За два гады да аварыі 4-ы энергаблок ЧАЭС літаральна “пасыпаўся”
Аб гэтым сведчаць рассакрэчаныя дакументы украінскага КДБ.
У 2005 годзе Служба бяспекі Украіны публікуе шэраг сакрэтных дакументаў КДБ УССР, якія раскрываюць праўду пра будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС і выбух на ёй. Некаторыя з іх уражваюць. Аб парушэннях пры будаўніцтве станцыі спецслужбы дакладваюць яшчэ да пачатку яе працы.
“Асноўнымі прычынамі такога становішча на Чарнобыльскай АЭС, па думку вядучых спецыялістаў, з'яўляюцца затрымка ў выдачы АЭС тэхнічнай дакументацыі на важныя аб’екты некаторымі праектнымі арганізацыямі і несвоечасовая пастаўка на будаўніцтва АЭС асобнымі заводамі-пастаўшчыкамі абсталявання, а таксама нізкая якасць будаўнічых матэрыялаў, што пацвярджаецца фактамі”, -- піша ў 1976 годзе ў сакрэтнай справаздачы кіраўнік КДБ УССР па Кіеве і Кіеўскай вобласці Мікола Вакуленка.
Парушэнні пры будаўніцтве станцыі настолькі вялікія, што яшчэ да пачатку працы Чарнобыльская АЭС была небяспечнай для навакольнага асяроддзя.
“У красавіку 1976 года ў сувязі з парушэннямі тэхналогіі бетаніравання бака для вадкіх радыеактыўных адходаў ёмістасцю 5000 кубічных метраў па халатнасці прараба сталёвая абліцоўка бака была дэфармаваная. У выніку пры ўводзе ў эксплуатацыю бака, праз расколіны магла адбыцца ўцечка радыеактыўных адходаў і заражэнне навакольнай мясцовасці”, -- пісаў Вакуленка ў той жа справаздачы.
9 студзеня 1984 году кіраўнік 6-га аддзела УКГБ УССР Турко паведамляе, што югаслаўскія фірмы “Энергаінвест” і “Джура Джакавіч” паставілі на ЧАЭС няякаснае абсталяванне. У тым жа 1984 годзе, за два гады да аварыі, украінскі КДБ увогуле папярэджвае, што 3-ці і 4-ты энергаблокі літаральна “пасыпаліся”.
“Прызначаная ведамасная камісія з ліку спецыялістаў ЧАЭС… адзначыла, што сапраўды адбываецца працэс разбурэння рыгеляў, сколы ахоўнага пласта дасягнулі глыбіні 5 мм. І вышыні 20 мм. У асобных месцах выяўленае выпадзенне ахоўнага пласта рыгеляў глыбінёй да 50 мм, плошчай 400×400 мм. Зрух сценавых жалезабетонных і керамзітавых панеляў ад восі дасягае 30 мм. Назіранні, якія праводзяцца членамі камісіі, паказваюць, што за апошнія 2-3 месяцы адбываецца далейшае спаўзанне пліт перакрыццяў з рыгеляў”.
Гаворачы простай мовай – будынкі 3-ага і 4-ага рэактараў пачалі развальвацца. Бетонныя пліты адслойваліся ад каркасу.Пасля аварыі на ЧАЭС па ўсім СССР пачаліся праверкі на атамных станцыях. Даходзіла да абсурду. Рэактар Хмяльніцкай АЭС папросту заржавеў.
“На Хмяльніцкай АЭС усталяваны корпус рэактара з іржой на ўнутранай антыкаразійнай наплаўцы, што можа адмоўна адбіцца на надзейнасці яго эксплуатацыі. Адміністрацыяй… вывучалася магчымасць выкарыстання корпуса з паказаным дэфектам, аднак канчатковага рашэння аб прычыне яго ўзнікнення і рэкамендацый па ліквідацыі няма”.
Мала таго. Праз год пасля Чарнобыля, 19 студзеня 1987 года, на Ровенскай АЭС праводзіліся тыя ж выпрабаванні, што сталі прычынай выбуху на ЧАЭС. Супрацоўнікі станцыі дапусцілі тыя ж памылкі. Новай аварыі цудам не адбылося.Нават сёння жудасна чытаць сведчанні пра паводзіны ўладаў пасля аварыі. Асабліва ўражвае той дакумент, дзе гаворыцца пра нарыхтоўку радыёактыўнага мяса і масла.
“Нарыхтавана будзе каля 30 тысяч тон мяса і накіравана ў лядоўні Данецкай і Жытоміраскай абласцей. 15 тысяч тон масла, выпрацаванага з забруджанага малака, накіруюць у лядоўні Чаркаскай і Чарнігаўскай абласцей”, -- пісалі у справаздачы украінскія кадэбэшнікі 9 чэрвеня 1986 года. Гэта значыць праз паўтары месяцы пасля выбуху.
У беларускім КДБ карэспандэнту Еўрарадыё расказваюць, што дакументы датычныя будаўніцтва станцыі наўрад ці знойдуцца. А вось аб ліквідацыі наступстваў аварыі на тэрыторыі Беларусі – цалкам магчыма. Праўда, да публікацыі справа пакуль не дайшла.