых не выявіла. Толькі праз паўгода пасля шматлікіх скаргаў Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле 155 (“Прычыненне цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці”). Аднак і такі кампрамісны варыянт справы закрылі “з-за адсутнасці складу злачынства”. Толькі ўвосень 2014 года матэрыялы былі зноўку прынятыя да вытворчасці. На гэты раз Следчы камітэт даў Голубеву магчымасць падаць на крыўдзіцеля ў суд хаця б грамадзянскі іск. Гэта стала магчымым, бо віну з абвінавачанага не знялі, але справу закрылі з-за “сыходу тэрмінаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці”.
Складаючы грамадзянскі іск, Голубеў уключыў туды свае маральныя пакуты і канкрэтныя грашовыя выдаткі, якія можа пацвердзіць афіцыйна.
“Гэта і пастаянныя неаплачывемыя адгулы, якія я шмат разоў браў, каб ездзіць да лекараў і да следчых. І квіткі з Масквы ў Барысаў, і пакупка медыцынскіх прэпаратаў. Атрымліваецца сума пад 200 мільёнаў рублёў”, — канстатуе пацярпелы. Пры гэтым мужчына падкрэслівае, што многія траты ён не можа пацвердзіць афіцыйна, таму ў іск іх не змяшчаў.
***
Застаецца адкрытым і пытанне аб тым, чаму расследаванне зацягвалася. Андрэй Голубеў лічыць, што некаторыя барысаўскія праваахоўнікі спрыялі ў тым, каб яго крыўдзіцель сышоў ад крымінальнага пакарання. Што праўда, канкрэтных доказаў гэтаму аргументу няма. Былі толькі чуткі, што абвінавачаны мае сваяка з сувязямі, і шматлікія дэталі, якія могуць сведчыць аб неаб’ектыўнасці людзей у пагонах.
“Яны арганізавалі цяганіну і падвялі да таго, каб закрыць справу. Такімі дзеяннямі яны паспрыялі маім фінансавым і маральным стратам. Гэтыя людзі засталіся беспакаранымі і працягваюць працаваць”, — абураецца Голубеў.
У пацвярджэнне сваім словам мужчына перадаў у рэдакцыю Еўрарадыё копію дыктафоннага запісу, датаванага чэрвенем 2014-га года. Якраз тады крымінальную справу безапеляцыйна закрылі “за адсутнасцю складу злачынства”. На аўдыё — гутарка Голубева з высокім начальнікам, які за апошнія гады паспеў папрацаваць і ў органах пракуратуры, і ў Следчым камітэце. З запісу складваецца ўражанне, што праваахоўніка не цікавяць аргументы пацярпелага, і чалавек у пагонах нават не ведае апошніх нюансаў крымінальнай справы. Тым не менш, ён дае санкцыю, каб яе закрыць.
Голубеў плануе ў чарговы раз звярнуцца ў кампетэнтныя ведамствы, каб усё ж вінаватых у цяганіне выявілі і пакаралі.