Пасля сочынскай Алімпіяды Мюнхен і Осла адмаўляюцца прымаць Гульні

У расійскім Сочы пачынаюцца зімовыя Алімпійскія гульні.

“Нягледзячы на выдаткаваны час, грошы і высілкі, нават за пару дзён да старта не падобна, што Расія гатова да спаборніцтваў. На самой справе, самыя дарагія Алімпійскія гульні ў гісторыі, магчыма, нават стануць катастрофай”, — такі анонс вялікай спартовай падзеі робіць Discovery.

У сваю чаргу The Guardian пералічвае асноўныя прычыны, чаму сёлетняя Алімпіяда стане самай спрэчнай і вострай. Па-першае, яна праводзіцца ў субтрапічным курорце. Па-другое, вялікія бюджэты пацвярджаюць разгул карупцыі. Сюды яшчэ дадаць закон супраць “гей-прапаганды”, пагрозу з боку каўказскіх джыхадыстаў і не самы прыгожы гістарычны бэкграўнд: 150 гадоў таму царскія войскі праводзілі ў Сочы генацыд чэркесаў.

Але з-за фатальнай інфармацыі, якая даходзіць з Расіі, пацярпелі і алімпійскія спадзяванні… нарвежцаў! Бо пад яе ўплывам за апошні час значна павялічылася колькасць праціўнікаў правядзення зімовай Алімпіяды-2022 у Осла.

“У новым даследаванні “Ці павінна Осла прыняць Алімпіяду?” 55% адказала “не”. “За” было 38%. У паўночнай частцы краіны колькасць праціўнікаў была значна вышэйшая, у самім Осла таксама паболела тых, хто адмаўляе гульні”, — перадае польская Gazeta Wyborcza.

Больш за ўсё нарвежцаў абураюць экалагічныя афёры ў Расіі альбо навіны аб забойстве бяздомных сабак. Ды і ўспамін аб апошніх Алімпійскіх гульнях у Лільхамеры не самы лепшы: тады бюджэт Гульняў аказаўся ў 4 разы вышэйшы за першапачаткова запланаваны.

Гэта было толькі апытанне. Таму зараз нарвежскія чыноўнікі яшчэ думаюць, ці могуць яны даць фінансавыя гарантыі, неабходныя для правядзення Алімпіяды: Осла з’яўляецца адным з кандыдатаў на гэтую ролю. А вось жыхары Баварыі не дазволілі сваім уладам нават падаць заяўку, бо каля 52% з іх прагаласавалі супраць Алімпіяды-2022 у Мюнхене.

Вялікае жаданне чыноўнікаў і бізнесменаў пабачыць Алімпійскія гульні сустрэла рэзкі супраціў з боку мясцовых, занепакоеных зноў жа вялікімі коштамі і экалогіяй. Вось як ацаніла вынікі рэферэндума Deutsche Welle:

“У сённяшніх немцаў выпрацавалася ўстойлівая алергія на ўсё, што яны ўспрымаюць як гігантаманію, асабліва калі выкарыстоўваюцца сродкі падаткаплацельшчыкаў. Жыхары паспяховых сельскіх раёнаў ля Мюнхена не захацелі, каб у іх пад носам развярнуліся алімпійскія будоўлі, якія сапсуюць звыклыя альпійскія краявіды”.

Віцэ-прэзідэнт нямецкай Федэрацыі лыжнага спорту Петэр Шлікенрыдэр заявіў, што немцаў магло напужаць і тое, што рабілася з прыродай, перад Алімпіядай у Сочы.

Цікава, што нядаўна адмовіўся ад сваіх прэтэнзій на правядзенне Алімпіяды 2022 года і Стакгольм. Калі гэта афіцыйна зробіць і Осла, то застанецца толькі чатыры гарады-прэтэндэнты, а шанец на тое, што гульні адбудуцца ў непасрэднай блізкасці да Беларусі, узрастае. Сярод кандыдатаў застаюцца польскі Кракаў, украінскі Львоў, а таксама Пекін і Алматы.

Наступная ж зімовая Алімпіяда адбудзецца ў Пхенчані (Паўднёвая Карэя).

Фота: cnn.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі