Размеркаванне: Арганізацыі адклікаюць заяўкі на выпускнікоў
Праз месяц універсітэтам трэба размеркаваць сёлетніх выпускнікоў. Па прадпрыемствах гуляе крызіс, але дзяржава абяцала маладым спецыялістам першае працоўнае месца.
Будаўнічы факультэт БНТУ мае заяўкі толькі на палову выпускнікоў. Прычым, палову з гэтай паловы студэнты прынеслі самі: знайшлі першае месца працы.
"50% мы размеркавалі. Хлопцы самі цікавяцца, але чагосьці чакаюць. Цяпер горш, чым летась. Некаторыя арганізацыі ўжо адмовіліся. Але будзем шукаць, не накіроўваць жа іх на біржу", — смуткуюць у дэканаце. Чаму ж не адпусціць выпускнікоў працаўладкоўвацца самастойна, калі вакансій няма.
"Я размеркаваўся на "Інтэграл", сам знайшоў месца. Не планую працаваць па спецыяльнасці, пайшоў туды, каб атрымаць адносна свабодны графік", — апісвае сваё размеркаванне выпускнік БНТУ Валерый. Няпросты шлях.
Трактарны завод хоча ўзяць на размеркаванне толькі двух спецыялістаў з ВНУ
Ці застанецца наогул размеркаванне ў крызіс?
Машынабудаўнічы факультэт Брэсцкага тэхнічнага ўжо ведае, куды размеркаваць 70% бюджетнікаў. Але і тут заўважаюць: вакансій менш, чым было год таму.
"Ёсць і перспектыўныя вакансіі. Напрыклад, на фабрыку дзіцячых цацак "Палессе" у Кобрыне. Размяркоўваем нават на "Амкадор" у Мінск, яны разглядаюць некалькі чалавек", — паведамляюць у дэканаце.
Перспектыўная фабрыка "Палессе" прапануе маладым спецыялістам ад 6 да 8 мільёнаў на месяц.
78% выпускнікоў ужо гатовы размеркаваць у БДУ. Многія студэнты таксама самі знайшлі будучую працу.
"Я сама сабе месца шукала, — апісвае выпускніца журфака Ірына, — Патрапіла ў дзяржаўнае выдавецтва. У мяне пытанняў няма. А тым, хто не знайшоў, раяць шукаць самастойна. Дазваляюць нават у прыватныя ісці, бо заявак мала".
У Інстытуце журналістыкі за размеркаванне не пераймаюцца: дапаможа міністэрства інфармацыі.
"На сёння 80% заявак ёсць. І час яшчэ ёсць. Можа, нейкія пытанні і ўзнікнуць, але актыўна працуе міністэрства інфармацыі. У прынцыпе, у нас аптымістычны настрой".
Студэнты на выбарах: Што кандыдаты кажуць пра размеркаванне? Не ведаю
Пра кандыдатаў студэнты мінскіх універсітэтаў даведваюцца з улётак у паштовых скрынях.
У 2014 годзе права на самастойнае працаўладкаванне атрымалі толькі 3,5% ад усіх выпускнікоў, падлічвае Белстат. Еўрарадыё будзе сачыць, як зменіцца гэты паказчык сёлета.