Работнікі гандлёвай сеткі "Белмаркет" судзяцца з кіраўніцтвам
У гандлёвай сетцы "Белмаркет" узнік канфлікт паміж работнікамі і кіраўніцтвам. У шэрагу работнікаў "спісалі" грошы з заробку ў лік вялізных недастачаў, выяўленых падчас інвентарызацыяў 2016 года, паведамляе тэлеканал "Белсат".
Работнікі, нязгодныя з такім рашэннем кіраўніцтва, падалі ў суд, каб адстояць свае правы. У выніку шэрагу з іх кантрактаў не працягнулі. Так паступілі з тымі, хто падаў пазоў у суд на "Белмаркет". Такіх работнікаў толькі ў 136-м аддзяленні крамы ў аграгарадку Сеніца — 60 чалавек.
Шмат хто з аўтараў пазоваў працаваў у "Белмаркеце" не першы год. Жанчыны кажуць, што дагэтуль яны праводзілі не адну інвентарызацыю і сумы супадалі. Працаўніцы мяркуюць, што праблема можа быць звязаная з дэнамінацыяй або тэхнічная. Таксама яны не выключаюць, што тавары былі проста спісаныя. Па іх словах, ніхто не шукаў прычыны недастачаў.
"У нас есць ахова, што правярае нас дасканальна, сумкі ў нас правярае. Мы запісваемся калі прыходзім у краму і сыходзім з яе. У нас вельмі шмат камераў — такую колькасць тавару мы не маглі вынесці, бо гэта вялікая сума", — распавяла супрацоўніца "Белмаркету" № 143 ў вёсцы Бараўляны пад Мінска.
Па словах работнікаў, кіраўніцтва пачало ціснуць на тых, хто падаў у суд. "З 1 траўня ва ўсіх прадаўцоў і касіраў былі павышаныя аклады. Нам іх не павысілі — тым, хто звярнуўся ў суд", — паведаміла Святлана Сінкевіч з бараўлянскай крамы.
Старшыня прафсаюзнага камітэту "Белмаркет-компані" і адначасова намеснік дырэктара па сувязях з грамадскасцю Віталь Рунцо заявіў, што працаўнікоў крамаў лавілі на крадзяжах.
Суды паміж работнікамі і кіраўніцтвам пачаліся яшчэ летась і праходзяць у закрытым рэжыме. Нават іх колькасць у кампаніі называюць камерцыйнай таямніцай. Вядома, што некалькі судоў скончыліся на карысць работнікаў — ім вернуць грошы. Іншыя чакаюць пакуль пройдзе прызначаная судом эканамічная экспертыза.