Расія маніпулявала амерыканцамі праз гульню Pokémon GO

Расія маніпулявала амерыканцамі праз гульню Pokémon GO

Кампанія Facebook перад слуханнямі ў Сенаце, якія пройдуць 31 кастрычніка, назвала лічбу карыстальнікаў, якія ўбачылі расійскую палітычную рэкламу падчас прэзідэнцкай гонкі ў ЗША: 126 млн чалавек. Гэта 40% насельніцтва ЗША.

У аналізе экспертаў Facebook гаворыцца, што ў рэкламе непасрэдна не казалася пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Маўляў, гэта была спроба паглыбіць раскол у амерыканскім грамадстве, падліваючы алей у агонь у абмеркаванні спрэчных пытанняў. ЛГБТ-супольнасць, міграцыя, кантроль за абаротам зброі… Рэклама была нацэленая выключна на дэмаграфічныя ці сацыяльныя групы.

Па дадзеных амерыканскіх тэлеканалаў, па меншай меры за дзвюма групамі: Black Fist i BlackMatterUs — стаялі расійскія “тролі”, якія скарысталіся даверам палітычных актывістаў і знакамітасцяў, якія змагаюцца за правы афраамерыканцаў. Гэтыя суполкі спрычыніліся да арганізацыі акцый пратэсту супраць свавольстваў паліцыі ў дачыненні да афраамерыканцаў, а таксама да арганізацыі курсаў самаабароны, зноў жа для афраамерыканцаў. Грошы за правядзенне курсаў інструктарам плаціліся штомесяц праз кашалёк Google ці PayPal. Здымкі заняткаў пазней посціліся ў гэтых групах у Facebook i Instagram.

Адным з інструментаў маніпуляцыі стала гульня… Pokémon GO! У межах кампаніі “Don’t Shoot Us!”, якую арганізавала “фабрыка троляў”, быў зладжаны конкурс: удзельнікам прапаноўвалася лавіць пакемонаў у месцах, дзе паліцыя нібыта прымяняе гвалт у дачыненні да афраамерыканцаў.

Расія маніпулявала амерыканцамі праз гульню Pokémon GO
Гібрыд Геадуда і Дональда Трампа.

Як сцвярджае выданне The New York Times, кампанія Facebook зафіксавала ўмяшанне на сваіх платформах і перад выбарамі: яна выявіла пагрозы, скіраваныя на лідараў буйных палітычных партый. Пагрозы сыходзілі ад групы APT28 — агенцтва, якое амерыканскія службы бяспекі звязваюць з вайсковымі аперацыямі расійскай выведкі.

Таксама на слуханнях у Сенаце мусяць выступіць прадстаўнікі кампаній Twitter i Google. Па дадзеных Twitter, ботамі, звязанымі з Расіяй, падчас выбарчай кампаніі 2016 года было адпраўлена 1,4 мільёна твітаў. Google налічыў, што расійскія тролі запампавалі на 18 фэйкавых Youtube-каналаў 1000 відэа, якія набралі 309 тысяч праглядаў.

Google знайшоў доказы праплачанай рэкламы на канале Youtube, дзякуючы якой, загружаліся відэаролікі для распальвання міжрасавай варажнечы ў дачыненні да мігрантаў з той жа Сірыі ці абвастрэння адносінаў з прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

Паводле CNN, якая спасылаецца на чатыры ананімныя крыніцы, палітычная рэклама ў сацсетках у асноўным была скіраваная на два штаты — Мічыган і Вісконсін. Менавіта там перамога Дональда Трампа была вырашальнай у выбарчай гонцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі