Папраўкі да “дэкрэта аб дармаедах” вызваляць ад збору тысячу спартоўцаў
Паводле паправак у “дэкрэт аб дармаедах”, падатак могуць не плаціць чальцы нацыянальных спартовых зборных, а таксама бацькі, дзеці якіх не ходзяць у дзіцячы садок.
Шукаем шчасліўчыкаў, каму дапамаглі новыя папраўкі.
Удзельнік нацыянальнай зборнай па веславанні Міхаіл Бяляўскі цяпер не будзе вінен дзяржаве 360 рублёў. На чэмпіянаце свету сярод моладзі ў 2016 годзе ён разам з іншымі спартоўцамі заняў 9 месца. Але афіцыйна ён не працаўладкаваны.
“Абяцалі паставіць на стаўку, ужо дакументы падаваў, але не атрымалася. Калі гэтая папера прыйшла, я сабраў шмат дакументаў у федэрацыі. Аднёс усё гэта ў падатковую. З гэтага забралі толькі адну паперу і сказалі, што я ўжо нічога не вінен”.
Агулам тых, каму спатрэбілася даказваць, што не яны дармаеды, у федэрацыі веславання больш за дзесяць спартоўцаў. У асноўным, гэта тыя, хто вучыцца на завочным, бо не хапае часу на працу з-за трэніровак.
“Некаторыя дзяўчаты вучацца на завочным і ў гэты час два разы на дзень трэніруюцца, ездзяць на зборы. Яны займаюцца справай, але не атрымліваюць заробак”, ― расказваюць у федэрацыі.
У Мінспорту кажуць пра тысячу спартоўцаў, каго можа закрануць гэтая папраўка.
“Ёсць пераменныя склады, там людзі не ўваходзяць у штат, але яны удзельнічаюць у спаборніцтвах, трэніруюцца”, ― тлумачаць у міністэрстве.
А вось колькіх чалавек вызваляць ад падатку ў 360 рублёў, бо іх дзеці ходзяць у садок, у Мінпрацы не падлічваюць. А гэтае ведамства якраз і распрацоўвала папраўкі. Нібыта дадзеныя яны атрымоўвалі ў Мінадукацыі. Падлічым самі.
У дзіцячыя садкі па ўсёй Беларусі ходзіць 75% дзяцей узростам да пяці гадоў, падлічвае Белстат. Агулам гэта 418 тысяч чалавек. Значыць, у садок не ходзіць каля 130 тысяч дзяцей, бацькі якіх адчуюць на сябе папраўкі да нашумелага “дэкрэта аб дармаедах”.