Сістэма электроннага браніравання чаргі на мяжы будзе платнай

Сістэму электроннага браніравання чэргаў беларускія памежнікі хочуць увесці ў канцы года. Плануецца, што спачатку яна запрацуе для фур на прапускным пункце “Казловічы”, а пазней і для легкавых машын.

“Пакуль будзем стартаваць з грузавога транспарту на прапускным пункце “Казловічы”. На “Казловічах” найлепш для гэтага падрыхтаваная інфраструктура. А потым сістэма запрацуе і для легкавых аўтамабіляў”, — расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Ён падкрэслівае, што сістэма пакуль будзе працаваць толькі на выезд з нашай краіны.

“Каб сістэма працавала і на ўезд, павінныя быць дамоўленасці і з боку палякаў. Пакуль такіх дамоваў няма, але калі з боку Польшчы будзе цікавасць да сістэмы — мы дапаможам, зразумела”.

Чакаецца, што для легкавых машын электронная чарга запрацуе на пункце пропуску “Каменны Лог” на мяжы з Літвой. Яна будзе дзейнічаць па ўзоры электроннай чаргі ў банку. Цяпер вядзецца праца, каб у перспектыве можна было зарэгістравацца і на сайце Памежнага камітэта яшчэ да адпраўкі ў дарогу.

“Спачатку мы будзем спрабаваць рэгістраваць фуры на пункце пропуску. Сістэма як у банку: прыехаў — атрымаў талон. У будучыні зарэгістравацца можна будзе на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэта яшчэ да паездкі. Гэта робіцца для таго, каб лагісты маглі пралічваць, калі адпраўляць фуру з таварам. Як паказвае практыка, наш сайт адкрываецца з любой мабільнай прылады, і з гэтым не павінна ўзнікнуць праблемы”.

Калі кіроўца прапусціць сваю чаргу, яму давядзецца нанава браць талон і станавіцца ў канец і зноў аплаціць чаргу.

Цікава, што электронная чарга будзе платнай.

“Колькі чарга будзе каштаваць, цяпер я сказаць не магу, гэта пытанне да фінансістаў. Але ж вы зразумейце, што такая сістэма не будзе працаваць проста так, яе патрэбна абслугоўваць, яна павінная акупляцца”, — тлумачыць Цішчанка і дадае, што беларускую сістэму электроннай чаргі распрацоўваюць па прыкладзе замежных калег.

“Праект не такі просты, не такі танны. Нават досвед краін, які мы вывучалі, мае шэраг недахопаў. Нас гэта не зусім задавальняе з пункту гледжання тых праблем, што ўзнікаюць. Колькі каштуе праект, не скажу. Ведаю, што ў некаторых краінах кошт такіх праектаў даходзіць да паўмільёна долараў. Гэта не проста праграма, гэта і сістэма адміністравання, захоўвання, бяспекі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі