Еўрапарламент можа заклікаць адмяніць чэмпіянат па хакеі ў Мінску
У праектах рэзалюцыі па Беларусі: чэмпіянат па хакеі, палітвязні і асуджэнне Лукашэнкі за абразу Вестэрвеле.
Шэсць праектаў тэксту рэзалюцыі па Беларусі прадставілі розныя палітычныя групы Еўрапарламента. Еўрадэпутаты прыйдуць да адзінага варыянта, з гэтай нагоды ўвечары 14 сакавіка адбудуцца дэбаты, а галасаванне па фінальным праекце рэзалюцыі адбудзецца 15 сакавіка.
Праект рэзалюцыі самай вялікай палітычнай групы — Еўрапейскай народнай партыі — заклікае федэрацыі нацыянальных хакейных зборных краін ЕС і ўсіх дэмакратычных нацый узняць на наступным Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея пытанне аб пераносе чэмпіянату з Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя. Наступны Кангрэс адбудзецца ў траўні ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкі.
Такая самая пазіцыя і ў групы лібералаў. Самыя моцныя фармулёўкі — у Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў: іх варыянт рэзалюцыі "падкрэслівае, што такое прэстыжнае мерапрыемства не павінна праходзіць у краіне, дзе аўтакратычны брутальны рэжым прывёў да пакутаў і прыгнёту тысяч грамадзян".
Тым часам тэкст рэзалюцыі ад сацыялістаў і дэмакратаў (другая па велічыні палітычная група Еўрапарламента) традыцыйна больш мяккі і пункта пра перанос хакейнага чэмпіянату не змяшчае ўвогуле.
Група "зялёных" заклікае не пераносіць чэмпіянат, а выкарыстаць яго для данясення шырокай публіцы інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Тэкст падрыхтаванага ім праекту "запрашае чыноўнікаў Міжнароднай федэрацыі хакея і спартоўцаў як свабодных і адказных грамадзян выказацца супраць рэпрэсій".
У якасці кампрамісу паміж рознымі палітычнымі сіламі пункт пра чэмпіянат па хакеі можа набыць больш мяккую фармулёўку. Больш за тое, калі ён застанецца ў фінальным праекце рэзалюцыі (еўрадэпутат Марэк Мігальскі ўжо паведаміў. што пукнт застаўся), то прадстаўнікі шматлікай групы Сацыялістаў і дэмакратаў могуць галасаваць супраць яго 15 сакавіка.
Прадстаўленыя праекты рэзалюцыі салідарна заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад самаізаляцыі і вызваліць зняволеных па палітычных прычынах, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Бандарэнку, Сяргея Каваленку.
Праект Еўрапейскай народнай партыі гаворыць, што рашэнне адклікаць амбасадараў усіх краін ЕС у Беларусі праваліла спробу беларускіх уладаў падзяліць ЕС у пытанні па санкцыях. Ён заклікае Савет ЕС, у святле дыпламатычнага канфлікту і далейшага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, пашырыць абмежавальныя меры, уключна з эканамічнымі.
Дакумент таксама асуджае абразлівую рыторыку Лукашэнкі да нямецкага замежнага міністра Гіда Вестэрвеле. Адзначаецца, што гэтая "асабістая атака перайшла ўсе межы дыпламатычнага этыкету". Нагадаем, кіраўнік Беларусі, намякаючы на арыентацыю нямецкага міністра, выказаўся, што "лепш быць дыктатарам, чым "блакітным".
Фота: euromag.ru