Слёзы польскага чэмпіёна і 10 тысяч фанатаў канькабежнага спорту ў Галандыі

Беларускіх удзельнікаў Алімпійскіх гульняў у Мінску сустракалі з аркестрам, ганаровай вартай і сцягамі. Еўрарадыё прасачыла, як іншыя краіны сустрэлі сваіх атлетаў.

Вяртанне нідэрландскіх канькабежцаў з Сочы атрымалася феерычным, як і выступ спартсменаў у чарнаморскім курорце. Яны выйгралі 23 з 36 медалёў у канькабежным спорце, таму прывітаць іх у 67-тысячным Асене сабралася 10 тысяч чалавек.

Польскіх канькабежцаў сустракалі больш сціпла. Але, расслабіўшыся ў шчырай атмасферы, алімпійскі чэмпіён Збігнеў Брудка разгаварыўся пра цяжкасці падрыхтоўкі, распавёў, што няма дзе трэніравацца, і нават пусціў слязу:

“Скажу вам, гэта было цяжка для мяне. Маю надзею, што пасля такіх поспехаў больш не будзем павінны паўтараць, наколькі важным з’яўляецца для нас лядовая арэна”.

Сапраўды, палякам медалі даліся з цяжкасцю. Лыжніца Юстына Кавальчык, якая выйграла золата са зламанай ступнёй, падчас урачыстай сустрэчы распавядала, што будзе ўзгадваць Сочы з настальгіяй.

Тым часам нямецкіх атлетаў у аэрапорце асабіста сустракаў прэзідэнт Германіі Ёахім Гаўк.

“Прэзідэнт паціснуў руку кожнаму нямецкаму спартсмену, які прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Мюнхена. Разам з ім 110 спартсменаў прывітаў мэр Мюнхена Крысціян Удэ”, — піша Deutsche Welle. Выданне дадае, што прывітаць алімпійцаў прыйшло і некалькі соцень заўзятараў, нават нягледзячы на расчараванне ад выступу (6-е месца ў медальным заліку ў параўнанні з 2-м у Ванкуверы) і допінгавага скандалу, у які трапіла нямецкая каманда.

Латвійскія хакеісты медалёў на Алімпіядзе не ўзялі, але сустракалі іх таксама як герояў. Калісьці, падчас кваліфікацыі, яны не дапусцілі да Гульняў нашу зборную, а цяпер годна выступілі ўжо ў Сочы, з мінімальным лікам прайграўшы ў чвэрцьфінале будучым чэмпіёнам канадцам.

Алімпійцаў з Вялікабрытаніі сустракалі па-хатняму, у асноўным сваякі, як вынікае з рэпартажа The Daily Mail. Два са сваіх чатырох медалёў брытанцы ўзялі ў кёрлінгу. Цяпер думаюць над тым, як лепей выступіць у Паўднёвай Карэі. Адзінае што: медальныя апетыты Вялікабрытаніі прыйдзецца зменшыць, калі аддзеліцца Шатландыя.

The Daily Mail: “Трэнер-шатландзец прызнаў, што няма “плана Б” для каманды Вялікабрытаніі, калі Шатландыя галасуе за незалежнасць. У той жа  час кёрлінгістка Ева Мюрхед  адзначыла, што гэта было дадатковым стымулам– змагацца за Вялікабрытанію, а не проста за Шатландыю”.

Гаспадароў Гульняў, расійскіх спартсменаў, таксама сустракалі заўзятары ў Маскве. Адзначаючы поспех трыўмфатараў Алімпіяды, у маскоўскім аэрапорце паставілі “Нас не догонят” у выкананні “Тату” і прывялі казачы ансамбль.

Варта дадаць, што беларускія алімпійцы, якія не ўзялі медалёў, вярталіся дадому рэгулярным рэйсам, а замест афіцыйнай цырымоніі іх сустракалі толькі сваякі.

Фота: onliner.by, ИТАР-ТАСС, przegladsportowy.pl, ntv.ru, ANP, apollo.lv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі