Sun Glitters: “Быць музыкам з “невядомай” краіны — вялікі плюс!”
Музыка з Люксембурга распавядае Еўрарадыё, як быць артыстам у краіне, дзе жыхароў у 3 разы менш, чым у Мінску.
“Інтэлектуалізаваць” беларускую сцэну — зусім нядаўна такую мэту прыдумляе сабе маладая прома-група QuePromo. Хлопцы пачынаюць серыю вечарынак і канцэртаў, адрозных ад таго “тэхна, хаўза і дабстэпа”, якія цяпер гучаць у клубах.
Еўрарадыё наведвае адно з гэтых intelligent music шоў, на якое ў якасці хэдлайнера прыязджае люксембургскі музыка з сонечным псеўданімам Sun Glitters. Згодна з анонсам, ён мусіць сыграць цудоўны chillwave.
Пасля гадзіннага сэту ў Loft Café сумневаў не застаецца: chillwave выдатны. І расказаць пра яго неабходна.
“Гэта indietronica, мікс электроннай музыкі з рокам”
Еўрарадыё: Віктар, як вы сябе адчуваеце пасля выступу ў Мінску?
Sun Glitters: Адчуваю выдатна. Сапраўды. Для мяне заўсёды знаходжанне ва ўсходніх краінах — лепшы досвед. Кожны раз, калі прыязджаю — гэта заўсёды цудоўна, AMAIZING!
Еўрарадыё: Ага, тут з вамі фатаграфуюцца, бяруць аўтографы!
Sun Glitters: Так, гэта выглядае дзіўна. Але мне падабаецца, я магу адчуць сябе сапраўдным артыстам! (смяецца)
Еўрарадыё: Стыль музыкі, якім заманьвалі на ваша шоў, называецца chillwave. Распавядзіце, чаму вы граеце менавіта яго?
Sun Glitters: Па шчырасці, я не асацыюю сябе менавіта з chillwave. Так, людзі часам кажуць, што я раблю chillwave, і нават post-step. Але для мяне гэта не зусім трапнае слова, таму што на мяне вельмі вялікі ўплыў зрабіла рок-музыка, у тым сэнсе, што я люблю міксаваць усе гэтыя рок-стылі. Я б называў гэта indietronica, мікс электроннай музыкі з рокам. Канечне, у мяне ёсць некаторыя элементы чылвэйву, і таму што чылвэйв цяпер вельмі папулярны, людзі асацыююць мяне менавіта з ім. Ну і ок, мне гэта не замінае.
“Каб зразумець сучаснае мастацтва, трэба мець ве-е-льмі моцнае ў’яўленне. Ну, ці два куфлі піва”
Еўрарадыё: Як вы пачуваецеся ў сучасным мастацтве? Што з яго выкарыстоўваеце ў сваіх шоў?
Sun Glitters: Я вельмі люблю паказваць відэа падчас маіх сэтаў. Слухачы могуць пранікнуць глыбей у мой свет, і зразумець, куды я рухаюся. У Люксембургу мне яшчэ пашчасціла быць знаёмым з адной выдатнай танцоркай, у нас ёсць ідэя зрабіць асаблівае шоў для В’етнама. Яна паспрабуе станцаваць маю музыку! Паглядзім, калі атрымаецца, магчыма, я ўпрыгожу свае выступленні такімі шоў.
Але што тычыцца сучаснага мастацтва і выкарыстання яго ў маёй музычнай творчасці — гэта вельмі складаная тэма.
Еўрарадыё: Складаная? Чаму?
Sun Glitters: Таму што вельмі дзіўныя рэчы робяцца ў гэтым сучасным мастацтве, і, часам, публіка зусім не разумее, што ўсё гэта значыць. І шчыра, я не вельмі сябе бачу ў гэтым накірунку. Я лічу, што маю музыку людзям нашмат лягчэй зразумець, чым якую-небудзь карціну, на якую будзеш глядзець і задавацца пытаннем: “І-што-гэта?”. Для таго, каб зразумець сучаснае мастацтва, трэба мець ве-е-льмі моцнае ў’яўленне. Ну, ці два куфлі піва, якія дапамогуць разабрацца.
Еўрарадыё: Тым не менш, сюжэты ў відэа да вашай музыкі — не самыя простыя. Напрыклад, Аліса з Краіны цудаў, за якой ганяюцца з нажом героі Кэралаўскай казкі.
Sun Glitters: Так, сюжэты да відэа няпростыя, але гэта залежыць ад рэжысёраў, якія бяруцца працаваць над імі. Гэта іх светапогляд , ну, я і не супраць.
А што тычыцца Алісы — гэта было вельмі спецыфічнае відэа. Сцэну з нажом я, шчыра, спачатку не зразумеў, але калі мне дырэктар усё патлумачыў, я пагадзіўся. І добра, бо рэакцыя была вельмі пазітыўнай.
“Людзі заўсёды здзіўляюцца: “Люксембург? Дзе гэта? Што там за музыка?”
Еўрарадыё: Распавядзі пра музычную сцэну Люксембурга. У вас там колькі, 500 тысяч чалавек на ўсю краіну?
Sun Glitters: Цяпер ужо крыху больш людзей, 600 тысяч. Але гэта, вядома, вельмі мала, і музычная сцэна ў нас вельмі маленькая. Але, тым не менш, у нас ёсць цікавыя музыкі. Напрыклад, пост-рок-гурт Mutiny on the Bounty, яны вельмі хутка сталі папулярнымі ў іншых краінах. Але Люксембург — вельмі маленькі, і вельмі складана, каб свет цябе заўважыў. Я вельмі шчаслівы, што “Pitchfork” [чыкагскі музычны інтэрнэт-часопіс. — Еўрарадыё] аднойчы паставіў мой трэк трэкам тыдня, і гэта мне вельмі дапамагло развівацца ў гэтым накірунку музыкі. І як вынік — прыехаць у Мінск.
Еўрарадыё: У Люксембургу ёсць якія музычная фестывалі?
Sun Glitters: Так, вядома, цяпер іх некалькі. “Food for your Senses” добра развіваецца і робіцца вельмі цікавым фэстам. Гэта іх сёмая эдыцыя, яны запрашаюць добрых музыкаў, сапраўды стараюцца нешта рабіць у Люксембургу, і гэта цудоўна.
Ёсць іншыя фэсты, і добрыя. Але я маю праблему: не вельмі люблю там выступаць. Мне больш падабаюцца ўласныя сэты, як у Мінску, таму што ты можаш быць у большым кантакце са сваімі прыхільнікамі. А на фэстах я часта адзін, на вялікай сцэне, і адчуваю сябе згубленым. А яшчэ калі ў арганізатараў няма магчымасці паказваць мае праекцыі — мне ўвогуле гэта не падабаецца.
Дарэчы, я быў на адным цікавым фэсце ў Расіі — “Папулярная Механіка”. Вось ён быў круты, хоць там і вялікая пляцоўка, якую я не люблю, але там быў такі вялікі экран для праекцыі відэа!
Еўрарадыё: Якія стылі музыкі любяць люксембуржцы?
Sun Glitters: Збольшага — рок. Шмат людзей загразлі ў такіх рэчах, як Metallica, Iron Maiden, але цяпер людзі пачалі адкрываць і знаходзіць шмат новай музыкі. Але, у тым ліку, і вельмі шмат мэйнстрыму. Людзі апантана слухаюць Шакіру, Беёнсэ!
Я ж, як і некаторыя мае сябры, раблю электронную музыку. І для мяне, дарэчы, вельмі важна быць менавіта люксембургскім музыкам, таму што гэта новае, таму што людзі заўсёды здзіўляюцца: “Люксембург? Дзе гэта? Што там за музыка?”. Лепш быць новым, з невядомага месца, чым з якога Лондана, напрыклад.
Еўрарадыё: Такім чынам, нашы музыкі не мусяць цурацца таго, што яны з Беларусі, таксама.
Sun Glitters: Вядома, не трэба саромецца свайго паходжання! Усё, што мае значэнне — гэта што мы робім, у дадзеным выпадку, у сваёй музыцы. Толькі гэта важна, а адкуль ты... Ды якая розніца, калі твая музыка падабаецца людзям? У музыкі няма межаў.
Фота: www.sunglitters.com