Псіхолаг: у дыктатурах недавер адзін да аднаго непазбежны
Як беларусам, “якія засталіся” і “якія з'ехалі”, працягваць верыць адзін аднаму. Вопыт падзеленай Германіі / pixabay
За гады існавання Берлінскай сцяны псіхааналітык і бард Карл-Хайнц Бомберг больш за год правёў ва ўсходненямецкай турме і згубіў некалькіх сяброў.
— Недавер, падазронасць — гэта вялікая праблема ў дыктатурах, — прызнае ён у гутарцы з Еўрарадыё.
Доктар Бомберг бачыць пэўныя паралелі паміж гэтай атмасферай недаверу ў падзеленай Германіі — і сітуацыяй, у якой апынуліся беларусы.
— Недавер непазбежны, але не губляйце кантакту. Заставайцеся на сувязі, хоць гэта і цяжка. Але і прымайце меры засцярогі. Заўсёды: калі гамоніце па тэлефоне або перапісваецеся.
Мы пагаварылі з псіхааналітыкам пра тое, як ён сам спраўляўся з недаверам.
“Таемная мова”
Каб размаўляць па тэлефоне са знаёмымі з Заходняй Германіі, Бомберг і яго сябры распрацавалі спецыяльную "таемную мову". Гаварыць адкрыта было небяспечна.
— Кантакты з захадам былі рызыкоўнымі. Дзяржбяспека ўскрывала лісты, чытала іх. Так што падтрымліваць сувязь з заходнімі немцамі было няпроста. І ўсё ж мы звязваліся з імі — у тым ліку, з тымі, хто ўцёк з ГДР.
Ва Усходняй Германіі, у ГДР, Штазі сачыла за ўсімі аспектамі жыцця людзей. Таму шчыра можна было гаварыць толькі пры асабістай сустрэчы — і не ў памяшканні, а на вуліцы.
— Не дома, не па тэлефоне — толькі на вуліцы. Мы пісалі лісты, але ведалі, што іх чытаюць. Але яшчэ мы ведалі, што калі перадаць ліст на захад, напрыклад, праз дыпламата, то ёсць шанец, што гэты ліст будзе дастаўлены — і не ўскрыты Штазі. Але гэта было рызыкоўна і для саміх дыпламатаў. Напрыклад, магло апынуцца, што ліст перадаў шпіён. І ўсё ж мы карысталіся гэтым спосабам, у нас была сетка надзейных людзей.
Кантакты паміж звычайнымі людзьмі на Усходзе і Захадзе ладзіць было больш складана. У тым ліку менавіта праз недавер, які пасеялі ў нашым грамадстве супрацоўнікі дзяржбяспекі. Але мы размаўлялі — абмяркоўвалі кнігі ці стандарты ўзроўню жыцця. Але асабіста я часцей размаўляў з палітычнымі актывістамі.
“Калі нас саджалі ў турму, пра гэта даведваліся на Захадзе”
Бомберг быў асцярожны, і ўсё ж сутыкнуўся са шпіёнам. Жанчына, якая паабяцала перадаць яго песні на Захад, апынулася супрацоўніцай дзяржбяспекі.
Кантакты з Захадам былі важныя яшчэ і таму, што гарантавалі: у выпадку затрымання або арышту ўсходненямецкага актывіста пра гэта будуць ведаць.
— Калі хтосьці з нас трапляў у турму, мы ў зашыфраваным выглядзе паведамлялі пра гэта на Захад. У мяне там былі сябры-журналісты. І гэта было абаронай. Я ведаў, што калі штосьці здарыцца, мой выпадак стане публічным. Супрацоўнікі дзяржбяспекі баяліся публічнасці.
“Ён падышоў да мяне і прызнаўся, што быў інфарматарам”
— Я думаю, у тыя гады кожны згубіў сябра. Я губляў сяброў. Так, праз недавер. Бо вакол было шмат шпіёнаў. Але — я згубіў нямногіх. Многа з якімі сябрамі маладосці мы сябруем да гэтага дня. У большай часткі майго атачэння, палітычных актывістаў тых гадоў сітуацыя падобная.
Неяк былы лідар моладзевага клуба, мой даўні знаёмы, прызначыў мне стрэчу. Сказаў: мне трэба пагаварыць. Ён прыйшоў у мой кабінет і сказаў, што быў інфарматарам. Я ўдзячны яму за адкрытасць. Бо цяпер неабавязкова казаць пра гэта, а ён адважыўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.