“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

12 ліпеня ў Беларусі пачаўся прыём дакументаў на паступленне ў ВНУ. Еўрарадыё паглядзела, як учорашнія школьнікі выбіраюць факультэты ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, як хвалююцца і кім хочуць стаць у будучыні.

Яшчэ на падыходзе да галоўнага корпуса ўніверсітэта, дзе працуе прыёмная камісія, сустракаем Ганну Дзядзюлю. Дзяўчына прыехала з Дзяржынска разам са сваёй цёцяй, каб падаць дакументы на механіка-матэматычны факультэт. Разам яны чытаюць у смартфоне, дзе можна працаваць пасля мехмата.

Нягледзячы на знешнюю ўпэўненасць, Ганна распавядае, што насамрэч пакуль вагаецца, і не ведае, які факультэт абраць: фізічны ці ўсё ж такі мехмат.

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

“Я яшчэ не падала дакументы, а толькі запоўніла анкету і напісала заяву. Я збіраюся ісці на мехмат, але гэта было вельмі складана выбраць, таму што ў апошнія дні мы падумалі: “А можа быць, увогуле не на мехмат? Можа быць, на фізфак?”. Але на мехмаце ёсць цэлых восем спецыяльнасцяў. Цэлы год я маральна рыхтавала сябе да адной — камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз. Але потым мне задалі пытанне: “А ты ўвоугле хочаш займацца матэматыкай? Табе падабаецца матэматыка?”. І тут я задумалася, стала вельмі складана”.

Розныя людзі раяць паступаць на розныя спецыяльнасці. На адной такія магчымасці, а на іншай — яшчэ лепшыя.

І каму верыць, што рабіць, я не ведаю. Цяпер, напэўна, я думаю ісці на камп’ютарную матэматыку і сістэмны аналіз. Але другі варыянт — матэматыка і...” — раптам спыняецца Ганна.

...і эканамічная дзейнасць!” — падказвае дзяўчыне цётка. Дарэчы, яна сама рыхтавала пляменніцу і па сумяшчальніцтве хросную дачку да ЦТ па матэматыцы.

На ЦТ Ганна Дзядзюля набрала 355 балаў. Вельмі шмат дзяўчына рыхтавалася сама. Кажа, што бывалі такія дні, калі магла спаць па 2-3 гадзіны. Па беларускай мове ў дзяўчыны быў рэпетытар. У выніку фізіку напісала на 70, матэматыку — на 96, беларускую мову — на 90, а за атэстат у Ганны 9,9. Выдатніца!

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

Праз два тыдні Ганне споўніуца 17 гадоў, а яна ўжо паспела зрабіць разам з сяброўкай Настай вялікае даследаванне па фізіцы. Дзяўчаты нават занялі першае месца на рэспубліканскім этапе конкурсу.

“Спачатку наш выкладчык па фізіцы папрасіў нас паўдзельнічыць ў конкурсе даследчых прац, адразу толькі на раёне. У нас была тэма пра далучаную масу і праверку закона Архімеда. Нам трэба было растлумачыць, чаму паплавок трымаецца на вадзе, як гэта адбываецца”.  

Вольнага часу ў Ганны амаль ніколі не было, а асноўным сваім хобі яна лічыць фізіку. Прызнаецца, што нават не было часу чытаць кніжкі. Апошняя, якую прачытала дзяўчына, — раман Джорджа Оруэла “1984”.

У першы дзень падачы дакументаў абітурыентаў у галоўным корпусе не так шмат. Амаль усе прыйшлі з бацькамі. А вось Сцяпан Цыўнэль з Браслава прыехаў падаваць дакументы з братам Максімам. Хлопец пайшоў па яго слядах і вырашыў паступаць на геафак. Яго старэйшы брат скончыў геаграфічны факультэт сёлета.

Але набраў Сцяпан толькі 236 балаў. Гэта менш, чым было трэба ў мінулым годзе, каб паступіць на бюджэт. А вучыцца на платным магчымасці няма — у іх сям’і, акрамя Максіма і Сцяпана, яшчэ чацвёра дзяцей. Максім — старэйшы, другая — сястра, якая вучыцца ў Акадэміі МУС, а Сцёпа — сярэдні.

Калі не бюджэт на геафаку, дык іншы варыянт, які хлопцы ўжо прыдумалі.

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

“Напрыклад, у БНТУ на Аўтатрактарны факультэт, на спецыяльнасць, звязаную з арганізацыяй дарожнага руху”.

Сцяпан шчыра прызнаецца, што амаль не рыхтаваўся да ЦТ, таму здаў не вельмі добра. Хаця і мае някепскі атэстат — 8,6. Максім абараняе брата: шмат трэба дапамагаць бацькам па доме і з малодшымі дзецьмі.

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ
Сцяпан Цыунэль разам з братам Максімам.

Ніякіх хобі, па словах Сцяпана, у яго няма. Вольны час хлопец траціць нават не на камп’ютарныя гульні, а проста праседжвае ў “Вконтакте”. На пытанне пра тое, што цяпер папулярна ў моладзі, адказвае адным словам: “Мемесы”. Што да будучыні, дык за Сцяпана адказвае Максім: калі паступіць на геафак, дык з працай ён брату дапаможа.

Размаўляюць хлопцы нядоўга: Максіму трэба бегчы па справах, а дакументы яшчэ не пададзеныя.

На выхадзе ва ўнутраны дворык БДУ сустракаем Яўгенію Габец. Яна прыйшла ў галоўны корпус БДУ разам з маці. Дзяўчынка з ўпэўненасцю кажа, што паступае на факультэт журналістыкі, і нават ужо бачыць сябе культурным журналістам ці крытыкам. Таму, лічыць дзяўчына, яе месца на літаратурнай працы.

ЦТ яна здала добра. 99 балаў па беларускай мове, а па гісторыі Беларусі 81. У атэстаце ў Жэні — 9,1. Наперадзе ў яе яшчэ ўступныя іспыты на журфаку.

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

“Журфак — гэта як раз для мяне, таму што мне падабаецца ствараць, я практыкую сябе ў асноўным у напісанні артыкулаў пра культуру. Яшчэ я люблю пісаць вершы, прозу. Думаю, я выберу менавіта кірунак “Крытыка”, таму што хачу навучыцца крытыкаваць правільна і разумна”.

“Спала па 2-3 гадзіны”. Як першыя абітурыенты падаюць дакументы ў БДУ

Абітурыенты не заўсёды хочуць размаўляць з журналістамі. Хтосьці саромеецца, хтосьці вельмі хвалюецца. Арцём вельмі просіць яго не турбаваць, бо ён заняты — шукае свой факультэт, які раптам кудысьці знік.

На самой жа справе, факультэт не знік. Малады чалавек хацеў паступіць у Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, які сёлета аб’ядналі з Інстытутам бізнесу і менеджменту тэхналогій. Так утварыўся Інстытут бізнесу БДУ.

Дарэчы, усе абітурыенты, з якімі мы размаўлялі, здавалі цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі