Някляеў абяцае прадаць Маскве трубаправоды і нафтаперапрацоўчыя заводы
Але вывесці з нашай тэрыторыі расійскую ракетную базу. А Бруселю прэтэндэнт прапануе падпісаць дамову аб партнёрстве з ЕС і адмяніць візы для еўрапейцаў.
“Расійскі вектар” для прэзідэнта Някляева будзе прыярытэтным у яго
знешняй палітыцы. Паводле словаў лідара кампаніі “Гавары праўду!”,
ніводная дамова з Расіяй, падпісаная сённяшнімі ўладамі Беларусі, не
будзе скасаваная. Але ўсе яны будуць перагледжаныя і ўпарадкаваныя. Пра
гэта прэтэндэнт у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў заявіў на сустрэчы з замежнымі журналістамі.
Уладзімір Някляеў: “Мы
прааналізавалі ўсё тое, што паназаключаў Лукашэнка за гэтыя 16 гадоў з
рознымі кіраўнікамі Расіі. Тут выдзяляюцца два блокі: дамоўленасці па
СНД і па саюзе Беларусь-Расія. Калі вылучыць з балбатні і смецця нешта
істотнае, то апынецца, што гэтага істотнага там не так ужо і шмат. Але
ёсць і вельмі важнае, што ні ў якім разе нельга выкінуць і адрынуць”.
З
таго, што застанецца, Някляеў і яго каманда сфармуе “канцэпцыю
адказнага суседства”, у адпаведнасці з якой і будуць будавацца адносіны з
усходнім суседам. На базе суседства будуць стварацца новыя
дамоўленасці. Найперш, у галіне эканомікі. Бо, на думку Ўладзіміра
Някляева, Беларусі жыццёва неабходныя інвестыцыі. І не важна, адкуль яны
прыйдуць: грошы нацыянальнасці не маюць.
Уладзімір Някляеў: “А вось што яму (расійскаму капіталу — ЕРБ)
тут рабіць — неабходна дакладна вызначыцца. Расійскі капітал павінен
набываць і забіраць тое, што і так з’яўляецца калі не расійскім, то
амаль што расійскім. І што, па вялікім рахунку, нікому акрамя Расіі і не
патрэбна. Да прыкладу, трубаправоды. Гэтыя трубы, якія ляжаць
дзесяцігоддзямі ў зямлі, патрабуюць рэканструкцыі, рамонту, вялізных
капіталаўкладанняў, якіх Беларусь не мае. І нафтаперапрацоўчыя заводы,
якія і так працуюць на расійскай сыравіне. Калі яны стануць ўласнікамі, з
расіянамі лягчэй стане рэгуляваць тыя пытанні, якія сёння амаль не
вырашальныя”.
Будуць прадаваць расіянам някляеўцы і іншыя
прадпрыемствы — праўда, пры ўмове іх мадэрнізацыі. Бо мадэрнізаванае
прадпрыемства будзе гарантавана функцыянаваць і забяспечваць працай
беларусаў.
Не
будзе ўрад Някляева ў аднабаковым парадку пераглядаць і існуючыя
ваенныя дамовы з Расіяй. Да прыкладу, у дачыненні да расійскай базы
ракет тактычнага прызначэння. Але ваенная дактрына патэнцыйнага
кандыдата на пасаду прэзідэнта не прадугледжвае іх наяўнасці на нашай
тэрыторыі. У будучыні.
Уладзімір Някляеў: “Я думаю, што
ў перспектыве ракеты будуць выведзеныя. Бо Беларусь ужо даўно аб’явіла
сябе нейтральнай дзяржавай. І гэтая стратэгія развіцця Беларусі не
стыкуецца з тактыкай прысутнасці тактычных ракет”.
Да абмеркавання гэтага пытання далучыўся і кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Яго каментар ледзь не выклікаў першы палітычны крызіс у камандзе прэтэндэнта.
Андрэй Дзмітрыеў: “Гэтае рашэнне вельмі складанае. Да таго ж, што вельмі важна, — у Беларусі Някляева вырашаць усё будзе не Някляеў”.
Уладзімір Някляеў: “Я не зразумеў!”
Андрэй Дзмітрыеў: “Выбачайце,
Уладзімір Пракоф'евіч! Мы ж кажам пра сур’ёзную канстытуцыйную рэформу,
у нас будзе парламент. І такія пытанні мусіць разглядаць не прэзідэнт —
такія пытанні павінен разглядаць парламент, абраны народам”.
А
вось “заходні вектар” сваёй знешняй палітыкі Ўладзімір Някляеў закрануў
не так грунтоўна, як усходні. Праўда, кажа, толькі з-за таго, што
наладжваць адносіны з Захадам Беларусі давядзецца фактычна з нуля.
Уладзімір Някляеў: “Гэты
вектар нам, па сутнасці, давядзецца маляваць з першай рысачкі. Мы
будзем супрацоўнічаць з ЕС вельмі актыўна. Бо менавіта з ЕС, з Захаду,
мы, як і Расія, можам атрымаць тое, на што разлічваем, — найперш,
нанатэхналогіі”.
Паводле словаў Уладзіміра Някляева, будзе
рабіцца ўсё дзеля таго, каб вярнуць Беларусь у Савет Еўропы,
Парламенцкую асамблею, АБСЕ. Але найперш, сказаў Андрэй Дзмітрыеў, будзе
падпісаная дамова аб партнёрстве з ЕС, а для еўрапейцаў зробленыя
бясплатныя візы.
Фота: Змітра Лукашука