Што рабіць, калі адпраўляюць у адпачынак за свой кошт

43 тысячы 908 чалавек у студзені працавалі няпоўны дзень (гэта ў 2,27 разу больш за студзень 2014).

59,6 тыс. чалавек знаходзілася ў адпачынку без ці з частковым захаваннем заробку (у 1,5 разу больш за студзень 2014).

72 тысячы працаўнікоў проста не працавалі, але атрымлівалі 2/3 заробку. Раней такой статыстыкі не было.

Агулам збіраецца 175,6 тыс. чалавек. Гэта цэлыя Баранавічы, якія не працавалі ў студзені, а траціна з іх яшчэ і не атрымлівала заробак.

“Але гэта было ў студзені, калі былі вакацыі на прадпрыемствах у Расіі. Наша вытворчасць і ад іх залежыць, расійскія партнёры і гэтак далей. Больш паказальнай статыстыка будзе за люты, пачакаем”, — кажуць у Белстаце.

Такім чынам, працы на прадпрыемстве няма, працадаўца прапаноўвае вам сысці ў адпачынак за свой кошт. Як дзейнічаць? Пагаджацца на адпачынак, на скарочаны працоўны дзень ці афармляцца ў прастой?

“Многіх вымушаюць ісці ў адпачынак без захавання заробку. Абараняць правы можна, не пагаджаючыся на такі адпачынак. Тое, што канстатуецца, што людзей адправілі ў такія адпачынкі, — парушэнне. Мы кажам, не пагаджайцеся — гэта вашае права. Гэта віна працадаўцы, што ён не можа даць вам працу”, — тлумачыць Алена Яськова, юрыст Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Юрыст заўважае, што работніку трэба настойваць на прастоі ці на скарочаным працоўным дні ці тыдні. Але гэта мусіць быць належна аформлена — менавіта прастоем ці няпоўным працоўным днём.

“У гэтым выпадку за работнікам захоўваецца 2/3 заробку, а ў некаторых выпадках і 100% заробку можа быць, калі на прадпрыемстве гэта рэгулюецца лакальнымі дакументамі. Прастой могуць афармляць, калі на працы няма аб’ёмаў, калі няма электрычнасці. У гэтым выпадку вы можаце ці быць на працы, ці не. Калі вас прымушаюць пайсці ў адпачынак — гэта незаконна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі