Супрацьзачаткавыя даражэйшыя ў Каменнай Горцы, віягра ў Першамайскім раёне

Цэны на лекі, як айчынныя, так і імпартныя, уражваюць. Узяць хаця б гарманальны прэпарат “Дзюфастон”: у Мінску можна знайсці і за 156 000, і за 286 000 рублёў!

“Значыць, недзе ёсць старыя запасы гэтых таблетак. Некаторыя аптэкі маюць вялікія складскія памяшканні і могуць закупіць прэпараты і прадаваць іх па старых цэнах,  а дробныя не могуць гэтага зрабіць, таму там хутчэй вымываецца тавар і прыходзіць новы па новых коштах. Курс валюты вырас. Адпускная ж цана фарміруеюцца з улікам кошту субстанцый, вытворчага працэса. Калі кантракты на пастаўку заключаныя ў валюце, кошт лекаў будзе залежыць ад росту валюты”, — тлумачаць вялікую розніцу ў цэнах на лекі ў Міністэрстве аховы здароўя.

На цану лекаў уплывае не толькі курс долара, але і аддаленасць ад цэнтра і нават узрост насельніцтва ў канкрэтным раёне! Сталыя людзі больш купляюць, да прыкладу, прэпараты супраць ціску — яны “вымываюцца” хутчэй, а ў раёне, дзе жыве моладзь, на ўра ідуць прэзерватывы і супрацьзачаткавыя.

“Да прыкладу, у Каменнай Горцы (нам неяк тэлефанаваў мужчына і скардзіўся)  супрацьзачаткавыя будуць даражэйшыя, бо многа моладзі, і іх хутчэй раскупляюць. Новы завоз і новыя цэны”, — прыводзяць прыклад у міністэрстве.

Правяраем. Паводле дадзеных партала tabletka.by (на 20 лютага), у аптэцы на вуліцы Каліноўскага ў Мінску віягра каштуе 224 тысячы рублёў, а ў аптэцы на вуліцы Налібоцкай, дзе многа навабудаў, — 146 000. Розніца ў 78 000 рублёў! Застаецца толькі парадавацца за сталых людзей і папулярнасці гэтага сродку.

Кроплі карвалолу (украінскай вытворчасці) у Мінску на вуліцы Каліноўскага каштуюць 5700 рублёў за бутэлечку, а на вуліцы Нёманскай — 3500.

А што з супрацьзачаткавымі? На вуліцы Налібоцкай супрацьзачаткавыя таблеткі “Ярына” — 200 тысяч за ўпакоўку, а на Каліноўскага — на 20 тысяч таннейшыя. Прэзерватывы ў Каменнай Горцы (12 штук) — 76 000,  а ў аптэцы ў раёне Зялёнага Лугу — на 30 000 рублёў таннейшыя.

Канечне, такое рынкавае фармаванне цэнаў не аксіёма. Але пакуль сітуацыя захоўваецца. У міністэрстве тлумачаць, як фармуецца цана на лекі, і адсылаюць да ўказа №366. Згодна з дакументам, гандлёвая надбаўка на  лекі цаной да 5 долараў не можа перавышаць 30% і не болей за 11% аптовай надбаўкі да адпускной цаны вытворцы. 

То бок некаторыя аптэкі могуць “накруціць” і 20%, і 25%, а некаторыя і ўсе 30% гандлёвай надбаўкі. І гэта не будзе парушэннем, бо ўсё па законе. У міністэрстве падкрэсліваюць, што цягам некалькіх месяцаў сітуацыя з цэнамі выраўняецца: ва ўсіх аптэках будуць лекі ўжо па новых цэнах. Пакуль вымываюцца старыя запасы.

У аддзеле лекзабеспячэння Міністэрства аховы здароўя заўважаюць, што рэгулярна манітораць цэны ў аптэках — як дзяржаўных, так і прыватных.

“Парушэнняў мы не знаходзілі яшчэ!” — кажуць у ведамстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі