“Пасля таго, як сыну аднялі руку, пратэз паставілі з дапамогай следчага”
Маці Стаса, для якога тугая гіпсавая павязка абярнулася трагедыяй, кажа пра бюракратыю ў райбальніцы і тое, што змянілася пасля выказвання Лукашэнкі.
Следчыя працягваюць разбірацца ў акалічнасцях, якія прывялі да ампутацыі рукі 11-гадоваму Стасу М. з аграгарадка Якубава. Трагічная гісторыя пачыналася са звычайнага пералому рукі і туга накладзенай гіпсавай павязкі.
Святлана Міхайлаўна, маці Стаса, расказала Еўрарадыё, што сын зламаў руку ў лагеры. Здарылася гэта летнім вечарам у пятніцу. Гіпс малому наклалі ў Оршы і адправілі на выхадныя дадому ў Дубровенскі раён. У панядзелак і аўторак Стаса вазілі ўжо ў мясцовую райбальніцу, скардзіліся там на боль у руцэ. А ў сераду загіпсаваная рука счарнела, Стаса ратавалі ўжо ў віцебскай рэанімацыі. Жыццё ўратавалі, але руку давялося ампутаваць.
Пра гэтую гісторыю міністру аховы здароўя Жарко падчас сустрэчы нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Цікавімся ў Святланы Міхайлаўны, ці змянілася нешта пасля выказвання кіраўніка дзяржавы.
“Адзінае, калі ездзіла апошні раз па пратэз у Мінск, з Віцебска патэлефанавалі ў Дуброўна, каб мне далі машыну. Каб не ехалі грамадскім транспартам, — апавядае Еўрарадыё жанчына.
Еўрарадыё: “Ці папрасіў у Вас прабачэння нехта з медыкаў?”
“Урач з Дуброўна (той самы, да якога Стаса прыводзілі ў панядзелак, аўторак і сераду са скаргамі на боль у руцэ — Еўрарадыё) патэлефанаваў адзін раз. Адразу пасля таго, як прэзідэнт выступаў. Сказаў, што трэба паразмаўляць. Але я адмовілася. Чатыры месяцы не цікавіўся, а тут яму стала цікава. Хіба ў сына рука ад гэтага адрасце? Я лічу, што ў панядзелак рука была яшчэ нармальная. Толькі-толькі пачаў мяняцца яе колер. Калі б урач яшчэ ў аўторак зняў гіпс, то руку можна было б захаваць”.
Больш, па словах Святланы Міхайлаўны, з ёй ніхто не звязваўся і прабачэння не прасіў. А ў райбальніцы пасля ампутацыі сыну рукі яна сутыкнулася яшчэ і з бюракратыяй: мела праблемы з тым, каб атрымаць накіраванне ў Мінск на пратэзаванне.
“Абышла, напэўна пяць кабінетаў. Мяне штурхалі з аднаго ў другі. Два дні на гэта патраціла, пакуль не пайшла да следчага, — працягвае маці Стаса. — А потым у бальніцы яшчэ і пакрыўдзіліся, што я праз следчага шукала накіраванне, каб дзіцяці адвезці на пратэзаванне”.
Версія ўрача, які не здымаў гіпс: “Руку я ўсё адно не ўратаваў бы. Але з-за мяне дзіця маго загінуць”
Загаварыў і Юрый К. — той самы урач з Дуброўна, да якога Стаса прыводзілі са скаргамі на боль у загіпсаванай руцэ.
“Мне да дзікасці непрыемна і цяжка бачыць, што дзіця застлося без рукі. Я ўжо дзед, у мяне ў самога ўнукі, — выказваецца Юрый К. Еўрарадыё. — Але руку хлопцу я так ці інакш не ўратаваў бы”.
Урач спасылаецца на праверачную камісію з Віцебска, якая пацвердзіла, што з-за тугога гіпсу ў Стаса здарыўся так званы сіндром здушэння. На выратаванне рукі, паводле версіі ўрача, заставалася ўсяго ад 6 да 12 гадзін.А потым распачаліся незваротныя працэсы.
“Калі меркаваць па скаргах маці, адразу пасля таго, як гіпс высах, пачала балець у яго ручка. Вось і распачаўся сіндром здушэння, — тлумачыць сваю версію Юрый К.. — Здарылася гэта прыкладна а гадзіне ночы ў пятніцу. У панядзелак, калі да мяне звярнуліся, прайшло ўжо 60 гадзін з таго моманту, як сіндром здушэння пачаў дзейнічаць. Каб не здаралася такіх трагедый, існуе загад Мінздароўя №484. У ім сказана, што ўсіх дзяцей з паламаным шкілетам трэба класці ў стацыянар на 3-6 дзён. Нельга іх адпускаць. Каб так у аршанскай бальніцы зрабілі, усе праблемы былі б вырашаныя”.
Еўрарадыё “Вы пісалі ў адкрытым лісце што ў панядзелак на траўмаванай руцэ ў Стаса не змяніўся колер і захаваўся пульс. Выходзіць, рука жыла…”
Юрый К.:“У гэтым асаблівасць сіндрому здушэння. Цэнтральны крываток можа захоўвацца і пульс можа быць. А калі я ў аўторак гіпс паслабіў, ацёк пачаў нарастаць і праз суткі пераўтварыўся ў гангрэну”.
Еўрарадыё: “То бок за сабой віны вы не адчуваеце?”
Юрый К.:“Адчуваю на 100%. Я не расцаніў, што сіндром здушэння мае месца. Мне здавалася, што гэта ацёк пасля ўпраўлення костак. І такія мае дзеянні маглі прывесці да смерці пацыента. Ужо ў Віцебску хлопчыку праводзілі мерапрыемствы, каб захаваць ныркі, якія маглі адмовіць з-за таксінаў, што ўтварыліся ў выніку распаду тканак. Але ручка загінула яшчэ ў суботу. Калі б у панядзелак я аслабіў гіпс, то ў аўторак усё адно наступіла б гангрэна. Я не здымаю з сябе віны. Але ўсе павінны справядліва адказаць за тое, што здарылася. Складваецца ўражанне, што ў асноўным абвінаваціць спрабуюць менавіта мяне”.
Напрыканцы гутаркі ўрач Юрый К. здзівіў Еўрарадыё інфармацыяй пра тое, што траўматалогія — зусім не яго канёк. А выпадкам Стаса ён займаўся з-за кадравага голаду ў дубровенскай райбальніцы.
“У медыцыне я прапрацаваў ужо 40 гадоў. Я абдамінальны хірург, займаўся жыватамі: апендыцыт, халіцысціт і г.д. Што тычыцца траўм, то мне гэтым даводзілася займацца ад часу да часу. Траўматолаг быў у адпачынку. Галоўны ўрач, які на паўстаўкі займаецца траўматалогіяй, быў на выездзе. Таму пацыент трапіў на мяне”.
Следчы камітэт працягвае высвятляць усе акалічнасці трагедыі. Плануецца, што справу перададуць у суд напрыканцы студзеня.