Папа Ян Павел ІІ 32 гады вёў перапіску з жанчынай
Папа Ян Павел ІІ 32 гады меў блізкія стасункі з польскім філосафам Ганнай-Тэрэзай Тымянецкай, якая, як мяркуецца, аднойчы заявіла пра сваю любоў да яго, калі ён быў яшчэ кардыналам. Пра гэта сведчаць лісты іх перапіскі, што трапілі ў рукі журналістам ВВС.
У гэтых лістах няма ніякіх сведчанняў таго, што былы Папа парушыў зарок бясшлюбнасці, але пралівае святло на іх глыбокія адносіны.
У 2008 годзе частку лістоў жанчына прадала (мяркуецца, што за сямізначную суму) Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы. Частка была знойдзеная пасля яе смерці.
Сяброўства знакамітага святара і жанчыны-філосафа пачалося ў 1973 годзе, калі Папа займаў пасаду кракаўскага арцыбіскупа і клікалі яго Каралем Вайтылам.
Першы намёк на блізкія адносіны быў ў лісце, адасланым з Рыма, дзе ўвосень 1974 года кардынал Вайтыла правёў больш за месяц на нарадзе каталіцкіх біскупаў. Ён узяў з сабой некалькі лістоў Ганны-Тэрэзы, каб адказаць на іх “без выкарыстання пошты”. Як пісаў Вайтыла, гэтыя лісты былі для яго “вельмі значнымі і глыбока асабістымі, нягледзячы на тое, што яны напісаныя філасофскай мовай”. У канцы ліста ён дадае, што “ёсць рэчы, пра якія занадта цяжка пісаць”.
Пасля праведзенага расследавання журналіст ВВС Эдвард Стоўртан паведамляе, што на ранняй стадыі адносінаў, летам 1975 года, Ганна-Тэрэза імаверна прызналася Каралю, што любіць яго.
У кардынала Вайтылы былі і іншыя сяброўкі, у тым ліку псіхіятр Ванда Палтаўская, з якой ён таксама вёў перапіску многія дзесяцігоддзі. Але яго лісты да Тымянецкай вылучаюцца вялікай эмацыйнасцю.
Калі Папа быў абраны пантыфікам, ён напісаў Ганне-Тэрэзе Тымянецкай, што жадае працягнуць адносіны. Ён сказаў, што не хоча, каб спыніўся “абмен ідэямі, які, як я заўсёды лічыў, быў вельмі творчым і плённым”.
Потым адбыўся знакаміты скандал праз кнігу, над якой Ян Павел ІІ працаваў з Тымянецкай як з філосафам. Яна аддала выданне ў друк, але Ватыкан падаў на яе ў суд, абвінаваціўшы ў скажэнні ідэяў новага Папы. Пантыфік не змог заступіцца за Тымянецкую, і яна палічыла, што ёй здрадзілі.
Але ўрэшце іх цёплыя адносіны аднавіліся, і некаторыя з самых кранальных фатаграфіяў і лістоў, якія мы змаглі ўбачыць, звязаныя з гэтымі часамі.
Матэрыял ВВС выклікаў вялікую цікавасць у Еўропе. Польская газета Wyborcza з гэтай нагоды цытуе словы кардынала Станіслава Дзівіша, які не верыць у парушэнне зароку бясшлюбнасці былым Папам:
“Тыя, хто быў побач з Янам Паўлам II, ведаюць, што ў яго жыцці не знойдзецца месца для злых учынкаў. Ён быў вольным і ясным, не меў комплексаў, таму што быў чыстым, паважаючы кожнага чалавека ў любой сітуацыі свайго жыцця. І гэта адзіны рэальны ключ, каб прачытаць усё яго ўзорнае і святое жыццё”.
The Guardian называе былога Папу адной з самых важных асобаў ХХ стагоддзя, у прыватнасці за яго пазіцыю ў дачыненні да камунізму. Выданне прыводзіць яго развагі пра важнасць святарскага цэлібату. Былы пантыфік назваў яго выяўленнем “волі царквы”, што “царква як супружніца Ісуса Хрыста хоча быць каханай святаром у агульнай і выключнай манеры, у якой Ісус Хрыстос... любіў яе”.
Акрамя гэтага, Ватыкан заявіў, што ім было вядома пра “сяброўства” Яна Паўла II з Тымянецкай.
Напярэдадні прагляду матэрыялу ананімны чыноўнік у Ватыкане паведаміў, што чакае “больш дыму, чым агню”, — піша The Guardian.