Пры расследаванні справы аб генацыдзе Беларусь звернецца ў Нюрнберг
Генпракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, паведамляе яе прэс-служба. Генпракурор Андрэй Швед так патлумачыў рашэнне пачаць справу праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны: "У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі".
Генпракуратура звернецца па дапамогу ў іншыя краіны, у тую ж Расію. У Нюрнбергу будуць запытваць матэрыялы Нюрнбергскага працэсу над нацыстамі, якія звязаныя з нашай краінай.
Швед лічыць, што даныя з крымінальнай справы дазволяць паставіць перад міжнароднымі арганізацыямі пытанне аб прызнанні Беларусі пацярпелай ад генацыду і "спыніць спробы абясцэніць гістарычныя факты".
Пра тое, што будзе распачата крымінальная справа па факце генацыду, генпракурор заявіў у сакавіку сёлета. Паводле яго слоў, некалькі месяцаў ішла падрыхтоўчая праца "сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі, Акадэміяй навук, з архівамі". У планах — патрабаваць выдачы злачынцаў, якія яшчэ могуць быць жывыя. Але чаму ж гэтага не зрабілі раней?
Справы пра генацыд мірных грамадзян падчас Другой сусветнай вайны ў 2020 годзе масава сталі заводзіць у Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.