Ярмошына адмовілася прымаць у Някляева празрыстыя скрыні
Старшыня Цэнтрвыбаркама распавяла, якія прэтэнзіі з'явіліся да падпісных лістоў прэтэндэнтаў, з каго будуць фармавацца участковыя камісіі, а таксама назвала пад
Нягледзячы на тое, што выбарчыя камісіі яшчэ не пачалі ўважліва правяраць падпісныя лісты прэтэндэнтаў у прэзідэнты, да іх ужо ёсць прэтэнзіі. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
Лідзія Ярмошына: “Занадта шмат пытанняў ужо пры здачы падпісных лістоў наконт таго, ці сапраўды ўсе тыя, хто падаў іх, сабралі гэтыя подпісы. Занадта шмат памылак кідаецца ў вочы. У некаторых кандыдатаў пададзеныя нават не самі падпісныя лісты, а ксеракопіі, што законам не прадугледжана”.
Праўда, удакладніць, хто канкрэтна так “пракалоўся”, Ярмошына не захацела. Маўляў, калі раённыя выбарчыя камісіі ўважліва ўсе лісты правераць, тады можна будзе казаць нешта канкрэтнае. Але папярэдзіла, што ксеракопіі нават правяраць не будуць. Завяршыцца ж гэтая праверка павінна да 8 лістапада. Таксама старшыня ЦВК нагадала, што калі 15% подпісаў будуць прызнаныя несапраўднымі, то і ўсе астатнія не ўлічаць, а прэтэндэнта не зарэгіструюць. Пры гэтым шматзначна заўважыла, што Ўладзімір Правальскі здолеў сабраць 109 тысяч 338 подпісаў не проста ў адным горадзе — Віцебску, але нават у адным Першамайскім раёне, дзе жыве ўсяго каля 115 тысяч выбаршчыкаў!
Дарэчы, сёлета неабходныя 100 тысяч подпісаў удалося сабраць рэкорднай колькасці прэтэндэнтаў за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Так, у 1994 годзе такіх палітыкаў было 7, у 2001 і 2004 — па 4.
Апроч таго, 31 кастрычніка завяршылася вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій. Чакаецца, што будзе створана 6390 камісій, а трапіць у іх выказалі жаданне амаль 84 тысячы чалавек. Самымі актыўнымі апынуліся звычайныя грамадзяне: шляхам збору подпісаў яны вылучылі амаль 35 тысяч чалавек. Працоўныя калектывы — каля 16 тысяч. Астатніх вылучылі партыі і грамадскія аб’яднанні.
Лідзія Ярмошына: “Ад грамадскіх аб’яднанняў, уключаючы палітычныя партыі, вылучана 32 842 чалавекі. Што тычыцца партый, то найбольш вылучыла Камуністычная партыя Беларусі — 700 чалавек. На другім месцы Аб’яднаная грамадзянская партыя — 505 чалавек. На трэцім месцы Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 468”.
Сярод грамадскіх аб’яднанняў самымі актыўнымі сталі прафсаюзы (10 072 чалавекі), “Белая Русь” (4 311) і Беларускі саюз жанчын (4 237).
Еўрарадыё нагадала старшыні ЦВК, што пасля фармавання тэрытарыяльных камісій шмат прэтэнзій было ў апазіцыі, чые прадстаўнікі туды амаль не трапілі. І пацікавілася, як будзе гэтым разам.
Лідзія Ярмошына: “Што тычыцца апазіцыйных партый, то, я думаю, у іх сапраўды ёсць падставы быць незадаволенымі вынікамі фармавання тэрытарыяльных камісій. Іх заяўкі былі задаволеныя толькі на 20%. Але каб прэтэнзій не было, неабходна задаволіць усе заяўкі — што ў прынцыпе немагчыма, бо заяваў больш, чым месцаў у выбарчых камісіях. І пакрыўджаныя будуць абавязкова”.
Журналісты звярнулі ўвагу на тое, што заяўкі БРСМ былі задаволеныя цалкам. Але Лідзія Міхайлаўна пакінула гэтае назіранне без уцямнага каментара.
А вось сведчанне падпалкоўніка міліцыі Казлова наконт фальсіфікацый падчас парламенцкіх выбараў 2008 года Ярмошына назвала правакацыяй. Бо, кажа, першапачаткова гэтая інфармацыя з’явілася ў дзень выбараў, і яе адразу праверылі.
Лідзія Ярмошына: “На месца, у гэтую выбарчую камісію, адразу былі накіраваныя правяральнікі з ЦВК. Увечары ўсе назіральнікі, міжнародныя ў тым ліку, мясцовыя, нацыянальныя — усе сабраліся на гэтым выбарчым участку. І ніякіх пытанняў пасля падліку галасоў і па выніках назірання ні ў воднай місіі не было”.
Пацікавілася Еўрарадыё і будучымі тэледэбатамі. Асабліва прэтэнзіямі патэнцыйных кандыдатаў да таго, што яны будуць у запісу. Але, паводле словаў старшыні ЦВК, яна такіх прэтэнзій не чула.
Лідзія Ярмошына: “Да нас звярнулася група грамадзян, у тым ліку, здаецца, 5 патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Яны просяць урэгуляваць некаторыя пытанні. У тым ліку і прадстаўленне СМІ для вядзення перадвыбарнай агітацыі. І ніводны з прэтэндэнтаў не заяўляе прэтэнзій з нагоды таго, што дэбаты будуць у запісу”.
Гэты зварот палітыкаў ЦВК будзе разглядаць 5 лістапада. Ярмошына паабяцала, што падчас пасяджэння яны ізноў вернуцца да разгляду гэтага пытання.
Напрыканцы сустрэчы Лідзія Ярмошына зрабіла заяву, з якой вынікае, што ў ЦВК любяць пажартаваць. Адказваючы на пытанне пра празрыстыя скрынкі для галасавання, якія паабяцаў набыць і падараваць выбарчым камісіям Уладзімір Някляеў, яна заявіла, што закон забараняе ім прымаць любую гуманітарную дапамогу. А словы сакратара Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка, які ў інтэрв’ю Еўрарадыё пагадзіўся гэтыя скрынкі ад Някляева прыняць, назвала жартам.
Фота: Змітра Лукашука