Супрацоўнікаў у цывільным патрабуюць апрануць у міліцэйскую форму

 

Супрацоўнікаў міліцыі пераапранулі ў цывільнае для барацьбы не з апазіцыяй, а са злачыннасцю. І гэты “манёўр сіламі і сродкамі” адразу даў станоўчы вынік. Такое тлумачэнне дае начальнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў падчас прамой лініі.

Аляксандр Барсукоў: “Мы зараз працуем ў цывільнай вопратцы. Бо, убачыўшы супрацоўніка міліцыі, звычайна спрабуюць спыніць супрацьпраўныя дзеянні, калі такія маюцца, альбо — спрабуюць сысці, заўважыўшы супрацоўнікаў міліцыі. А калі ў цывільным — можна спакойна падысці, “зафіксаваць”, выклікаць нарад міліцыі і спрацаваць”.

І метад працуе, упэўнівае Барсукоў. Нібыта, дзякуючы гэтаму павялічваецца і колькасць раскрытых крымінальных злачынстваў, і грамадскі парадак лепш захоўваецца.

Сапраўды, тлумачыць юрыст Уладзімір Букштынаў, як павінен быць апрануты міліцыянер падчас выканання задання, ніякім законам не вызначана. Працаваць у цывільным міліцыянерам дазволіў сваім загадам былы міністр унутраных спраў Куляшоў. Чым, упэўнены юрыст, зрабіў горш для іх саміх.

Уладзімір Букштынаў: “Супрацоўнік міліцыі ў цывільным менш абаронены, чым супрацоўнік у форме — да яго зусім іншае стаўленне з боку грамадзян. Тым больш — без усялякіх апазнавальных знакаў. Ён сам рызыкуе ў большай ступені! Такая практыка ставіць пад пагрозу інтарэсы міліцыі”.

 
 

Маўляў, чалавек, якога спрабуюць запіхаць у машыну без нумароў невядомыя ў цывільным, мае законнае права абараняцца ад гвалту з іх боку. І права гэта дае нам… Крымінальны кодэкс!

Гэтым правам, дарэчы, 25 ліпеня паспрабаваў скарыстацца актывіст Віталь Васількоў. Калі людзі ў цывільным запіхвалі хлопца ў мікрааўтобус без нумароў, ён пачаў вырывацца і біць у дзверы машыны нагамі. Вось толькі гэта мала дапамагло — і на суткі трапіў, і ад яго яшчэ патрабуюць кампенсаваць нанесеную службовай машыне шкоду.

“Хай яшчэ дзякуй скажуць, што Віталь нікога не ўдарыў па твары! — так каментуе сітуацыю з затрыманнем сябра самы часты сярод “маладой апазіцыі” госць Акрэсціна Павел Вінаградаў. Але ў адказе на пытанне, чаму сам нікому з цывільных да гэтага часу сківіцу не зламаў, сцішвае байцоўскі імпэт. — Калі я буду супраціўляцца, то пойдуць зусім іншыя артыкулы — гэта будзе канкрэтны крымінал і я дакладна сяду надоўга. А калі я сяду, то ўпадзе на парадак колькасць акцый пратэстных і перфомансаў”.

 
 

Тым не менш кампанія “Гавары праўду!” вырашыла не пакідаць без увагі працу супрацоўнікаў у цывільным на машынах без нумароў. І накіроўвае адмысловы зварот у парламент, Саўмін і да старшыні грамадскага савета пры МУС Генадзя Давыдзькі. Каб тыя ініцыявалі змены ў закон “Аб міліцыі”. 

Але якая розніца для апазіцыянера, у форме чалавек, які яго затрымлівае, ці не, цікавіцца Еўрарадыё ў Паўла Вінаградава.

“Асабіста для мяне — розніца невялікая! — пагаджаецца лідар “Zмены”. —  Але я гляджу на сітуацыю з пункту гледжання простага чалавека — актывіст ён ці не актывіст — яму, як мінімум, страшна. І гэта для яго стрэс: нейкія незразумелыя дзядзькі хапаюць і запіхваюць у машыну. А калі відаць, што гэта супрацоўнік міліцыі, то ты можаш разлічваць, што яны будуць дзейнічаць у рамках заканадаўства. А бандыты — не будуць. І ты як мінімум ведаеш, што цябе не заб’юць”.

 
А Уладзімір Букштынаў дадае:

“Зламае Вінаградаў сківіцу супрацоўніку міліцыі — распачынаюць адразу супраць Вінаградава крымінальную справу. І пытанне стане наконт доказаў. Зразумела, у судзе супрацоўнік міліцыі будзе сцвярджаць, што ён спадару Вінаградаву паказаў сваё пасведчанне. Здагадайцеся з двух разоў, каму паверыць суд”.

Здагадацца можна і з аднаго разу. Але ёсць сустрэчнае пытанне: ці вераць самі складальнікі звароту, што ад яго будзе плён?

“Пісаць у гэтыя структуры… Мы разумеем, што гэта выніку рэальнага не дасць, — шчыра прызнаецца лідар кампаніі Уладзімір Някляеў. І тлумачыць, для чаго насамрэч яны гэта робяць. — Але мы хочам у межах “Народнага рэферэндуму” ўзняць гэту тэму ў грамадстве”.

 
 
 

У тым, што наўрад ці нешта зменіцца пасля іх звароту, упэўнены і Вінаградаў. Але ж, дадае, трэба паказаць, што некага гэта пытанне хвалюе і нехта яго ўздымае.

Дарэчы, пад абавязковае нашэнне формы, паводле патрабавання “Гавары праўду!”, трапляюць і шматлікія відэааператары з мінікамерамі, але без акрэдытацыі. Карацей, апазіцыя хоча дакладна ведаць як тых, хто іх хапае, так і тых, хто іх здымае для гісторыі.

Фота: Змітра Лукашука, http://www.svaboda.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі