Што павінен змяніць Кіеў у стаўленні да Беларусі як мага хутчэй

Протэсты-2020 / EPA
Протэсты-2020 / EPA

24 лютага 2022 года Беларусь разам з Расіяй зрабілася для Украіны дзяржавай-агрэсарам. Усе дасягненні ў беларуска-ўкраінскіх адносінах апошніх 30 гадоў фактычна ануляваныя. І гаворка не толькі пра палітыку. Адбылося радыкальнае змяненне ўспрымання Беларусі ў масавай свядомасці ўкраінцаў.

Напад на ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі зрабіўся траўмай для ўкраінцаў на доўгія гады, пасля чаго адносіны паміж народамі давядзецца адбудоўваць практычна з нуля.

Навуковы супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандр Шаўчэнка тэзісна напісаў, што павінен змяніць Кіеў у стаўленні да Беларусі як мага хутчэй, каб не даць пасварыць беларусаў і ўкраінцаў канчаткова. Яго артыкул, які грунтуецца на дакладзе аналітычнай групы "Беларусь у рэгіёне" Варшаўскага ўніверсітэта апублікавала "Еўрапейская праўда".

Беларускі інтарэс Украіны

Аб'ектыўным інтарэсам Украіны з'яўляецца само існаванне незалежнай Беларусі. Тут можна прытрымлівацца папулярнай у Польшчы формулы, паводле якой існаванне незалежных краінаў на прасторы ULB (Украіна, Літва, Беларусь) з'яўляецца аб'ектыўным інтарэсам Польшчы. Украінскі інтарэс у гэтым сэнсе цалкам супадае з польскім.

Магчымае ўключэнне Беларусі ў склад Расіі будзе азначаць больш за 1000 кіламетраў расійска-ўкраінскай мяжы на поўначы Украіны і далейшае ўзмацненне расійскага ўплыву ў рэгіёне. З іншага боку, кожны крок да паслаблення залежнасці Беларусі ад Расіі таксама аслабляе імперскія амбіцыі і магчымасці Расіі.

Відавочна, што знойдуцца галасы, якія скажуць, што незалежнасць Беларусі — гэта справа беларусаў, і гэта правільна. Але пакуль незалежнасць Беларусі застаецца аб'ектыўным украінскім інтарэсам, гэта таксама будзе пытаннем бяспекі Украіны і яе будучыні.

Польшча зразумела гэта яшчэ ў пачатку дзевяностых, таму канал "Белсат" працуе там ужо 15 гадоў на дзяржаўныя сродкі, ёсць шмат стыпендый для беларускіх студэнтаў, а для грамадзянаў Беларусі спрасцілі атрыманне пастаяннага віду на жыхарства, а не дэпартавалі іх з краіны. Гэта стратэгічнае бачанне сітуацыі і рэалізацыя ўласнай стратэгіі, якая рана ці позна дасць свае вынікі.

Что должен изменить Киев в отношении к Беларуси как можно скорее
Фота мае ілюстрацыйны характар / poszta.bel

Украіна вырачаная быць суседкай Беларусі, а значыць, аб'ектыўная зацікаўленасць у існаванні незалежнай Беларусі будзе для Украіны пастаяннай. Гэта, у сваю чаргу, азначае неабходнасць распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію ўласнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. А гэта патрабуе як мінімум невербальнага стаўлення да Беларусі з боку грамадзянаў Украіны, у тым ліку тых, хто пацярпеў і цяпер пакутуе ад ракет, пушчаных з тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, першай задачай грамадзянскай супольнасці ва Украіне і Беларусі з'яўляецца прадухіленне варожасці паміж сабой, ад якой выйграе толькі Масква.

Прынцыпы будучых статсункаў з Беларуссю

Пасля 24 лютага прадстаўнікі ўкраінскай улады розных узроўняў неаднаразова звярталіся да беларускага народа.

Чырвонай лініяй у гэтых зваротах і апеляцыях з'яўляюцца вельмі канкрэтныя тэзісы. Першы — гэта не вайна беларусаў, Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну марыянеткавым урадам Пуціна і Лукашэнкі. Другі — беларусы маюць магчымасць прадухіліць уцягванне ўласнай арміі ў баявыя дзеянні супраць Украіны. Іх можна лічыць пазіцыяй украінскіх уладаў адносна ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі. Адштурхоўваючыся ад гэтай пазіцыі, у будучыні можна будзе аднавіць адносіны Украіны з дэмакратычнай Беларуссю.

Уладзімір Зяленскі звярнуўся да грамадзянаў Беларусі і заклікаў іх не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны

На чым будуць будавацца будучыя ўкраінска-беларускія адносіны? Незалежная Беларусь — гэта нацыянальны інтарэс Украіны. Гэта фундаментальны тэзіс, з якога павінны пачынацца будучыя беларуска-ўкраінскія адносіны. Пры гэтым ён застанецца актуальным як у выпадку падзення рэжыму Лукашэнкі пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны, так і ў выпадку, калі яму ўдасца ўтрымацца ва ўладзе. Гэта толькі паўплывае на механізмы таго, як Украіна будзе падтрымліваць незалежнасць Беларусі, але сам гэты інтарэс застанецца нязменным пры любых абставінах.

Наступны — прызнанне Беларусі акупаванай дзяржавай як мінімум з 23 верасня 2020 года — у дзень "інаўгурацыі" Лукашэнкі. З боку Украіны гэта было б натуральным крокам, бо Кіеў не прызнае вынікі выбараў у жніўні 2020 года.

Улічваючы ўдзел расійскіх прапагандыстаў і сілавікоў у падаўленні пратэстаў у Беларусі і сталая прысутнасць расійскіх войскаў у краіне з тых часоў, ва Украіны ёсць усе падставы прызнаваць Беларусь акупаванай дзяржавай. Гэта дазволіла б вырашыць пытанне пра адказнасць Беларусі за ўдзел у ваеннай агрэсіі проста цяпер, усклаўшы яе на прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Першым крокам на гэтым шляху павінен зрабіцца разрыў дыпламатычных адносінаў з рэжымам Лукашэнкі.

Яшчэ адзін момант — аддзяленне беларускага народа ад рэжыму Лукашэнкі. Украінскія ўлады прытрымліваюцца гэтага прынцыпу на ўзроўні рыторыкі. З іншага боку, псіхалагічная траўма ўкраінцаў, якія цярпяць расійскія ракетныя ўдары з боку Беларусі, застанецца на гады, таму нават пасля заканчэння вайны тэзіс пра тое, што гэта была вайна Пуціна і Лукашэнкі, а не беларускага народа, застанецца актуальным.

Беларусы ўдзельнічаюць у барацьбе ўкраінцаў за свабоду як мінімум з 2014 года. Адной з першых ахвяраў рэжыму Віктара Януковіча падчас падзеяў Еўрамайдану зрабіўся 25-гадовы беларус Міхаіл Жызнеўскі. Гэтую смерць можна лічыць своеасаблівай адпраўной кропкай.

Что должен изменить Киев в отношении к Беларуси как можно скорее
Развітанне з Міхаілам Жызнеўскім / Еўрарадыё

У ліпені 2014 года быў сфармаваны полк беларускіх добраахвотнікаў "Пагоня", які ваяваў на баку Украіны на Данбасе. А ў чэрвені 2015 года з'явілася тактычная групоўка "Беларусь". Пасля 24 лютага беларускія воінскія часці былі аб'яднаны ў батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер ваюе ў складзе Узброеных сілаў Украіны.

Не варта забываць і пра барацьбу беларусаў унутры краіны. Самым яркім прыкладам гэтага з'яўляецца "чыгуначная вайна", фактычна пачатая адразу пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Ва ўмовах разгалінаванай сістэмы спецслужбаў і звязанай з гэтым вялізнай рызыкі такія дзеянні — не менш гераічныя, чым непасрэдны ўдзел у вайне. Таму прыклады такой барацьбы таксама могуць зрабіцца падмуркам для будучых украінска-беларускіх стасункаў.

Адсутнасць антыўкраінскіх настрояў сярод беларусаў з'яўляецца адным з ключавых фактараў, якія зрабілі немагчымым для Лукашэнкі прамое ўцягванне беларускіх вайскоўцаў у вайну Расіі супраць Украіны. Гэта азначае, што былі пачутыя вышэйзгаданыя заклікі ўкраінскіх палітыкаў і ў краіне адкрыўся іншы, нябачны, але вельмі эфектыўны фронт. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што гэтая вайна не з'яўляецца вайной беларускага народа.

Что должен изменить Киев в отношении к Беларуси как можно скорее
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё

Апошні тэзіс, які вельмі важны, але які дагэтуль неадназначна ўспрымаецца ва Украіне, — гэта прызнанне Святланы Ціханоўскай паўнапраўнай прадстаўніцай Беларусі.

Прычыны гэтага відавочныя. Акрамя таго, што такое прызнанне існуе з боку большасці заходніх краінаў, Ціханоўская ўжо ў першыя дні пасля расійскага ўварвання зрабіла важную заяву, у якой, па-першае, прызнала, што Лукашэнка зрабіў Беларусь дзяржавай-агрэсарам, па-другое, аддзяліла беларускі народ ад рэжыму, які зрабіўся саўдзельнікам злачынства Расіі, і, па-трэцяе, адкрыта падтрымала Украіну. Пасля яна абвясціла пра стварэнне ў Беларусі антываеннага руху, яшчэ раз падкрэсліўшы, што Лукашэнка з'яўляецца ворагам як для беларусаў, так і для ўкраінцаў, і выказала падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе з расійскай агрэсіяй.

Кіеў мае патрэбу ў новай стратэгіі стасункаў з Беларуссю не менш, чым беларускае грамадства. Бо альтэрнатывай гэтаму можа быць толькі захаванне паўночнага суседа Украіны ў арбіце Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі