Судаленка: Разумею, што апошні раз бачыў маці, бо не ведаю, калі я вярнуся дамоў
Леанід Судаленка / "Наша Ніва"
Праваабаронца Леанід Судаленка пасля вызвалення прыехаў пабачыцца з маці — і з’ехаў з Беларусі. Зрабіў гэта ў тым ліку па просьбе жонкі, якая сказала, што лепей будзе прыязджаць да яго ў Вільню, чым “на Віцьбу” — у віцебскую калонію, куды беларускі суд накіраваў праваабаронцу.
— Да маці заехаў, разумею, што апошні раз яе бачыў, бо калі наступны раз у Беларусі буду, і не ведаю. А калі б мяне яшчэ раз пасадзілі, то я чалавек ужо немалады і з праблемамі, для мяне гэта квіток у адзін канец будзе, — расказвае Судаленка ў інтэрв’ю “Нашай Ніве”.
Праваабаронца расказаў пра побытавыя ўмовы ў калоніі. Выжыць на той ежы, якую прапануе турэмная кухня, складана.
— Там ні вітамінаў няма, нічога, ну і яе ў прынцыпе часам складана есці, калі толькі не галодны, — кажа Судаленка. Ратуюць зняволеных толькі пасылкі па 50 кілаграмаў, якія можна перадаваць раз на чатыры месяцы.
Ён кажа, што ў параўнанні з жудаснымі ўмовамі гомельскага ШЫЗА, побыт у калоніі можна назваць прыстойным, бо там нядаўна зроблены рамонт.
— Запомнілася, як нейкі няшчасны ў гомельскім СІЗА ў дзверы калаціў ноччу: “Доктара-доктара!”. А яму такім жалезным голасам з калідора адказалі, што “врач сюда приезжает только в одном случае — зафиксировать смерть”.
Што стала з тым чалавекам, Судаленка не ведае.
— А вось у калоніі паміралі. Ад чаго, я не ў курсе, людзі ж і ад хвароб паміраюць, не ведаю абставінаў, — кажа праваабаронца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.