Праца настаўнікаў: план па захаванасці падручнікаў ды ведамасць харчавання…

Настаўнікаў пазбавяць усёй лішняй папяровай працы, абяцае намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Еўрарадыё паразмаўляла з самімі настаўнікамі пра тое, якія функцыі іх абураюць, забаўляюць і перашкаджаюць выконваць непасрэдныя абавязкі.

“Штогод мы здаём, напрыклад, колькі хлопчыкаў, а колькі дзевачак, якога года нараджэння, імёны бацькоў, іх нумары пашпартоў, дзе працуюць, як жывуць — то бок цэлы сацыяльны пашпарт, — распавядае настаўнік адной з цэнтральных сталічных школ Анрэй. — А сёлета з’явіўся другі сацыяльны пашпарт, дзе мы пішам, якая ў іх кватэра, і ці ёсць пажарны апавяшчальнік! А ўявіце, што ў класе 23 вучні, жывуць яны па ўсім горадзе, аб’ехаць іх можна толькі ўвечары пасля працы, а зрабіць гэта трэба за два тыдні!”

Усё б нічога, дадае Андрэй, але гэтая працэдура мусіць паўтарацца штогод, нягледзячы на тое, што вучні ў асноўным тыя ж. Яшчэ адна навінка гэтага года — “План па захаванасці падручнікаў”! Што гэта дакладна, не разумее ніхто, але тэрмінова здаць мусяць.

“Два разы на год мы павінны хадзіць па мікрараёне школы і выяўляць, дзе ёсць непоўнагадовыя дзеці, — працягвае пералік настаўніцкіх абавязкаў выкладчыца гісторыі Юлія. — Калі малыя, то дазнацца, куды збіраюцца аддаваць вучыцца. А калі яны ўзростам 5-6 гадоў, то трэба даведацца, дзе навучаюцца, а пасля ўзяць паперку ў той навучальнай установе, што яны сапраўды там вучацца”.

“Харчаванне вядуць настаўнікі, — з абурэннем кажа Андрэй. — Здаў, прыбыў, хто прыйшоў, хто не прыйшоў… карацей, вядзем улік, так званую “ведамасць па харчаванні”. У мяне ў класе адмаўляюцца ад харчавання, бо на сённяшні дзень адзін раз паесці ў школьнай сталовай каштуе 23 тысячы — гэта гарбата, салат, катлета, каша. І штодзень як на фондавай біржы, штодзень кошты растуць”.

Дырэктарка гімназіі №38 Галіна Злобіч, перакананая, што некаторых неабходных паперак можна было б і пазбегнуць, але запаўняе іх, хутчэй, адміністрацыя школы. Што ж тычыцца “сацыяльных дзённікаў”, то гэтую працу Галіна Людвігаўна лічыць карыснай і неабходнай.

“Мы ж ажыццяўляем сумесны працэс выхавання, як сям’я, так і ўстанова адукацыі, — тлумачыць сваю пазіцыю дырэктарка з 24 гадовым стажам. — Мы зацікаўленыя ў тым, каб адзін аднаму дапамагаць. А каб дапамагаць, трэба добра ведаць, у якіх умовах выхоўваецца дзіця”.

Да таго ж, на думку Галіны Людвігаўны, настаўнікі не перапрацоўваюць паложаныя 40 гадзін на тыдзень. Калі без перабольшванняў, то часу хопіць і на “сацыяльны дзённік” і на “ведамасць па харчаванні” і на падрыхтоўку навучальных планаў, праверку сшыткаў (за што настаўнікі атрымліваюць асобную надбаўку), ды непасрэдна самі ўрокі.

Нагадаем, што падчас свайго выступу Анатоль Тозік падкрэсліў, што функцыі, якія не павінны выконваць настаўнікі, варта перакласці на дзяржаўныя органы, каб кожны займаўся сваёй справай! Засталося дачакацца вынікаў працы адмыслова створанай групы, якая днямі акурат скончыла праводзіць комплекснае вывучэнне сітуацыі ў сістэме адукацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі