Стварэнне народнага апалчэння — ініцыятыва правільная. Але ёсць адно "але"

У Беларусі, магчыма, гэта будзе створана для галачкі, мяркуе Арцём Шрайбман
У Беларусі, магчыма, гэта будзе створана для галачкі, мяркуе Арцём Шрайбман

Стварыць народнае апалчэнне — з пункту гледжання дзяржавы ініцыятыва правільная. Але ў Беларусі гэта можа быць зроблена проста "для галачкі", лічыць палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

"На паперы гучыць неймаверна правільна, добра, прагрэсіўна. Мы ўбачылі, як ва Украіне тэрабарона паказала сябе добра. Мы ўбачылі, што найлепшыя войскі свету, я маю на ўвазе самыя, скажам так, якія лічацца эфектыўнымі — Швейцарыя, Фінляндыя, яны таксама разлічваюць на тэрабарону. І ў гэтым сэнсе вельмі прагрэсіўнае пачынанне было зроблена яшчэ ў 2015–2016 гадах, калі ва Украіне перагледзелі вайсковую дактрыну. І цяпер тое самае на хвалі вайны з Украінай".

Лукашэнка адкрыта кажа, што ўкраінскі супраціў паказаў, што ён моцны ў такіх і такіх сваіх аспектах. І заявіў: давайце вучыцца.

"Ведаеце, яны прыбралі губернатараў у генеральскія пагоны і проста пастроілі іх шарэнгай перад Лукашэнкам на адной нарадзе — і на гэтым усё. Гэта адна сітуацыя. Або зараз яны зробяць кожнага губернатара кіраўніком апалчэння народнага. Яшчэ адна сітуацыя — калі яны рэальна будуць ствараць нейкія структуры, у чым я сумняваюся".

Але нават калі структуры і будуць рэальна створаныя, то хто пойдзе туды служыць?

"У беларускім грамадстве, нават у расійскім грамадстве, я так разумею, цяжка ідзе набор добраахвотнікаў на вайну, а ўжо ў беларускім грамадстве будзе цяжка знайсці ахвочых ісці ў вайсковыя структуры. Толькі, напэўна, нейкая вельмі вялікая беднасць у рэгіёнах можа заахвоціць людзей ісці ў такія падраздзяленні, калі гэта наогул структура, якая аплачваецца".

Па словах Шрайбмана, Мінск не хавае, што такія рэчы ён робіць для таго, каб любы агрэсар, адкуль бы ён ні прыйшоў, успрымаў Беларусь як тэрыторыю падвышанай небяспекі.

У той жа час палітычны аглядальнік сумняваецца, што ў Беларусі дойдзе да раздачы зброі: "Я думаю, што гэта проста будзе нешта фармальнае, дзе ўжо наяўным чыноўнікам дададуць пасады".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі