"Патрэбны толькі пашпарт": як беларусы вакцынуюцца ад COVID-19 у Польшчы

Пункт вакцынацыі ў Варшаве / Еўрарадыё
Пункт вакцынацыі ў Варшаве / Еўрарадыё

У Польшчы кожны замежнік, маючы пры сабе толькі пашпарт, можа бясплатна атрымаць вакцыну ад COVID-19 — выбраць паміж нямецка-амерыканскай Pfizer і амерыканскай аднафазнай Johnson&Johnson.

Еўрарадыё паглядзела, як гэта адбываецца, і даведалася, чаму некаторыя беларусы прыязджаюць у Польшчу спецыяльна дзеля вакцыны.

"Вакцын шмат, а ахвотных становіцца менш"
 

Такой простай працэдура вакцынацыі стала зусім нядаўна. Раней ад кожнага замежніка ў "прышчэпачных пунктах" патрабавалі PESEL — гэта нацыянальны ідэнтыфікацыйны нумар, які выкарыстоўваецца ў Польшчы.

“Нужен только паспорт”: как белорусы вакцинируются от COVID-19 в Польше
Аляксандр Лапко / Telegraph

— Пытанне пра тое, каб знізіць патрабаванні для беларусаў, мы пачалі падымаць яшчэ зімой, — расказвае Еўрарадыё беларускі актывіст, які жыве ў Варшаве, Аляксандр Лапко. — Яшчэ пару месяцаў таму мала таго, што патрабавалі PESEL, дык ён пры гэтым не павінен быў быць новым. Гэта значыць, мы, напрыклад, дапамагалі яго рабіць, але сістэма нумар не прымала.

Уздымалі гэтае пытанне ў варшаўскай мэрыі. Пасля гэтага ў некаторых гарадскіх пунктах пачалі прымаць па новых нумарах PESEL. Спрабавалі паскорыць працэс, каб прышчэпку мог зрабіць кожны ахвотны. З часам сталі прасіць толькі пашпарт і накіраванне ад доктара.

— У выніку калі гэта адбылося і чаму? Няўжо хапае вакцын на ўсіх?

— Улетку ўжо сталі прымаць замежнікаў проста з пашпартам. Часам нават з копіяй! Усё залежыць, вядома, ад пункта. У кожнага свае інструкцыі, дзесьці жорсткія, дзесьці не. Чалавечы фактар таксама іграе ролю.

Чаму ўсім хапае? У Польшчы расце колькасць вакцын, а колькасць ахвотных памяншаецца. Тыя палякі, якія хацелі зрабіць прышчэпку, ужо прышчапіліся. Вакцыны маюць тэрмін прыдатнасці. Гэта значыць, уладам больш выгадна іх прымяніць, чым выкідваць.

“Нужен только паспорт”: как белорусы вакцинируются от COVID-19 в Польше
Пункт вакцынацыі / Еўрарадыё

"Узяў адпачынак для прышчэплівання"
 

Мы ў варшаўскім пункце вакцынацыі на тэрыторыі аквапарку "Мачыдла". Нягледзячы на канец працоўнага дня, людзей тут сабралася нямала. Перад намі яшчэ каля 30 чалавек.

Большасць тых, хто стаіць у чарзе на вакцыну, — іншаземцы. І ва ўсіх адно пытанне: "Ці сапраўды можна зрабіць прышчэпку толькі з пашпартам?". Работніца пункта супакойвае: "Усё акей", і ўручае кожнаму анкету. Пытанні ў ёй стандартныя: ці хварэлі на каранавірусную інфекцыю за апошнія паўгода, ці ёсць хранічныя захворванні, ці ідзе прыём медпрэпаратаў і гэтак далей. Потым — ваш подпіс, нумар тэлефона і адрас пражывання ў Польшчы.

“Нужен только паспорт”: как белорусы вакцинируются от COVID-19 в Польше
Чарга ў пункт вакцынацыі / Еўрарадыё

— Я прыехаў сюды спецыяльна для таго, каб зрабіць прышчэпку. Узяў адпачынак! — размаўляем з беларусам Аляксеем, пакуль стаім у чарзе.

— А навошта? У нас жа таксама вакцыны ёсць.

— "Спадарожнік", можа, і нармальны, але еўрапейскія вакцыны прызнаюць у свеце. Тут выдаюць сертыфікат, з якім можна будзе за мяжу з'ездзіць, не сядзець на каранцінах. Так што давялося ехаць сюды, чакаць у каранціне тыдзень. Цяпер зраблю аднафазную прышчэпку "Джонсан", атрымаю сертыфікат і паеду дадому.

Час чакання ў чарзе ў нас займае каля паўгадзіны. Потым трапляем у крытае памяшканне, дзе ў залежнасці ад выбранай прышчэпкі нас размяркоўваюць па кабінетах. Супрацоўнік пункта ўпісвае ў электронную сістэму звесткі з пашпарта — і ўсё, час уколу. Пасля прышчэпкі 15 хвілін сядзім у калідоры побач з медыцынскім персаналам на выпадак алергічнай рэакцыі.

Пры выбары Pfizer у пункце аўтаматычна запісваюць на другую дозу вакцыны праз 21 дзень, пры выбары аднафазнай прышчэпкі Johnson&Johnson — адразу ж выдаюць "EU COVID-19 Certificate". Атрымаўшы такі сертыфікат, праз 14 дзён можна паехаць у краіны Еўрасаюза, якія адкрылі межы для прышчэпленых турыстаў.

Дарэчы, пра тое, як адбывалася наша вакцынацыя, мы запісалі відэа ў TikTok! Падпісвайцеся на нас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі