Прадпрымальнікі: літоўскаму бізнесу не патрэбныя мігранты

Мігранты, затрыманыя 7 ліпеня ў Літве каля літоўска-беларускай мяжы / Reuters
Мігранты, затрыманыя 7 ліпеня ў Літве каля літоўска-беларускай мяжы / Reuters

Літве не патрэбныя мігранты з Ірака, Конга і Камеруна, якія наваднілі краіну, нават у якасці некваліфікаванай рабочай сілы, паведамляе Delfi, спасылаючыся на меркаванне кіраўніка кампаніі Hanner Арвідаса Авуліса. Таму яны атрымаюць грашовую дапамогу да таго, як іх дэпартуюць або дадуць від на жыхарства ў краіне, піша выданне.

"Заўсёды лепш увозіць тую працоўную сілу, якая нам патрэбна, а не наадварот, калі з'яўляюцца нейкія людзі і мы думаем, што ж з імі рабіць. Вядома, нейкую працу ім знайсці можна, але, думаю, лепш будзе змагацца з гэтай з'явай, каб мігранты не траплялі ў нашу краіну", — упэўнены Авуліс.

Прадпрымальнікі мяркуюць, што ўцекачоў трэба адпраўляць дадому, а ў краіну прыцягваць кваліфікаваных спецыялістаў, у якіх ёсць сапраўдная патрэба.

"Прыдатныя работнікі ёсць у суседніх краінах, у Беларусі напрыклад, але цяпер з боку ўрада мы бачым абыякавасць і неразуменне ў пытанні ўвозу работнікаў", — працягвае Авуліс. На яго думку, мігрантаў маглі б браць на працу кампаніі, якія займаюцца ўборкай смецця, клінінгавыя кампаніі, як гэта адбываецца ў Германіі ці Вялікабрытаніі. Таму што для працы ў іншых галінах патрэбна хаця б мінімальная кваліфікацыя і здольнасці. Праўда, максімальная зарплата ў Літве ў клінінгавым сектары — усяго 500 еўра. Ці ўсіх мігрантаў гэта задаволіць?

У малым і сярэднім бізнесе ўцекачы гэтак жа наўрад ці змогуць працаўладкавацца, лічаць літоўскія прадпрымальнікі.

"Ведаеце, у нас у Літве ёсць 240 000 беспрацоўных. У нас ёсць 40 000 свабодных працоўных месцаў-значыць, гэтую праблему Літва павінна развязваць за кошт сваіх рэсурсаў, — сказала старшыня Рады малога і сярэдняга бізнесу Даля Матукене. — З таго, што я чую, я разумею, што яны наогул не хочуць заставацца ў Літве, проста скарыстаюцца ёю на час. Хто хоча працаваць, прыязджае з трэціх краін з дазволам на працу".

Дырэктар Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліна Гудзінскайце запэўніла, што магчымасці мігрантаў замацавацца ў Літве практычна роўныя нулю — ні пра якую законную працоўную дзейнасць не можа быць і гаворкі.

"Юрыдычна гэта немагчыма, паколькі яны прыйшлі ў Літву незаконна", — сказала яна.

За апошнія суткі на мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі затрымалі 37 чалавек. За першыя паўгода нелегальна трапілі ў Літву 1546 мігрантаў, што ў 20 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

З-за сітуацыі з мігрантамі прэзідэнт Літвы склікае пасяджэнне Дзяржсавета абароны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі