Сланіха Бэйбі адчувае сябе добра і далей выконвае трукі на тумбах
Жывёла, якая ўпала з двухметровай вышыні падчас паказу, не пацярпела. Але гледачы спужаліся і мяркуюць, што крэслы ў першым радзе стаяць заблізка.
Пасля падзення Бэйбі паднялася самастойна, яе агледзелі ветэрынар і дрэсіроўшчык, бо ніхто не ведае жывёлу так, як "бацька", распавядае Еўрарадыё артыстка цырка Ганна Бонд:
"Са сланіхай усё ў парадку. Яна адпрацавала ўжо ў суботу і нядзелю. Звычайна Бэйбі выконвала гэты трук без эксцэсаў — заўсёды ўсё было добра. Аднак у гэты раз паслізнулася. Яна фактычна спаўзла з гэтай тумбы. Але ўлічваючы вялікія габарыты, крыху перавярнулася. Звышнатуральнага нічога не здарылася — хатнія жывёлы таксама падаюць! Але рэзананс у тым, што ўпаў слон! Непрыемная гісторыя. Аднак так бывае".
На відэа бачна, што Бэйбі ўпала зусім блізка ад гледачоў, на шчасце, ніхто не пацярпеў. Натуральна, што і жывёлы (на арэне было тры сланы), і людзі спужаліся. Як пішуць відавочцы на інтэрнэт-форумах, сітуацыю выратаваў вядучы шоў і дырэктар цырка Серж Бандарчук.
"Калі сланы падбеглі і пачалі раўці, усе гледачы спужаліся, бо ўсе ў асноўным былі з дзецьмі. Вядучы супакоіў гледачоў, сеў у зале разам з усімі. І працягвалася відовішча разам са сланамі. Сланы былі малайцы. Цырк спадабаўся мне і маёй сям'і, артысты таксама былі малайцы. Пасля відовішча усіх, на каго амаль не ўпаў слон, дырэктар запрасіў да сябе і падарыў квіткі на наступны год".
Па словах Ганны Бонд, бяспека гледача ўлічваецца ў любым цырку. Ёсць стандартныя памеры манежу — 13 метраў, бар'ер і агароджа. Праўда, прысутная на паказе публіка мяркуе, што ўсё ж першыя рады ў цырку "Дзіва" гаспадарам варта адсунуць далей.
"Першыя рады пастаўленыя вельмі блізка — людзі каленямі ўпіраліся ў металічную агароджу. На першым радзе сядзелі ўсе дарослыя і дзяўчынка гадоў 13-ці. І дзіця здорава спужалася, — прыгадвае Яўгенія, яна прысутнічала на прадстаўленні разам з маленькай дачкой. — Мы сядзелі ў трэцім радзе, адтуль дакладна можна было пачынаць першы рад".
Яўгенію падтрымлівае і Кацярына:
"Салідарна з тым, што першыя рады вельмі блізка ля арэны. Была ў той дзень на відовішчы і сядзела на тым самым першым радзе. Своечасова паспелі адскочыць. Перапужаліся ўсе, дырэктар цырка таксама быў напужаны... Але, дзякаваць богу, усё абышлося".
Прадстаўленні цырка "Дзіва" ў Магілёве працягнуцца да 19 ліпеня. Цырк знаходзіцца на тэрыторыі парка атракцыёнаў.
Фота: brestcity.com, tut.by